Вы тут

Святы Кірыла Тураўскі (каля 1130—1182) і яго жыццёвы шлях


Ягонае імя па праве называюць першым сярод усходнеславянскіх пісьменнікаў, і не таму, што ён сапраўды быў першым аўтарам сярод усходніх славян, а таму, што творчасць вытрымала праверку часам і жыццём, і дасюль яго творы — узор высокага мастацкага слова, непараўнальнага ўздыму натхнення.


Феномен Кірылы Тураўскага здзіўляе і цяпер і выклікае трапяткую пашану і ўдзячнасць. Ягоная творчасць не для будзённага чытання, гэта сакральныя словы павучання, урачыстыя гімны і малітвенныя звароты да Бога.

Вялікі паэт і асветнік нашага далёкага мінулага, ад якога нам дайшло так мала, «другі Златавуст, што ярчэй за ўсіх праззяў на Русі», як сказана ў ягоным Жыціі. Створанае Кірылам Тураўскім (казанні, прытчы, малітвы, «стиси»...) зачароўваюць духоўнай напоўненасцю, паэтычнасцю і гарманічнасцю, сімвалічнай вобразнасцю і багаццем метафар, лірызмам і філасофіяй. Ён усхваляў Бога, яго вялікую міласнасць да чалавека, павучаў вернікаў, каб яны не «умроша душевною смертию», даў ім узоры малітваў да Бога. «Мы ж, братове, станем пакорлівыя і паслухмяныя, будзем выконваць Божыя наказы кніг святых, у мудрасць іх паглыбляючыся; не п'яным розумам, а цвярозым умацуем жыццё з усімі ўміронымі праведнікамі». Перафразуючы выказванне святога Кірылы, пра яго скажам, што ён быў ратай слова, які ганарлівых і бязверных прыводзіў да духоўнага ярма.

З «Памяці святога айца нашага Кірыла, епіскапа Тураўскага» вядома, што Кірыла нарадзіўся ў Тураве — тагачаснай сталіцы Тураўскага княства, у сям'і багатых бацькоў, «але не ўзлюбіў багацця і марнае славы гэтага свету, а найбольш любіў вучэнне Боскіх кніг». Кажучы па-сучаснаму, ён быў інтэлектуал, які набраўся кніжнага розуму, бо гэта для яго «суть скровища вечныя жизни», але ж «не собе единому есть на спасение, но инем многым послушающим его». Свой дар Кірыла прысвяціў не асабістаму ўзвышэнню, а людзям, кіруючыся разуменнем яго прызначэння. На гэта ён указваў у адным са сваіх твораў: «и видев Господь гордый его ум, возмет Свой от него талант». Нядзіўна, што юнак ідзе ў манастыр, дзе выбраў жыццё стоўпніка — адасобіўся ў вежы-слупе і засяродзіўся там на малітвенным служэнні Богу. Ён выбраў свой шлях, як вызначыў у адным з твораў, «в разум истинный прийти и иных научити». Кірыла пісаў казанні, словы, гімны, прытчы, каноны, вершы, малітвы «карысныя душы». Ягоныя творы ў шматлікіх спісах разыходзіліся па ўсёй Русі. Па ягоных малітвах звярталіся да Бога, кляліся перад ім і прасілі дапамогі даравання за грахі. Слава пра «кніжніка з Турава» ішла шырокім розгаласам па Русі. Тураўцы разам са сваім князем прасілі кіеўскага мітрапаліта паставіць Кірылу тураўскім епіскапам. Мітрапаліт задаволіў іх жаданне.

Стаўшы тураўскім епіскапам, Кірыла «добра працаваў... дзеля Божай Царквы». Ён выступіў супраць ерасі нейкага Фядоркі-ерэтыка. Пэўна, гэта выкрыццё арыянства ў «Слове на сабор 318 святых айцоў». Філасофскім роздумам напоўнена «Прытча пра душу і цела». Гэта своеасаблівы трактат аб творчасці, адказнасці творцы за свае слова і талент, што павінны служыць Богу і людзям. Служэнне Кірылы выразна праявілася ў ягоных малітвах (да нас дайшло больш за 30).

Малітвы — вяршыня творчасці Кірылы Тураўскага. Сапраўдныя шэдэўры сакральнай літаратуры і разам са «Словам аб палку Ігаравым» вяршыня старажытнарускай літаратуры. Вось які трывалы падмурак заклаў святы Кірыла для нашага прыгожага пісьменства. «І цяпер малітвы яго могуць лічыцца найлепшымі з малітоўных твораў, што існуюць у царкоўным ужытку», — гэтае прызнанне, зробленае ў 1880 годзе епіскапам Мінскім і Тураўскім Яўгеніем, яшчэ раз пацвярджае факт прызнання за Кірылам Тураўскім такога высокага чыну, як «настаўнічы наш», «другі Златавуст, што ярчэй за ўсіх праззяў на Русі!», «свяціцелю, бо найсвятлейшым вучэннем сваім асвяціў землі Рускія!», «сонца, што асвятляе розумам Божым азмрочаных і цёмных!» Паміж гэтымі прызнаннямі ляжаць стагоддзі, але сутнасць іх аднолькавая.

Вельмі красамоўна, што цытаваныя ніжэй словы ўзяты з «Памяці», напісанай у часы татара-мангольскага ярма, калі, здаецца, чорная ноч назаўсёды апусцілася на Русь і малітвы Кірылы Тураўскага зрабіліся духоўнай падтрымкай вернікам. І веруючы ў сілу ягонага слова, аўтар «Памяці» просіць святога маліць Бога, «каб той пазбавіў нас бедаў і гора ад паганых бязбожных агаран, якія катуюць нас, і каб атрымалі мы міласць Яго і дараванне грахоў тваімі малітвамі, і асалоду добрасцяў вечных у наступным жыцці!»

Да творчай спадчыны Кірылы Тураўскага звярталіся і пазней. У 1569 годзе друкары Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў у Заблудаве надрукавалі ў «Евангеллі вучыцельным» ягонае «Слова на Ушэсце», а ў 1596 годзе ў Вільні братчыкі Віленскага брацтва Сашэсця Святога Духа выдаюць «Малітвы паўсядзёныя». Малітвы Кірылы Тураўскага па задуме выдаўцоў павінны былі падтрымаць праваслаўных вернікаў у цяжкі для іх час — увядзення Брэсцкай царкоўнай уніі на беларускіх і ўкраінскіх землях.

Быў ён паміж Богам і людзьмі пасрэднікам. Людзям нёс Боскае слова, навучаючы іх праведнасці, а да Бога прамаўляў высокай мовай чалавечай любові. Ён пісаў малітвы, каб людзі самі размаўлялі з Богам! І верылі праваслаўныя хрысціяне, што на нябёсах перад абліччам Бога святы Кірыла служыць ім: «Ты — нашыя анёльскія вусны на небе!»

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».