Вы тут

У Літве паспяхова прайшоў фестываль беларускага кіно


Ён праходзіў у чатырох гарадах — Вільнюсе, Клайпедзе, Шальчынінкаі і Вісагінасе. Арганізатарамі фестывалю выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» і Пасольства Беларусі ў Літве.


Поўныя залы гледачоў збірала камедыя «Белыя росы», якая ўжо стала легендарнай, у пастаноўцы рэжысёра Ігара Дабралюбава. З больш новых карцін з вялікай цікавасцю ўспрынялі фільм рэжысёра Аляксандра Бутара «Салодкае развітанне Веры», у якім разам з Паўлам Харланчуком-Южаковым, Сяргеем Жураўлём, Ганнай Палупанавай, Таццянай Баўкалавай, Аленай Сідаравай, Аленай Гіранок сыгралі і літоўскія акцёры Нэле Савічэнка-Клімене і Юозас Будрайціс.

Для юных гледачоў быў прыгатаваны прыгодніцкі фільм Алены Туравай «Кіндэрвілейскі прывід». Усе фільмы — вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Актывізацыі беларуска-літоўскіх культурных адносін, несумненна, спрыяў Дагавор аб супрацоўніцтве, які сёлета ў Вільнюсе падпісалі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і міністр культуры Літвы Шарунас Біруціс. У Дагаворы прадугледжана шырокая праграма супрацоўніцтва ў сферы культуры на 2016—2018 гады.

«Мы рады пашырэнню і паглыбленню літоўска-беларускіх культурных адносін. Мы абавязаліся дапамагчы арганізаваць мерапрыемствы, якімі будзем адзначаць важныя для абедзвюх дзяржаў гістарычныя падзеі, юбілеі выдатных асоб, як, напрыклад, 500-годдзе друкарні Францішка Скарыны. Мерапрыемствы з гэтай нагоды ў 2017 годзе пройдуць у абедзвюх дзяржавах, — сказаў Шарунас Біруціс. — Мы дамовіліся садзейнічаць развіццю прамых кантактаў у сферы музыкі, тэатра, музеяў, бібліятэк, культурнай спадчыны. Шмат мерапрыемстваў намечаны і ў галіне кінематагафіі. Акрамя штогадовага абмену Днямі кіно, нашым кінематографам будуць створаны ўмовы ўдзельнічаць у Мінску на міжнародных кінафестывалях «Лістапад» і «Анімаёўка», а беларускім калегам — прадстаўляць сваё кіно ў Вільнюсе на міжнародным кінафестывалі «Вясна кіно».

Сёлета фестываль беларускага кіно праходзіў у рамках праграмы Дзён культуры Беларусі ў Літве, якія яшчэ будуць доўжыцца да канца лістапада.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт «Звязды» ў Літве

Загаловак у газеце: Пры поўных залах

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.