Вы тут

Чытачы: Прыемна, што мова ў «Звяздзе» правільная


Кожны прыезд карэспандэнтаў «Звязды» ў розныя беларускія мястэчкі падчас Дня падпісчыка поўніцца нечаканымі прыгодамі ды непрадбачанымі сустрэчамі. Усякі раз, сустракаючыся з чытачамі, адчуваеш прыемнае хваляванне і атрымліваеш задавальненне ад пытанняў людзей, іх цікаўнасці да газеты, зваротаў па падтрымку. Так здарылася і гэтым разам, падчас размовы ў Карэліцкім раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, куды прыйшлі людзі сталага ўзросту, якія займаюцца там у гуртках.


Вельмі парадавала, што нашы падпісчыкі застаюцца вернымі выданню. Калі, здараецца, не выпадае выпісаць «Звязду» своечасова, яны кажуць, што ходзяць чытаць яе ў бібліятэку. А ў цэнтры бабулям дапамагаюць «гартаць» найбольш цікавыя публікацыі на сайце — так і камп'ютар асвойваць прасцей.

Пагутарылі мы з карэліччанамі і пра беларускую мову. Жыхары ўспомнілі часы сваёй маладосці і цяжкасці, з якімі сутыкнуліся, калі ездзілі паступаць у сталіцу пасля вясковай школы. «Мы ж усё па-беларуску вучылі, і гаварылі на мове. Дык выкладчыкі пастаянна перапытвалі, бо не разумелі, што ім казалі. Пасля дзяцей сваіх мы ўжо стараліся да рускай мовы прызвычайваць. Але ж усё роўна «па-мясцоваму» гаворым, і наша пакаленне ўжо не пераробіш. І чытаць па-беларуску зусім не складана — наадварот, прыемна, што мова ў «Звяздзе» ды нашым раённым «Полымі» правільная, а не як у вуснай гутарцы бывае: слова па-беларуску, два па-руску. Думаем, мова ўсё ж такі вернецца ў штодзённы ўжытак».

Разважаючы пра былое, жыхары прыгадалі, што ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя Карэлічы былі вёска-вёскай, а цяпер «і дамы, і дарогі добраўпарадкаваныя, і выбар вялікі што на выданні, што на паслугі. І кіраўніцтва раёна ветлівае, ведае кожнага. Старшыня як сустрэне — абавязкова павітаецца, спытаецца пра жыццё».

Так неўзабаве ў размовах праляцела амаль гадзіна: жанчыны вярнуліся да сваіх заняткаў у гуртках, а мы накіраваліся на мясцовую пошту, дзе ўжо чакалі сапраўдныя чытачы нашай газеты і, магчыма, будучыя.

Ганне Запольскай параілі наведацца на пошту суседзі. 71-гадовая жанчына прыйшла да карэспандэнтаў «Звязды» расказаць пра сваё жыццё ды падзяліцца навінамі. Ужо доўгі час яна жыве ў «падменцы», якую Ганне Мікалаеўне выдзелілі пасля таго, як яе хата згарэла. Цяпер у часовым доме не працуе грубка і жыць немагчыма, сваякоў і дзяцей у пенсіянеркі няма... Жанчына некалькі гадоў жыла і працавала пры манастыры ў Жыровічах, а ў Карэлічы, дзе яна атрымлівае пенсію па месцы прапіскі, наведвалася час ад часу. Сёлета ж вырашыла асесці ў Карэлічах.

Яе праблему добра ведаюць і сацыяльныя, і камунальныя службы Карэліч. Тутэйшыя ўлады пайшлі насустрач адзінокай бабулі, калі даведаліся, што яна хоча застацца жыць у мястэчку. У панядзелак Ганна Запольская засялілася ў інтэрнацкі пакой, пры якім усе выгоды: маленькая ўласная кухня, ванна і туалет.

Вось так давялося яшчэ раз пераканацца, што праблемы ды пытанні маюць рашэнні — варта толькі расказваць пра іх і не маўчаць.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».