Вы тут

Жыццё і справы прадстаўніц роду Радзівілаў


Многія пакаленні даследчыкаў і аматараў беларускай гісторыі захапляюцца прыгажосцю і розумам Барбары Радзівіл, з задавальненнем чытаюць п'есы Францішкі Уршулі Радзівіл, глядзяць іх пастаноўкі ў тэатры, удзячна згадваюць мецэнацкую дзейнасць Магдалены Радзівіл. 

Як і ў кожнага ўплывовага роду, гісторыя магнатаў Радзвілаў мае два бакі: мужны, смелы, ваяўнічы — мужчынскі, і вытанчаны, захоплены, адданы — жаночы. Але лёс часам распараджаецца так, што жонкі, сёстры застаюцца ў цені сваіх знакамітых мужоў і братоў, а звесткі пра іх не менш значную працу па ўладкаванні палацаў, збіранні бібліятэк, літаратурную і асветніцкую дзейнасць губляюцца ў глыбіні стагоддзяў.


Пет­ра­не­ла Ра­дзі­віл.

Каб крыху выправіць гэтую несправядлівасць і пагутарыць пра не настолькі вядомыя і яскравыя імёны верных дочак і сужэнак Радзівілаў, у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» сабраліся даследчыкі гэтага знакамітага роду з Беларусі, Украіны, Польшчы. Тут прайшла канферэнцыя «Жанчыны ў гісторыі роду Радзівілаў».

— Для ўсіх жанчын у родзе Радзівілаў прыгожая і разумная Барбара была прыкладам, узорам, якому імкнуліся адпавядаць, — кажа доктар габілітаваны, прафесар Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах (Польшча) Марыола ЯРЧЫК, — Прадстаўнікі магнацкага роду бралі сабе ў жонкі і знатных асоб, і жанчын больш простага паходжання. Таксама не мела істотнага значэння веравызнанне будучай Радзівіліхі: жаніліся з праваслаўнымі, каталічкамі і пратэстанткамі. Існавала толькі досыць строгае правіла — забарона на шлюб паміж блізкімі сваякамі — стрыечнымі братамі і сёстрамі, але і яна часам парушалася.

Як расказала прафесар Ярчык, прыклад такога парушэння — саюз Ганны Марыі і яе стрыечнага брата, намнога старэйшага за яе Багуслава Радзівілаў. Маці і цётка Ганны Марыі былі знанымі прыгажунямі, таму з самага дзяцінства дзяўчынцы прарочылі прыгажосць і поспех у мужчын. Маці была каталічкай, але бацька — Януш Радзівіл схіляўся да пратэстантызму. Дзяўчынка рана страціла бацькоў: спачатку памерла маці, а калі Ганне Марыі было 15, не стала і бацькі. Менавіта з гэтага часу яна пачала актыўную перапіску са стрыечным братам Багуславам. Так паміж імі завязаліся цёплыя стасункі, а лісты жанчыны можна назваць не толькі помнікамі эпісталярнага жанру, але і часткова — літаратурнымі творамі. Сям'я была супраць іх саюза: прычынамі называлі блізкае сваяцтва і вялікую розніцу ва ўзросце. Аднак насуперак усяму шлюб усё ж адбыўся.

— Шлюб Ганны Марыі і Багуслава быў шчаслівым, але досыць кароткім, — кажа спадарыня Марыола. — Жанчына сама нібыта прадчувала раннюю смерць, баялася паўтарыць лёс маці — памерці пры нараджэнні дзіцяці. Але так і сталася, яна памерла праз некалькі тыдняў пасля нараджэння дачкі Людвікі Караліны.

Ган­на Ма­рыя Ра­дзі­віл.

Трагічнай можна назваць і гісторыю жыцця Петранелы Радзівіл, жонкі полацкага ваяводы Станіслава Давойны. Пра яе падчас канферэнцыі расказала малодшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка «Нясвіж» Ірына МІЛІНКЕВІЧ:

— На чатыры гады маладзейшая за каралеву Барбару, Петранела Радзівіл была не менш значнай асобай свайго часу. Яна была другой дачкой (з трох) Яна Радзівіла. Нарадзілася Петранела ў 1526 годзе, пра яе дзяцінства і юнацтва амаль што нічога невядома, але як прадстаўніца высокага роду яна, безумоўна, атрымала еўрапейскую адукацыю і выхаванне. У 1542 годзе нечакана памёр яе бацька.

Шаснаццацігадовую Петранелу Радзівіл у гэтым жа годзе (1542) выдаюць замуж за Станіслава Станіслававіча Давойну. Зразумела, шлюб стаў вынікам маёмасных разлікаў. Станіслаў Давойна ў маладосці служыў пры кіеўскім ваяводзе Неміровічу, удзельнічаў у барацьбе з татарамі і маскоўскім войскам. У 1528 годзе стаў каморнікам каралевы Боны, у 1530 — каралеўскім дваранінам. Хуткі кар'ерны рост павінен быў замацавацца і роднаснымі сувязямі. Што і здарылася дзякуючы шлюбу з Петранелай Радзівіл. Гэты шлюб прынёс яму добры пасаг. У 1542 годзе маладажоны з'яўляюцца ў Полацку.

Ігу­мен­ня Крыс­ці­на Яў­фі­мія Ра­дзі­віл.

— Станіслаў Давойна сумленна выконваў абавязкі ваяводы, — расказвае Ірына Мілінкевіч. — Багаты Полацк, дзякуючы добрым міжнародным сувязям, не застаецца ў баку ад заходніх павеваў, як культурных, так і рэлігійных. Можна меркаваць, што рэнесансная атмасфера закранула не толькі каралеўскі двор. Таму ў 1550-я гады быў заснаваны полацкі пратэстанцкі мяшчанскі збор, феадальнымі патронамі якога стала частка мясцовай шляхты. Невядома, ці была ў спісе прыхажан Петранела Радзівіл-Давойна, але можна выказаць здагадку, што яна, як і многія з яе родзічаў, падтрымлівала пратэстанскія ідэі.

Калі Іван Грозны захапіў Полацк, Станіслава Давойну разам з Петранелай і шляхтай выслалі ў Маскву. Цар спадзяваўся атрымаць за іх багаты выкуп. Пасля перамоў 1566 года полацкая шляхта была часткова абменена на рускіх палонных, а часткова выкуплена. Станіслаў Давойна намаганнямі вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста быў выкуплены ў 1567 годзе за 1000 злотых і абменены на рускага князя Васіля Цёмкіна, любімага апрычніка Івана Грознага. А што тычыцца Петранелы Радзівіл, яна памерла ў маскоўскім палоне ў тым жа годзе, калі муж быў адпушчаны на волю. Але гісторыя на гэтым не канчаецца. Негледзячы на тое, што Станіслаў Давойна потым яшчэ два разы быў жанаты, ён намагаўся вярнуць цела сваёй першай жонкі на родную зямлю.

Перамовы аб вяртанні цела Петранелы Радзівіл у абмен на цела Пятра Шуйскага вяліся да 1570 года. Пётр Шуйскі пасля захопу Полацка з'яўляўся там намеснікам цара і ваяводам. Пры бітве пад Чашнікамі ў студзені 1564 года быў забіты. Яго цела Мікалай Радзівіл Руды прывёз у Вільню, дзе яго і пахавалі ў праваслаўнай царкве. Абмен, нягледзячы на сабраныя Давойнам дакументы, так і не адбыўся. Сам Станіслаў у апошнія гады жыцця быў пасіўны, функцыі ваяводы выконваў намінальна і памёр праз пяць гадоў пасля смерці першай жонкі.

Ёсць у гісторыі роду Радзівілаў і манахіня-ігумення бернардзінскага манастыра. Жыццёваму лёсу Крысціны Яўфіміі Радзівіл прысвяціла свой даклад доктар габілітаваны, прафесар Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах (Польшча) Іаланта ГВЁЗДЗІК. Яна расказала, што Крысціна Яўфімія была дачкой Станіслава Радзівіла і ўнучкай Мікалая Радзівіла Чорнага. У дзяцінстве дзяўчынку аддалі на вучобу ў манастыр сясцёр бернардзінак, дзе яна вывучала духоўныя рукапісныя кнігі, цырымоніі і адметнасці веры. У 16 гадоў Крысціна Яўфімія паўстала перад выбарам — вярнуцца дадому і выйсці замуж ці застацца ў манастыры. Яна абрала другі шлях: здала прафесійны экзамен, ахвяравала манастыру свой багаты пасаг і засталася там працаваць. Крысціна Яўфімія кіравала 60 законніцамі, займалася гаспадарчымі справамі, вяла актыўную перапіску з багатымі сваякамі. Дарэчы, нягледзячы на тое, што Радзівілы былі прыхільнікамі пратэстантызму, яны ніколі не адмаўлялі ў грашовай дапамозе сваёй сваячцы-ігуменні каталіцкага манастыра.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Быць «Радзівіліхай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».