Вы тут

Як жыве сёння невялічкі Ліван


Парламент Лівана з 46-й(!) спробы абраў новага прэзідэнта краіны, ім стаў ветэран ліванскай палітыкі 81-гадовы генерал Мішэль Аун. Эксперты спадзяюцца, што такім чынам будзе пакладзены канец палітычнаму крызісу ў краіне, выкліканаму завяршэннем прэзідэнцкага тэрміну папярэдняга кіраўніка дзяржавы Мішэля Сулеймана. Ліван 29 месяцаў жыў без прэзідэнта, бо галоўным палітычным сілам не ўдавалася прыйсці да кансэнсусу па прымальнай кандыдатуры. Нарэшце ў краіны з'явіўся рэальны шанц для вяртання ў эканамічныя лідары рэгіёна.


Пірог цывілізацый

Для таго, каб на свае вочы пазнаёміцца са шматвяковай гісторыяй чалавецтва, варта наведаць Ліван. Малюсенькую (агульная плошча — усяго 10 452 км2 (для параўнання: чацвёртая частка Гомельшчыны), па памерах краіна з'яўляецца 161-й у свеце) «зямлю запаветную». Дзяржава з яе ўнікальным размяшчэннем у Заходняй Азіі падобная на слоены пірог цывілізацый. Як быццам усе сусветныя культуры і рэлігіі прызначылі спатканне ў адным месцы — у розны час. У падмурках мячэці Аль-Амар — рымскі храм Юпітэра, пераўтвораны ў візантыйскую царкву, крыжакі ўзвялі храм у гонар Іаана Хрысціцеля, а мусульмане перабудавалі яго ў мячэць Фарух аль-Іслам («Перамога ісламу»).

Старажытная дзяржаўнасць, якую сімвалізуе велічны ліванскі кедр, нарадзілася 3 тысячы гадоў таму і бярэ адлік з заснавання знакамітых фінікійскіх гандлёвых гарадоў Цір і Сідон — найбуйнейшых мегаполісаў таго часу. Легендарная міжземнаморская Фінікія паспела пабываць у руках шматлікіх старажытных дзяржаў — Асірыі, Персіі, Македоніі, Рыма, Візантыі, і гэта далёка не поўны спіс. Багаты край невыпадкова прыцягваў да сябе ўвагу — ён знаходзіўся на стыку важных гандлёвых шляхоў, меў зручныя гавані, яго засялялі ўмелыя і прадпрымальныя людзі. Старажытны Ліван быў сапраўднай залатой жылай, бо яго жыхары стварылі велізарную для таго часу гандлёвую сетку, якая цягнулася праз усё Міжземнамор'е. А асобныя купецкія шляхі даходзілі нават да Брытанскіх астравоў.

Тэрыторыя Лівана ў складзе Вялікай Сірыі больш за 400 гадоў уваходзіла ў Асманскую імперыю. Пасля паражэння Турцыі ў Першай сусветнай вайне і распаду Асманскай імперыі ў 1918 годзе акупавана брытанскімі войскамі. Пасля была перададзена Францыі. У 1926-м Ліван стаў асобнай тэрытарыяльнай адзінкай, аднак пад кіраванннем адміністрацыі Французскага мандата Сірыі.

Як вядома, у чэрвені 1940 года Францыя была акупавана Германіяй. Ужо ў лістападзе ў Ліване прайшлі першыя выбары і сфарміраваны ўрад. У 1943 годзе краіна афіцыйна набыла незалежнасць.

Тады ж няпісаны «Нацыянальны пакт» усталяваў правіла, у адпаведнасці з якім прэзідэнтам Лівана павінен быць хрысціянін-марон, прэм'ер-міністрам — мусульманін-суніт, а спікерам парламента — мусульманін-шыіт.

У 1948 годзе Ліван удзельнічаў у першай араба-ізраільскай вайне. Пасля паражэння Арабскай вызваленчай арміі падпісаў з Ізраілем пагадненне аб спыненні агню. 100 тысяч арабскіх бежанцаў перабраліся ў Ліван. З 1956 года тут пачалі ўзмацняцца супярэчнасці паміж хрысціянамі і  усульманамі, якія выліліся ў маі 1958 года ў грамадзянскую вайну. Каб утрымаць уладу ў краіне, прэзідэнт Каміль Шамун звярнуўся па ваенную дапамогу да ЗША. Амерыканскія войскі знаходзіліся ў краіне з ліпеня па кастрычнік да поўнай нармалізацыі абстаноўкі.

У 1975 годзе ў Ліване пачалася другая грамадзянская вайна паміж мусульманскай і хрысціянскай групамі насельніцтва. Яна працягвалася 15 гадоў, разбурыўшы некалі квітнеючую эканоміку краіны, і забрала жыцці больш чым 150 тысяч жыхароў. Кровапраліцце спынілася ў 1990-м падпісаннем Таіфскіх пагадненняў. У 1976 годзе па просьбе тагачаснага ўрада на тэрыторыю краіны ўвайшлі сірыйскія войскі. Фактычная акупацыя працягвалася да 2006-га, нягледзячы на афіцыйныя патрабаванні прэзідэнтаў Лівана аб вывадзе вайсковых падраздзяленняў.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў Ліване наступіў нядоўгі перыяд адноснага спакою. Аднак стабілізацыя была перарвана ўрадавым крызісам, справакаваным забойствам экс-прэм'ера краіны Рафіка Харыры, гэта супала з вывадам з краіны сірыйскіх войскаў і ізраільска-ліванскім канфліктам у 2006 годзе. У 2011-м у Ліване разгарэлася супрацьстаянне паміж урадам і ісламістамі. А летась па краіне пракацілася хваля пратэстаў з-за бяздзейнасці ўрада і палітычнага крызісу, падчас якога парламент не можа абраць прэзідэнта.

Унікальная мадэль

Як сцвярджаюць аналітыкі, ліванская эканоміка — яскравы прыклад ліберальнай мадэлі, што характарызуецца адкрытай гандлёвай і інвестыцыйнай палітыкай, свабоднымі рынкавымі цэнамі, развітымі знешнеэканамічнымі сувязямі. Высокая рэпутацыя банкаўскага сектара спрыяла прызнанню Лівана ў якасці банкаўска-фінансавага цэнтра і «Швейцарыі» блізкаўсходняга рэгіёна. Краіна абрала ў сярэдзіне 1940-х гадоў шлях развіцця, які заснаваны на прынцыпах кропкавага дзяржаўнага ўмяшання ў эканоміку ў мэтах садзейнічання мясцоваму і замежнаму прыватнаму прадпрымальніцтву, прадастаўлення замежнаму капіталу роўных магчымасцяў з мясцовым капіталам і захавання ліберальнага валютнага і мытнага рэжыму.

У выніку грамадзянскай вайны 1975—1990 гадоў сур'ёзна пацярпелі многія галіны нацыянальнай гаспадаркі, была разбурана інфраструктура, падарваныя пазіцыі краіны як важнага эканамічнага, гандлёвага і банкаўскага цэнтра на Блізкім Усходзе.

Вайна прывяла да высокай знешняй запазычанасці, росту інфляцыі, хранічнага дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту.

Крэдыты і прыцягненне замежных інвестыцый спрыялі паскарэнню працэсу аднаўлення і рэканструкцыі інфраструктуры ліванскай эканомікі. Прыкметнаму росту шмат у чым паспрыяла рэалізацыя ўрадавага плана «Гарызонт-2000», накіраванага на аднаўленне краіны, на яго ўвасабленне спатрэбілася $18 млрд. Вынікі відавочныя — праз 10 гадоў пасля заканчэння грамадзянскай вайны — у пачатку 2000-х — краіна зноў пачынае займаць ключавое становішча ў гандлі і фінансава-банкаўскай сферы на Блізкім Усходзе.

Ліван адносіцца да нешматлікай групы дзяржаў свету, у якіх у сферы абслугоўвання і гандлю ствараецца больш за палову гадавога нацыянальнага даходу. Бейрут гістарычна развіваўся як міжнародны фінансавы цэнтр, куды сцякаліся сродкі, атрыманыя ад экспарту нафты з усяго Сярэдняга Усходу. Працяглыя гандлёвыя і культурныя сувязі як з еўрапейскімі, так і з арабскімі дзяржавамі дазволілі Лівану ператварыць гандаль у адзін з найважнейшых сектараў эканомікі.

З 1950-га па 1975-ты нацыянальны даход Лівана павялічваўся ў сярэднім больш, чым на 8% у год. Пасля 1975-га гэты паказчык знізіўся прыблізна да 4%. Гандаль і рынак паслуг займаюць 75% ВУП Лівана. Краіна лічыцца цэнтрам эканамічнага супрацоўніцтва і гандлю паміж еўрапейскімі, блізкаўсходнімі і афрыканскімі краінамі. Сектар рынку паслуг уключае ў сябе турызм, ІT-паслугі, банкаўскія і фінансавыя паслугі. Ліван становіцца фінансавым і банкаўскім цэнтрам арабскага свету.

Банкаўскі сектар краіны лічыцца адным з самых эфектыўных у свеце. Ліванскія банкі маюць неабмежаванае права пераводзіць любыя сумы ў любой валюце. Рахункі строга канфідэнцыйныя і могуць адкрывацца ў любых грашовых адзінках. Банкаўская тайна, уключаючы імёны кліентаў, звесткі аб іх актывах, аперацыях, якія праводзяцца, у адпаведнасці з ліванскім заканадаўствам не можа быць раскрытая ніякім адміністрацыйным, ваенным, судовым уладам або прыватным асобам. Выключэннем можа быць толькі адпаведнае асобнае рашэнне парламента краіны.

Дарэчы, рух капіталу на Блізкім Усходзе па большай частцы кантралюецца менавіта ліванскімі фінансістамі.

Падаткі ў Ліване традыцыйна нізкія. Заканадаўства краіны дазваляе без асаблівых цяжкасцяў ствараць розныя віды камерцыйных кампаній, уключаючы афшоры і холдынгі. Інвестарам прадастаўляюцца шырокія магчымасці ў розных галінах эканомікі, сярод якіх — турызм, сельская гаспадарка, будаўнічы і банкаўскі бізнес, транспарт, прамысловая вытворчасць.

На ўсходзе Міжземнамор'я

Ліван атрымлівае вялікую выгаду ад згуртаванай і прадпрымальнай дыяспары. Паводле асобных звестак, грашовыя пераводы ад ліванцаў за мяжой членам сваіх сем'яў складаюць $8,2 млрд — 1/5 частка эканомікі краіны. Кіраўнік аддзела даследаванняў і аналізу Byblos Bank Насіб Габрыль падлічыў, што ліванцы за мяжой дадаюць краіне больш чым $1400 на душу насельніцтва ў год. У 2011-м Ліван быў на чацвёртым месцы сярод 18 арабскіх дзяржаў па аб'ёме інвестыцый, якія склалі $4 млрд. У 2012 годзе прамыя замежныя інвестыцыі склалі $3,78 млрд, што зрабіла Ліван адным з найбуйнейшых іх атрымальнікаў у рэгіёне — трэцяе месца пасля ААЭ і Саудаўскай Аравіі.

Аднак сірыйскі крызіс аказвае вельмі негатыўнае ўздзеянне на ліванскую эканоміку. Дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту ў 2013 годзе дасягнуў 4 млрд долараў, тэмпы росту эканомікі ўпалі на 1,5%. Цалкам падарванымі аказаліся такія ключавыя артыкулы даходаў, як гандаль і турызм. Закрыццё транзітных шляхоў праз сірыйскую тэрыторыю рэзка знізіла ўзровень ліванскага экспарту і рээкспарту ў краіны Персідскага заліва, Ірак і Іарданію. Сірыйскія бежанцы складаюць ледзьве не палову (1,5 млн з 4 млн) насельніцтва невялікага Лівана. З-за вялізнага патоку перасяленцаў у краіне, дзе не хапае працоўных месцаў, растуць беспрацоўе і палітычная напружанасць.

Разам з тым, па паведамленнях ліванскай газеты «The Daіly Star», нягледзячы на вайну ў суседняй Сірыі, банкаўска-фінансавы сектар, захоўваючы сваю міжнародную рэпутацыю, працягвае развівацца ў станоўчым рэчышчы.

Ліван заплаціў высокую цану за грамадзянскую вайну, таму сёння дзяржава імкнецца мінімізаваць негатыўны ўплыў рэгіянальных палітычных канфліктаў, якія прадстаўляюць вялікую небяспеку для эканамічнага развіцця і дабрабыту краіны.

Сённяшні Ліван — даволі нестабільная дзяржава, якая фактычна знаходзіцца ў стане перманентнай грамадзянскай вайны. І гэта яе сённяшняе становішча амаль цалкам абумоўлена падзеямі другой паловы ХХ стагоддзя. Але ж пераканаць сунітаў, шыітаў і хрысціян на Блізкім Усходзе нешта зрабіць разам, тым больш падзяліць уладу, удалося толькі тут, у самай усходняй кропцы Міжземнага мора. Ліванцы з упартасцю, якая выклікае павагу, дзесяцігоддзямі шукаюць шлях да згоды. Цяпер у іх зноў з'явіўся шанц.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Шанц для «зямлі кедраў»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.