Вы тут

Прэзентавана кніга У. Ліхадзедава «Беларусь і мусульманскі свет»


Здаўна на Беларусі храмы з'яўляюцца не толькі рэлігійнымі, але і культурнымі, асветніцкімі цэнтрамі. Тут заўсёды віталася кніжнасць, павага да каранёў. Вось і новая саборная мячэць у сталіцы ў самы першы дзень работы сабрала не толькі вернікаў-мусульман на супольную малітву, але і інтэлектуалаў. Даследчыкі, кіраўнікі мусульманскіх абшчын з Беларусі, Расіі і Казахстана за «круглым сталом» абмеркавалі шырокую і грунтоўную тэму «Дыялог рэлігій і культур у святле сучасных тэндэнцый развіцця ісламу і выклікаў сённяшняга дня».


Падчас сустрэчы быў прэзентаваны дакументальны фільм «Міралюбівая рэлігія — іслам», а даследчык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў выстаўку старых фотаздымкаў і кнігу «Беларусь і мусульманскі свет».

— У Беларусі пражывае 100—120 тысяч мусульман, — кажа муфцій Беларусі Абу-Бекір ШАБАНОВІЧ. — Існуе меркаванне, што мова — аснова нацыі, няма мовы — няма і нацыі. Але гістарычна склалася так, што татары-мусульмане на Беларусі захавалі сваю ідэнтычнасць менавіта дзякуючы рэлігіі. Нашы продкі, якія жылі тут цягам больш як шасці стагоддзяў, страцілі мову яшчэ ў пачатку XV стагоддзя, праз два пакаленні. Можна сцвярджаць, нас захавала рэлігія, духоўнасць, гэта асноўны складнік, што падтрымліваў нашу ідэнтычнасць і адметнасць.

У Беларусі сёння існуе 26 мусульманскіх абшчын, працуе 12 мячэцяў. Пра гісторыю мусульманскай супольнасці ў нашай краіне можна даведацца са старонак кнігі Уладзіміра Ліхадзедава «Беларусь і мусульманскі свет». У мячэці, пабудаванай у сталіцы, адкрылася і аднайменная выстаўка фотаздымкаў. На старых выявах — мусульманскія храмы ў Іўі і Слоніме, Навагрудку і Мінску, на Смаргоншчыне і ў Клецку, многія з іх не захаваліся да нашых дзён. Муфцій адзначыў:

— Кніга Уладзіміра Ліхадзедава «Беларусь і мусульманскі свет» стала выдатным падарункам першым асобам арабскіх дзяржаў падчас афіцыйных візітаў Прэзідэнта Беларусі. Яна была прэзентавана ў бібліятэцы Кангрэса ЗША і атрымала высокую ацэнку. Выданне на рускай, англійскай, турэцкай мовах расказвае пра гісторыю татарскіх паселішчаў на Беларусі з XІV — XV стагоддзяў і да сённяшняга дня.

— Нашы землі заўсёды вызначаліся талерантнасцю і цярпімасцю да розных вераванняў. Тут мірна жылі хрысціяне, іўдзеі, мусульмане, усе лічылі Беларусь сваёй радзімай, — кажа даследчык Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ. — У кнізе «Беларусь і мусульманскі свет» можна пабачыць унікальныя фотаздымкі, сабраныя ў розных краінах. Кожнаму з іх — больш як 100 гадоў. Я знайшоў і сапраўдны ўнікат — фотаздымак з выявай адзінага мусульманіна, які жыў у Полацку ў пачатку ХХ стагоддзя. У цэлым, вывучэнне ісламскага свету ў Беларусі — вельмі складаная тэма, мала захавалася архіўных матэрыялаў, фотаздымкаў. Над кнігай працаваў вельмі доўга, але, мне падаецца, атрымалася сабраць сапраўды ўнікальныя выявы.

Уладзімір Ліхадзедаў расказаў, што сувязі Беларусі з мусульманскім светам ахопліваюць больш як 6 стагоддзяў гісторыі. Гэта пацвярджаюць знаходкі арабскіх манет, што датуюцца VІІ — VІІІ стагоддзямі. Але ў гэтай тэме ёсць яшчэ «белыя плямы». Так, не цалкам вывучаны гандлёвы шлях па Дзвіне ў Волгу, менавіта па ім нашы продкі гандлявалі з мусульманскім светам. Даследаванні працягваюцца, таму, думаецца, нас чакаюць новыя знаходкі і адкрыцці.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Жыць побач і ў міры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».