Нобелеўская лаўрэатка матэрыяльна падтрымала ідэю аб стварэнні музея.
Сусветна вядомая пісьменніца рэдка бывае дома. Цяпер яна зноў працягвае свой тур па замежных краінах. Але перад сваёй паездкай у Германію Святлана Алексіевіч не адмовіла карэспандэнту «Звязды» пагутарыць на тэму стварэння музея. А заадно падзялілася сваімі ўспамінамі пра Алеся Адамовіча.
— Я ведаю, што існуе мэта стварыць музей, і я падтрымліваю гэтую ідэю, — кажа яна. — У мяне быў цяжкі год, шмат паездак, але я заўсёды трымала ў свядомасці, што павінна ў гэтым удзельнічаць. Я ахвярую пяць тысяч долараў, ва ўсякім разе хоць пачнуцца будаўнічыя работы. Калі б кожны з нас, у каго грошай болей, чым у іншых, мог нешта зрабіць для памяці вялікага пісьменніка, мы б жылі зусім інакш. Мы чакаем нейкіх патуранняў дзяржавы, а дзе мы? Чаму мы нічога не робім самі? Гэтаму нам трэба вучыцца ў той жа Еўропы. Там, напрыклад, у месцы, дзе жыў пісьменнік, нават малавядомы, абавязкова адкрыюць музей і паставяць яму помнік. Там усё робіцца для захавання яго памяці, і нават у школах пра гэта гавораць. Ёсць такая культурная пераемнасць. Мы ж недаацэньваем, што такое памяць, што такое вялікі чалавек у нашай культуры.
Але нягледзячы на тое, што мы жывём у такі прамежкавы час, калі планка культурнага жыцця знізілася і ўсю прастору запоўніла матэрыяльная частка, калі людзі занятыя выжываннем, нейкімі матэрыяльнымі рэчамі, усё роўна трэба заставацца людзьмі, трэба назапашваць, як той казаў, айсберг культуры. Жыццё складаецца не толькі з матэрыяльных рэчаў, чалавекам чалавека робіць культура. Трэба чытаць эсэ Адамовіча, яго артыкулы, каб «пашырыць мазгі».
Патрэбны нейкі спіч да багатых людзей. Сёння яны наб'юць кішэні, а іх дзеці, нават калі паедуць вучыцца ў іншую краіну, усё роўна застануцца грамадзянамі гэтай краіны. Таму трэба думаць пра радзіму. Хоць бы адну-дзве справы зрабіце не толькі для сябе, але і для краіны.
— Наколькі вам блізкая тэма Адамовіча і наогул гэты пісьменнік?
— Адамовіч — гэта мой настаўнік. На маю думку, Адамовіч — самы інтэлектуальны чалавек у нашай літаратуры, ва ўсялякім разе я вельмі рада, што ён паставіў мне, вобразна кажучы, машыну мыслення, у яго я вучылася шматлікім рэчам.
— А якім вы запомнілі Адамовіча? Можа, узгадаеце нейкі эпізод?
— Алесь Адамовіч быў дзіўны чалавек. Мы пазнаёміліся, калі выйшла кніга «Я з вогненнай вёскі». Я якраз працавала ў «Сельскай газеце», і мне далі заданне зрабіць з ім інтэрв'ю. Я патэлефанавала дамовіцца аб сустрэчы і зусім нечакана пачула: добра, я да вас забягу. А я думала, што ён, такі мэтр, запросіць кудысьці прыйсці. Ён сапраўды забег у рэдакцыю пасля абеду, і мы з ім пагутарылі. Праз некаторы час перадала яму інтэрв'ю, ён прачытаў і прызнаўся: «Я калі ўбачыў вас, такую маленькую, падумаў: ну што гэта дзяўчынка напіша? Вазьму ўсё і перапішу». Але інтэрв'ю яму спадабалася. З тых часоў мы сталі сябраваць. Гэта былі ўрокі духоўныя. Ён не вучыў мяне пісаць, ён вучыў мяне мысліць. Гэты чалавек вельмі паўплываў на мяне.
— І які ўрок быў самым важным?
— Духоўная асоба складаецца з агульнага поля, агульных уражанняў, яна больш моцная. А вось тое, што я не змагу рабіць так, як ён, — гэта яго дэмакратычнасць. Яму мог патэлефанаваць нейкі малады рэжысёр, і ён бег глядзець зусім нікому не вядомых дзяцей дзесьці на новабудоўлі. У яго кабінеце заўсёды было ўсё завалена, ён чытаў нейкія рукапісы. У гэтым плане ён быў зусім безадмоўным. Гэта дэмакратычнасць таксама для мяне вялікі ўрок.
А мы нагадваем: дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама, р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», код 760 г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча».
Падтрымаем добрую ініцыятыву!
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.