Вы тут

Акадэмія навук і БДТУ заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве


Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, адукацыі і падрыхтоўкі навуковых кадраў заключана паміж Нацыянальнай акадэміяй навук і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам.


Рэктар БДТУ, доктар тэхнічных навук Ігар ВОЙТАЎ упэўнены, што супрацоўніцтва дазволіць аб'яднаць практыка-арыентаваны змест адукацыі, характэрны для ўніверсітэта інжынерна-тэхналагічнага профілю, з фундаментальнай навукай. Універсітэту ёсць што прапанаваць акадэміі. У цяперашні час па даручэнні ўрада вядзецца работа па стварэнні на базе БДТУ тэхналагічнага кластара, які аб'яднае ўсе тэхналагічныя ўніверсітэты Беларусі, што дасць значны сінэргетычны эфект па распрацоўцы найноўшых тэхналогій.

Ужо сёння навукова-тэхнічны ўзровень структурных падраздзяленняў БДТУ дае магчымасць вырашаць складаныя тэхнічныя задачы. А з аб'яднаннем намаганняў вучоных Акадэміі і ўніверсітэта можна будзе разлічваць на распрацоўку прарыўных тэхналогій у многіх тэхналагічных сферах (лесахіміі, нафтахіміі, біятэхналогіях, фармацэўтыцы, будаўнічых, кампазітных матэрыялах, перапрацоўцы прамысловых і бытавых адходаў і шэрагу іншых).

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ падкрэсліў, што задачы акадэміі і БДТУ на перспектыву супадаюць, а па шэрагу напрамкаў універсітэт займае лідзіруючыя пазіцыі. Ён агучыў шэраг надзённых навуковых праблем на нацыянальным узроўні, якія маглі б сумесна вырашаць акадэмія і БДТУ. Гэта, па-першае, праблемы лесу. Неабходна заняцца аднаўленнем іглічных лясоў, якія адсоўваюцца на поўнач, і знакамітых беларускіх дуброў, якіх у цяперашні час амаль не засталося. Вырашыць пытанні барацьбы з ляснымі інфекцыямі.

Па-другое, застаюцца актуальнымі праблемы нафтахіміі і лесахіміі. У нафтахіміі — гэта глыбокая перапрацоўка нафты, якая забяспечыць і істотнае пашырэнне наменклатуры выпускаемых прадуктаў. У лесахіміі трэба распрацаваць тэхналогіі глыбокай дрэваапрацоўкі з улікам сусветнага вопыту і, перш за ўсё, скандынаўскіх краін.

Па-трэцяе, пытанні біятэхналогіі — распрацоўка біякамп'ютараў, біяробатаў, біяінтэлектуальных сістэм. Па-чацвёртае, найноўшае прымяненне біятэхнічнага сінтэзу ў фармакалогіі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ад біякамп'ютараў — да выратавання дуброў і лясоў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.