Паляўнiчага, якi прапаў у Камянецкiм раёне, знайшлi ў зарослым калодзежы.
32-гадовы жыхар Камянца пайшоў на паляванне на качку ў другой палове дня, жонцы сказаў, што дома будзе каля сямi вечара. Калi малады чалавек не з'явiўся дома апоўначы, родныя сталi бiць трывогу. Першым у мiлiцыю аб прапажы пляменнiка паведамiў яго дзядзька, потым з такой жа заявай патэлефанавала жонка паляўнiчага.
У Камянецкiм РАУС стварылi некалькi пошукавых груп, бо сваякi Дзмiтрыя З. дакладна не ведалi, куды ён накiраваўся на паляванне. Як паведамiў намеснiк начальнiка Камянецкага РАУС Сяргей ПАНАСЮК, пошукi працягвалiся ўсю ноч, i каля чатырох ранiцы ў зарослым калодзежы каля вёскi Радасць знайшлi чалавека, якi стаяў па пояс у ледзяной вадзе.
Ён патлумачыў, што не заўважыў калодзеж у высокай траве i правалiўся. Выбрацца адтуль самастойна не змог, а мабiльны тэлефон на глыбiнi сем метраў не лавiў сетку. Яго паляўнiчы сабака пабегаў нейкi час вакол, а потым скочыў унiз да гаспадара. Так i стаялі чалавек i сабака ў спадзяваннi на дапамогу доўгiя дзесяць гадзiн.
Дзмiтрыя шпiталiзавалi з дыягназам пераахаладжэнне ў раённую бальнiцу. Як расказалi карэспандэнту газеты ў Камянецкай раённай арганiзацыi Беларускага таварыства паляўнiчых i рыбаловаў, зараз ён знаходзiцца на лячэннi. А таварышы гавораць, што ў кашулi нарадзiўся. Калi б ён прастаяў у вадзе даўжэй, наступствы для здароўя былі б яшчэ больш сур'ёзныя.
У гэтай арганiзацыi таксама наракалi на праблему закiнутых калодзежаў. На тым месцы, каля вёскi Радасць Вiдамлянскага сельсавета, некалi быў хутар. Дом даўно знеслi цi разабралi, а калодзеж застаўся. I такiх калодзежаў па Камянецкiм раёне застаецца нямала, сцвярджаюць паляўнiчыя.
Святлана ЯСКЕВIЧ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.