20 Верасень, чацвер

Вы тут

Жыццёвы шлях каменданта Масквы Кузьмы Сiнiлава


Савецкi час вызначаўся адной, сапраўды фенаменальнай уласцiвасцю — уменнем забываць. Жыве сабе чалавек — дзейсны, паважаны i шанаваны ў грамадстве i ўладай. Iмя ва ўсiх на слыху. I раптам: няма чалавека. I нiякiх табе тлумачэнняў, каментарыяў. Як быццам i не было яго зусiм.

Яскравы прыклад — Кузьма Раманавiч Сiнiлаў.

Усё жыццё, як сцвярджаў савецкi пастулат, «быў аддадзены справе партыi i ўрада», нiколi не знаходзiўся нi ў якiх апазiцыях, нi да каго не прымыкаў, нiкому не здраджваў. Калi i «вагаўся», то толькi з лiнiяй партыi. Але аднойчы здарылася тое, што адбывалася ў тыя гады з усялякiм больш-менш прыкметным чалавекам — ён стаў не патрэбны. Нi гэтай самай партыi, нi таму ж ураду.

I хоць да таго часу (восень 1953-га) у краiне наступiла «адлiга», не было ўжо славутага «культу асобы» i сам яго натхняльнiк пакiнуў гэты свет, з Сiнiлавым паступiлi па ранейшых, адпрацаваных правiлах — выкiнулi як непатрэбную рэч, якая сваё адслужыла.


Першыя ўнiверсiтэты: у парабках

Кузьма Раманавiч Сiнiлаў нарадзiўся ў богам забытай беларускай вёсцы Бывалькi Лоеўскай воласцi Рэчыцкага павета ў 1902 годзе. Сям'я, якая складалася з сямi чалавек, мела ўсяго паўтары дзесяцiны зямлi: паўдзесяцiны ворнай i дзесяцiну сенакосных угоддзяў. Сена ледзь хапала, каб пракармiць зiмой каня i карову. Свой хлеб добра калi меўся да Каляд. Таму бацька Раман Сiнiлаў i старэйшы брат Вiктар, як толькi пачынаў звiнець вясновы капеж, сыходзiлi з вёскi на заробкi — сплаўляць лес.

Лес сплаўлялi па малых рэках да iх вусцяў (на Бярэзiну цi Прыпяць), там вязалi плыты, а затым гналi iх на Днепр i далей — унiз, часам да самага Кiева. Вярталiся ў вёску звычайна позняй восенню. У летнi гарачы час вясковай гаспадаркай кiравала мацi. Яна сама арала, сеяла жыта i авёс, касiла сена. У палявых работах ёй дапамагалi меншыя дзецi — Кузьма i Марыя. Зiмой Кузьма вучыўся ў трохкласнай сельскай школе. У дзевяць гадоў хлопец ужо батрачыў у мясцовых кулакоў. Спачатку пасвіў жывёлу, а калi падрос, стаў араць зямлю, касiць траву, малацiць збожжа на таку, секчы дрэвы ў лесе. Дарослых парабкаў у тую пару ў вёсцы амаль не засталося, iх мабiлiзавалi ў армiю — iшла першая сусветная вайна.

У 1916 годзе ў Лоеве пачалося будаўнiцтва драўлянага маста праз Дняпро. На будоўлю сагналi сотнi мясцовых жыхароў. У iх лiку апынуўся i Казьма (так яго звалi ў вёсцы) Сiнiлаў — рослы, фiзiчна моцны чатырнаццацiгадовы падлетак. Вазiў на тачцы грунт для насыпу, падносiў бярвёны i дошкi.

На будаўнiцтве пераправы Кузьма прарабiў да позняй восенi сямнаццатага года. Гэты перыяд адыграў у яго жыццi вельмi вялiкую ролю. Юнак спазнаў, што такое сумесная праца, сустрэў шмат новых для сябе людзей — гарадскiх майстравых. Ад некаторых з iх пачуў смелыя прамовы: пра тое, што трэба пакончыць з вайной, што вось добра — скiнулi цара, трэба ўзяцца i за памешчыкаў, зямлю аддаць сялянам... Тут, на будоўлi, Кузьма даведаўся i пра тое, што ў Петраградзе рабочыя, матросы i салдаты ўзялi ўладу ў свае рукi, стварылi новы, рабоча-сялянскi ўрад на чале з Ленiным.

З гэтай весткай юнак вярнуўся ў роднае сяло. «А хто такi Ленiн?» — пыталiся яго сябры, вясковыя хлопцы. Што ён мог адказаць? I сам толкам не ведаў, хто такi Ленiн, хто такiя бальшавiкi.

Неўзабаве да вёскi дайшлi чуткi, што ў Рэчыцу, ды, як быццам бы i ў Лоеў, прыйшлi немцы, адбiраюць у сялян жывёлу i хлеб. Мужыкi захвалявалiся i, калi прыйшла вясна, вырашылi схаваць быдла ў лясным урочышчы. Пасвiць грамадскi статак даручылi некалькiм маладым хлопцам, у тым лiку i Сiнiлаву.

Вярнуўся Кузьма са статкам у сяло перад першым снегам. Да таго часу салдаты-франтавiкi арганiзавалi тут групу самаабароны для аховы вёскi i абароны сялян ад рабаванняў нямецкiх рэквiзiцыйных атрадаў. Кузьма ўступiў у атрад. Яму выдалi вiнтоўку-драгунку i пятнаццаць патронаў, сталi, як i iншых, пасылаць на дзяжурства, па-вайсковаму — «у нарад». Не маючы цёплага абутку i адзення, Кузьма мёрз у нарадах за ваколiцай вёскi, але трываў, чым набыў павагу бывалых салдат, якiя хапiлi нямала лiха за чатыры гады акопнага жыцця.

Неяк ноччу атрад самаабароны вёскi Бывалькi сышоў у Лоеў. Кузьму, аднак, з сабой не ўзялi. Патлумачылi:

— Куды ты, разуты i распрануты, пойдзеш у мароз?!

Як нi горка было Кузьме, але, што зробiш, давялося застацца дома. Праз тыдзень ён даведаўся, што вясковы атрад улiўся ў часць Чырвонай Армii i пайшоў на фронт.

Гістарычны парад 7 лістапада 1941 г.

Чырвоная Армiя дала пуцёўку

«Толькi з надыходам цяпла, увесну 1919 года, — пiсаў Кузьма Раманавiч пазней у аўтабiяграфii, — напаўраспрануты i басанож сышоў я добраахвотна ў Чырвоную Армiю i ўступiў у асобны батальён Асаблiвага корпуса войск Надзвычайнай Камiсii».

Мара здзейснiлася. Першы месяц малады чырвонаармеец вучыўся хадзiць у страi, разбiраць i збiраць вiнтоўку, страляць, дзейнiчаць штыком i прыкладам, кiдаць гранату.

Часу на вывучэнне ваеннай справы не хапала. Чырвонаармейцы займалiся ўрыўкамi памiж аблавамi на бандытаў i начным патруляваннем вулiц.

Баявое хрышчэнне чырвонаармеец Кузьма Сiнiлаў прыняў у суседняй Украiне ў сутычках з пятлюраўцамi, кулацкiмi мяцежнiкамi з банд Ангела i Зялёнага. Ужо тады Сiнiлаў зарэкамендаваў сябе адважным i рашучым салдатам.

У канцы лiпеня чэкiсцкi батальён быў накiраваны на фронт. У цяжкiх абарончых баях з белагвардзейцамi зноў вызначыўся хлопец. За смеласць i кемлiвасць ён быў прызначаны памочнiкам камандзiра ўзвода.

Вясной 1920 года Кузьма Сiнiлаў у складзе чэкiсцкага батальёна адважна ваяваў супраць белапалякаў на Мазырскiм напрамку. Ужо летам камандзiр батальёна запрасiў Кузьму ў сваю зямлянку для сур'ёзнай размовы. Камбат павёў гаворку пра тое, што хоць белапалякаў i пагналi з Мiнска, але ваяваць яшчэ давядзецца за Савецкую ўладу доўга — i на захадзе, i на поўднi, i на ўсходзе, што Чырвонай Армii патрэбныя свае кадравыя камандзiры з рабочых i сялян. Спачатку Сiнiлаў не зразумеў, да чаго хiлiць камбат, але, калi той сказаў, што ёсць магчымасць адправiцца вучыцца на камандныя курсы, з радасцю пагадзiўся.

Праз дзесяць дзён ён ужо быў залiчаны на Другiя Маскоўскiя пяхотныя курсы. Шэсць месяцаў напружанай вучобы праляцелi хутка. Наблiжаўся выпуск курсантаў, прызначаны на 23 лютага 1921 года, — Дзень Чырвонай Армii. Але напярэдаднi гэтай падзеi Кузьму Сiнiлава ў лiку некалькiх iншых курсантаў-франтавiкоў адкамандзiравалi для працягу вучобы ў Першую савецкую аб'яднаную школу РСЧА iмя УЦВК.

Большасць крамлёўскiх курсантаў былi, як i Сiнiлаў, маладымi людзьмi, якiя, аднак, прайшлi школу франтоў грамадзянскай вайны. Разам з ваеннымi дысцыплiнамi курсанты вывучалi i агульнаадукацыйныя: рускую мову, матэматыку, геаграфiю, гiсторыю, грамадазнаўства. Для курсантаў, якiя, як i Сiнiлаў, валодалi граматай самае большае ў аб'ёме трох класаў, гэта было проста неабходна.

Кузьма аказаўся ўпартым i працавiтым. Каб папоўнiць недахоп агульнай адукацыi, ён усе вольныя гадзiны (а iх было мала, шмат часу займала каравульная служба, кавалерыйская падрыхтоўка i догляд за канём) аддаваў заняткам па самападрыхтоўцы.

Дысцыплiнаваны, прыкладны ў вучобе курсант быў у канцы першага навучальнага года прызначаны старшым па класе. Камандаванне кавалерыйскага дывiзiёна рэкамендавала «курсанта Сiнiлава К. для нясення каравульнай службы на найбольш адказных пастах аховы Крамля», у тым лiку i на пасту № 27, ля дзвярэй крамлёўскай кватэры Уладзiмiра Iльiча Ленiна.

У сваiх успамiнах Кузьма Раманавiч расказаў пра тое, што яму давялося не раз стаяць на пасту ля кватэры Ленiна, бачыць кiраўнiка Саўнаркама i нават размаўляць з iм:

— Калi iшоў упершыню вартавым на пост № 27, вельмi хваляваўся. Пост гэты знаходзiўся ў канцы скляпенчатага калiдора. Змянiў я ранейшага паставога i застаўся адзiн. А мозг свiдруе адна думка: пазнаю я Ленiна цi не? Да гэтага бачыць мне яго не даводзiлася. Прайшло паўгадзiны, можа, больш. Бачу, iдзе па калiдоры сярэдняга росту, каржакаваты, рыжаваты чалавек у чорным гарнiтуры, пры гальштуку. Хутка так iдзе. Падышоў, кажа:

— Добры дзень, таварыш.

Паказвае пропуск i пытаецца:

— Першы раз на гэтым пасту?

— Першы, — кажу, — таварыш Ленiн. (У тым, што гэта — ён, я ўжо не сумняваўся...)

У iншы раз Ленiн, павiтаўшыся — а ён заўсёды вiтаўся з вартавымi, — спынiўся i спытаў:

— Як вучыцеся, таварыш?

— Стараюся не адставаць, хоць i цяжка мне, Уладзiмiр Iльiч.

— А чаму цяжка?

— Агульных ведаў мала, адукацыя — тры няпоўныя класы сельскай школы.

— Дык вы з сялян? Адкуль прыбылi?

— З Гомельскай губернi Рэчыцкага павета.

Ленiн пацiкавiўся, што пiшуць з вёскi. Я расказаў. Уладзiмiр Iльiч падзякаваў, а развiтваючыся, падбадзёрыў мяне: цяжкасцяў у вучобе не бойцеся, было б жаданне вучыцца.

На ўсё жыццё Кузьма Раманавiч запомнiў гэтыя словы...

У 1924 годзе адбылiся выпускныя экзамены. Кузьма Ciнiлаў скончыў школу па першым разрадзе. З нагоды выпуску чырвоных камандзiраў адбыўся парад школы на Краснай плошчы. Прымаў парад сам старшыня ЦВК М.I. Калiнiн. Усесаюзны стараста цёпла павiншаваў выпускнiкоў. У сваiм наказе чырвоным камандзiрам Мiхаiл Iванавiч сказаў:

— Нi далёкасць адлегласцi, нi перашкоды да зносiн з роднымi, нi вашы асабiстыя iнтарэсы не перашкодзяць вам заўсёды выконваць свой доўг. Думка, што вы служыце сусветнаму пралетарыяту, будзе заўсёды вас аб'ядноўваць, дасць вам магчымасць, дзе б вы нi былi, усведамляць сябе членамi пралетарскай сям'i... Кузьму Сiнiлава асаблiва кранулi словы «нi далёкасць адлегласцi» i «дзе б вы нi былi». Яму здавалася, што з гэтымi словамi Калiнiн звяртаецца асабiста да яго, Сiнiлава, якi атрымаў прызначэнне на Далёкi Усход.

Парад Перамогі 24 чэрвеня 1945 г.

Ад Забайкалля да Запаляр'я

Спачатку яго баявое майстэрства выкоўвалася ў радах легендарнай АЧДУА — асобай Чырванасцяжнай Далёкаўсходняй армii. Малады, адважны камэск паспяхова праявiў сябе падчас канфлiкту на Кiтайска-Усходняй чыгунцы, за ўмелыя i рашучыя дзеяннi, а таксама за асабiстую мужнасць i адвагу быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Прадстаўленне падпiсаў камандарм Васiль Блюхер.

Сустрэлася i спадабалася Кузьме стройная смуглявая дзяўчына Рая Бондар. I Раi прыйшоўся па душы падцягнуты чырвоны кавалерыст. Маладыя людзi пакахалi адзiн аднаго. Кузьма стаў наведваць домiк у прыстанцыйным пасёлку, пазнаёмiўся з бацькам Раi i братамi, што працавалi на чыгунцы. З добрай згоды родных Кузьма i Рая ў 1925 годзе пабралiся шлюбам. За вясельным сталом Сiнiлаў, каб не пакрыўдзiць сваякоў нявесты i гасцей, выпiў адзiную ў сваiм жыццi чарку разведзенага спiрту. Да i пасля вяселля, як пiшацца ва ўспамiнах, ён нiколi не пiў нiчога са спiртнога i не курыў.

У снежня 1927 года Кузьму Сiнiлава прызначаюць камандзiрам эскадрона 81-га Забайкальскага палка той жа брыгады. Турбот i клопатаў па службе разам прыбавілася.

Раiса Фёдараўна, як i ўсе жонкі камандзiраў, ведала, што калi муж без папярэджання не вярнуўся да ночы дахаты, значыць, на мяжы неспакойна, значыць, эскадрон, а то i ўвесь полк па трывозе пайшоў у паход.

Баявая i палiтычная вучоба, доўгiя пераходы па Усурыйскай тайзе, iмклiвыя пагонi i жорсткiя сутычкi з парушальнiкамi мяжы — такiя былi службовыя буднi кавалерыстаў-далёкаўсходнiкаў. У iх гартавалася воля Сiнiлава, адточвалася яго воiнскае майстэрства. У чарговай атэстацыi камандзiр палка адзначае, што «тав. Сiнiлаў у паходах вынослiвы», што «эскадрон Сiнiлава — лепшы ў брыгадзе».

У лiстападзе 1928 года К.Р. Сiнiлаў «за дасягненнi ў баявой падрыхтоўцы эскадрона, праяўленую iнiцыятыву i смеласць у баявых аперацыях» атрымаў чарговую ўзнагароду. Яму ўручылi ганаровую баявую зброю — пiсталет сiстэмы «маўзер».

За доўгiя месяцы разам з памежнiкамi Кузьме Раманавiчу спадабалася iх служба. На многiх заставах у яго з'явiлiся добрыя сябры i таварышы. У канцы 1930 года К.Р. Сiнiлаў пераходзiць у памежныя войскi АДПУ. Спачатку ён служыць камандзiрам кавалерыйскага дывiзiёна, затым прызначаецца памочнiкам камандзiра 9-га палка войск АДПУ.

Да свайго трыццацiгоддзя Кузьма Раманавiч прыйшоў вопытным кадравым камандзiрам. У 1933-м камандаванне войскаў АДПУ Усходне-Сiбiрскай акругi рэкамендавала К.Р. Сiнiлава на вучобу ў Ваенную акадэмiю РСЧА iмя М.В. Фрунзе, якую ён блiскуча, з дыпломам першай ступенi, скончыў у 1936-м. У яго атэстацыi гаварылася: «К.Р. Сiнiлаў — валявы i рашучы камандзiр, добра разбiраецца ў аператыўна-тактычнай абстаноўцы. Да работы ў войсках падрыхтаваны выдатна».

Тым часам японцы рыхтавалiся да новых правакацый на мяжы.

8 лютага 1939 года Галоўнае ўпраўленне пагранiчных войск iнфармавала НКУС СССР: «Па дадзеных пагранатрада тав. Сiнiлава, японцы рыхтуюць на сухапутным участку пагранатрада правакацыю сiламi пяхотнага батальёна, дыслакаванага ў Маньчжурыi, пры падтрымцы мотамехчасцей. Нашы пагранiчныя атрады прыведзены ў баявую гатоўнасць на небяспечным участку, мяжа ахоўваецца ўзмоцненымi нарадамi; за маньчжурскай тэрыторыяй вядзецца камандзiрскае назiранне».

Пасля лютаўска-сакавiцкiх правакацый на Забайкальскай мяжы, якiя мелi мэтай адцягнуць увагу ад падрыхтоўкi ўдару супраць МНР, японцы ў маi справакавалi ваенны канфлiкт на мяжы з Мангольскай Народнай Рэспублiкай у раёне ракi Халхiн-Гол. Вядома i чым скончылася гэтая правакацыя. Часцi Чырвонай Армii i Народна-рэвалюцыйнай армii МНР ушчэнт разбiлi тут войскi мiлiтарыстаў.

Кузьма Сiнiлаў у гэтых падзеях ужо не ўдзельнiчаў. Яго тэрмiнова выклiкалi ў Маскву.

Сталiца сустрэла яго шматлюднасцю, шумам i гоманам, ад якiх за два гады ў Забайкаллi паспеў адвыкнуць. Ён пагуляў па вулiцы Горкага. За гмахам новага Дома Саўнаркама выраслi агромнiстыя карпусы жылых дамоў. Калi Сiнiлаў ад'язджаў з Масквы, яны яшчэ толькi будавалiся. Кузьма Раманавiч падняўся да Пушкiнскай плошчы. На будынку «Известий», абганяючы адна адну, беглi, складаючыся ў словы i фразы, лiтары светлавой газеты. Прачытаўшы некалькi апошнiх паведамленняў, Сiнiлаў нахмурыўся. Навiны былi трывожнымi. Сапраўды, небяспека вайны ў Еўропе да пачатку 1939 года значна ўзмацнiлася. Фашысцкая Германiя акупавала Чэхiю, справакавала данцыгскi iнцыдэнт, пагражаючы Польшчы, захапiла лiтоўскую Клайпеду. Урад Фiнляндыi, якi рухаўся ў фарватэры фашысцкай палiтыкi, пачаў ваенную падрыхтоўку ля мяжы з СССР.

Першага красавiка палкоўнiк К.Р. Сiнiлаў адбыў да месца сваёй новай службы — у Мурманск.

Ваеннае сутыкненне з Фiнляндыяй было непазбежным. Справа да гэтага iшла ўжо даўно. Пазней Сiнiлаў так дакладваў камандаванню:

«Яшчэ з вясны 1939 года фiны ўзмоцнена прыступiлi да ваенiзацыi цывiльнага насельнiцтва ў памежнай паласе, актывiзавалася антысавецкая прапаганда. Ваенныя i iншыя мерапрыемствы фiнскага ўрада ў памежнай паласе з незвычайнай хуткасцю ўзмацнiлiся пасля таго, як Чырвоная Армiя перайшла савецка-польскую мяжу». Фiнляндыя, перапынiўшы перамовы з Савецкiм Саюзам аб змене лiнii праходжання мяжы пад Ленiнградам, правяла ўсеагульную мабiлiзацыю i разгарнула свае войскi на мяжы з СССР. У канцы лiстапада пачалася вайна.

Спецыяльна сфармiраваная пагранiчная рота разам з часцямi Чырвонай Армii i караблямi Паўночнага флоту ўжо 1 снежня 1939 года вызвалiла Пячэнгу. У перыяд актыўных дзеянняў памежнiкаў Сiнiлаў i камiсар акругi Скарадумаў, абодва выдатныя спартсмены, прайшлi на лыжах амаль па ўсёй мяжы акругi, пабывалi на ўсiх сухапутных заставах. Як успамiнаў камiсар, Кузьма Раманавiч «дзясяткам разведвальных груп, якiя адпраўлялiся з застаў у глыбокi тыл працiўнiка, асабiста ставiў баявую задачу, старанна iнструктаваў, звяртаючы асаблiвую ўвагу на арганiзацыю баявога ахоўвання ў паходзе i на прывалах, захаванне здароўя i жыцця асабовага складу, патрабаваў хуткай, неадкладнай перадачы сабраных разведдадзеных».

Вайна з фiнамi завяршылася вясной 1940 года. Перад памежнiкамi Запаляр'я i iх начальнiкам К.Р. Сiнiлавым, якому ў хуткiм часе было прысвоена генеральскае званне, былi пастаўленыя чарговыя важныя задачы: арганiзацыя аховы новай мяжы на паўастравах Сярэднiм i Рыбачым, на Кандалакшскiм напрамку, фармiраванне новых атрадаў i застаў. I зноў будаўнiцтва, будаўнiцтва, будаўнiцтва...

Гэтыя задачы былi таксама паспяхова вырашаны. Генерал-маёр Сiнiлаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi.

Прыбыццё ў Маскву прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі У. Чэрчыля. Злева-направа: У.Р. Дзеканозаў, В.М. Молатаў, К.Р. Сінілаў, Б.М. Шапашнікаў. 1942 г.

Ваенны камендант

Кажуць, мяжа — гэта барометр адносiн памiж суседнімі дзяржавамi. Пачынаючы з мая 1941 года стрэлка гэтага барометра няўхiльна перамяшчалася да адзнакi «бура».

У Музеi памежных войскаў захоўваецца характэрны дакумент. «Агляд баявых дзеянняў пагранвойскаў Мурманскай акругi з 22.6 па 1.12 1941 года». У аглядзе, у прыватнасцi, гаворыцца, што з 7 лiпеня па 1 снежня памежныя часцi акругi здзейснiлi 70 рэйдаў па тылах працiўнiка, у тым лiку ў складзе палка (пагранатрада) тры рэйды, у складзе батальёна — шэсць i ў складзе роты — дванаццаць. На глыбiню звыш 200 кiламетраў ажыццёўлены два рэйды, ад 100 да 200 кiламетраў — тры рэйды, ад 60 да 100 кiламетраў — 65 рэйдаў... Як успамiнаў затым Сiнiлаў, трэба было прымусiць немцаў пастаянна дрыжэць за свой тыл. Нашы памежнiкi, якiя прывыклi дзейнiчаць дробнымi групамi i самастойна вырашаць баявыя задачы, былi добра падрыхтаваны для дзеянняў у варожым тыле лепш, чым хто-небудзь.

У жнiўнi 1941-га Кузьму Раманавiча выклiкалi ў Маскву. Тут яму даручылi фармiраванне 2-й асобнай дывiзii спецыяльнага прызначэння войск НКУС. У дывiзiю ўвайшлi асобныя часцi i навучальныя ўстановы пагранiчных i ўнутраных войск, раскватараваных у Маскве i Падмаскоўi, у тым лiку Вышэйшая пагранiчная школа, Пагранiчнае вучылiшча iмя В.Р. Мянжынскага, часцi па ахове прамысловых прадпрыемстваў i iншыя. Байцы дывiзii неслi гарнiзонную службу, ахову парадку i абаронных аб'ектаў.

Восенню 1941 года вораг выйшаў на дальнiя подступы да Масквы. Над сталiцай навiсла грозная небяспека. Па рашэнні Дзяржаўнага Камiтэта Абароны пачалася эвакуацыя з горада заводаў, навуковых i культурных каштоўнасцяў, залатога запасу. Гэтыя мерапрыемствы праводзiлiся хутка. Але разам з арганiзаванай эвакуацыяй пачалiся i стыхiйныя ўцёкi часткi насельнiцтва, якое паддалося правакацыйным чуткам, што распаўсюджвалiся варожай агентурай, аб нiбыта немiнучай здачы Масквы.

Часцi дывiзii Сiнiлава трымалi парадак у горадзе. Але ў сталiцы па-ранейшаму было трывожна. Немцы цяпер здзяйснялi паветраныя налёты не толькi па начах, але i днём, што ўзмацнiла трывогу жыхароў. 17 кастрычнiка па Маскоўскай гарадской радыёсетцы выступiў сакратар Цэнтральнага i Маскоўскага камiтэтаў партыi Аляксандр Сяргеевiч Шчарбакоў. Ён растлумачыў масквiчам складанасць становiшча на Заходнiм фронце, вымушанасць i мэтазгоднасць эвакуацыi. Разам з тым А.С. Шчарбакоў абверг чуткi аб быццам бы рыхтуемай здачы сталiцы: «За Маскву будзем бiцца ўпарта, люта, да апошняй кроплi крывi. Планы гiтлераўцаў мы павiнны сарваць што б там нi было».

Былы член Ваеннага савета Маскоўскай ваеннай акругi i Маскоўскай зоны абароны К.Ф. Цялегiн успамiнаў: «Прынятыя меры па падтрыманню парадку i спакою ў горадзе, мабыць, прынеслi б свае вынiкi, але паток параненых з фронту, якi ўзмацняўся з кожным днём, бежанцаў з заходнiх раёнаў рабiлi нашы намаганнi недастаткова эфектыўнымi. Абстаноўка патрабавала ўжо iншых, больш суровых мер ваеннага часу...»

I яны былi прынятыя. Увечары 19 кастрычнiка камандуючы i члены Ваеннага савета Маскоўскай ваеннай акругi былi выклiканыя на пасяджэнне Дзяржаўнага камiтэта абароны. На гэтым жа пасяджэннi было вырашана прызначыць генерал-маёра К.Р. Сiнiлава ваенным камендантам Масквы. Калi Сталiну прадставiлi кандыдатуру новага ваеннага каменданта, правадыр толькi пацiкавiўся:

— Чаму менавiта ён?

— Усе воiнскiя падраздзяленнi, — растлумачылi Сталiну, — якiмi камандаваў Сiнiлаў, — узорныя па частцы дысцыплiны i парадку.

На наступны дзень за подпiсам Сталiна з'явiлася вядомая пастанова Дзяржаўнага Камiтэта Абароны «Сим объявляется...».

Гэтым дакументам прадпiсвалася, што ў сталiцы абвяшчаецца асаднае становiшча, яе абарона даручана камандуючаму Заходнiм фронтам генералу Жукаву, а «ахова найстражэйшага парадку ў горадзе i ў прыгарадных раёнах — на каменданта горада Масквы генерал-маёра Сiнiлава. Парушальнiкаў парадку неадкладна прыцягваць да адказнасцi з перадачай суду ваеннага трыбунала, а правакатараў, шпiёнаў i iншых агентаў ворага, якiя заклiкаюць да парушэння парадку, расстрэльваць на месцы...».

Можна шмат i доўга расказваць, як наводзiўся ў Маскве парадак. Спашлёмся толькi на адно меркаванне. Як нам уяўляецца, самае аўтарытэтнае, — генерала Жукава.

Георгiй Канстанцiнавiч у сваiх «Успамiнах i разважаннях» выказаўся гранiчна коратка: «У крытычныя днi ў Маскве панiкёрам i правакатарам быў дадзены рашучы адпор». Калi ўжо Жукаў, чыя крутасць сапраўды не ведала межаў, знаходзiў, што нехта iншы здольны на тое ж самае, то можна сабе ўявiць, што гэта былi за рашучыя меры ў выкананнi каменданта Сiнiлава...

Замежныя саюзнiцкiя мiсii, якiя наведвалi ў гады вайны Маскву, былi ўражаны парадкам у горадзе, дакладнасцю i ўзгодненасцю дзеянняў ваенных i грамадзянскiх ведамстваў. Высокiя госцi нязменна падкрэслiвалi, што ў гэтых адносiнах iншым сталiцам не грэх павучыцца.

Генерал Сiнiлаў непасрэдна кiраваў арганiзацыяй каменданцкай службы сталiцы ў самыя цяжкiя днi. Былi ўзятыя пад кантроль вакзалы i станцыi метро. Вулiцы i плошчы вялiзнага горада ўзмоцнена патрулявалiся круглыя суткi. Пры ўездзе ў горад, а таксама ў прыгарадах былi выстаўленыя заставы i кантрольна-прапускныя пункты, дзе правяралiся дакументы ва ўсiх асоб, якiя ўязджалi або выязджалi з горада. Вось дзе спатрэбiўся Сiнiлаву яго вопыт арганiзацыi i нясення памежнай службы!

Асаблiва ярка арганiзатарскiя здольнасцi К.Р. Сiнiлава праявiлiся пры падрыхтоўцы гiстарычнага ваеннага параду на Краснай плошчы 7 лiстапада 1941 года. Аб маючым адбыцца парадзе Кузьма Раманавiч сам даведаўся за суткi, а пра дакладны час яго правядзення — i таго менш. У распараджэннi каменданта сталiцы было ўсяго толькi некалькi начных гадзiн. Але i за гэты кароткi час, ва ўмовах вельмi складаных — вораг стаяў пад самымi сценамi Масквы — Сiнiлаў здолеў забяспечыць высокую i дакладную арганiзацыю ўрачыстага мерапрыемства, удзельнiкi якога прама з Краснай плошчы пайшлi на фронт.

Парад 7 лiстапада сорак першага стаў прадвеснiкам перамогi, ён усялiў упэўненасць у сэрцы i душы савецкiх людзей, што вораг будзе разбiты... Шмат яшчэ было парадаў на Краснай плошчы, але гэты парад, як i парад Перамогi 24 чэрвеня 1945 года, назаўжды ўрэзаўся ў памяць Сiнiлава...

Знакамiты асобны зводны батальён з 200 чалавек, якi кiдаў да падножжа Маўзалея рэгалii пераможанага ворага — сцягi i штандары вермахта, напалову складаўся з ваеннаслужачых дывiзii Дзяржынскага. Камандаваў трыумфальным падраздзяленнем афiцэр старэйшага злучэння ўнутраных войск старшы лейтэнант Дзмiтрый Воўк.

Чаму ўдзельнiкаў баявых дзеянняў напалову разбавiлi дзяржынцамi? Прычыны дзве. Першая: франтавiкам, якiя адвыклi ад страявога кроку, цяжка давалiся мудрасцi «плац-параднай» навукi. Другая: цалкам верагодна, воiны-чэкiсты ў радах спецыяльнага падраздзялення з'яўлялiся дадатковым фактарам бяспекi каля Маўзалея.

«Мяне выклiкалi ў штаб, — успамiнаў праз гады падпалкоўнiк у адстаўцы Дзмiтрый Рыгоравiч Воўк, — дзе абвясцiлi аб маючым адбыцца парадзе i загадалi рыхтаваць асобны батальён».

Ваенны камендант Масквы Кузьма Раманавiч Сiнiлаў выйшаў з агаломшаным старшым лейтэнантам у двор i асабiста паказаў, як трэба будзе кiдаць сцягi, беручы ў рукi i з сiлай кiдаючы двухметровыя драўляныя распоркi ад палатак.

24 чэрвеня 1945 года зводны батальён быў пастроены каля сцен сабора Васiля Блажэннага за дзве гадзiны да пачатку парада. У першай шарэнзе — самыя рослыя дзяржынцы. Правафланговым — багатырскага целаскладу старшы сяржант Фёдар Легкашкур. Яму дастаўся асабiсты штандар Гiтлера, якi быў уручаны за «асаблiвыя заслугi» 1-й танкавай дывiзii СС.

Пасля ўражлiвага праходжання парадных калон франтоў, радоў i вiдаў войск тысячатрубны духавы аркестр змоўк, над плошчай на iмгненне павiсла цiшыня. I тут наступiла хвалюючая кульмiнацыя — пад гучны барабанны дробат да Маўзалея павёў свой спецыяльны батальён Дзмiтрый Воўк. Фашысцкiя палотнiшчы, намоклыя ад дажджу, значна пацяжэлi, што некалькi зблытала салдацкiя шэрагi пры кiданнi варожых сцягоў «да ног Крамля». Гэта вiдаць на кадрах кiнахронiкi.

Апала

Двойчы ў гэтыя гады Сiнiлаў атрымаў вышэйшую дзяржаўную узнагароду — ордэн Ленiна. Нi да, нi пасля нiводзiн ваенны камендант краiны не ўдастойваўся такiх ушанаванняў...

Канец 40-х — пачатак 50-х гадоў, як сведчаць архiўныя адкрыццi, адзначылiся жорсткай барацьбой крамлёўскiх i калякрамлёўскiх структур за ўладу. Уцягнутымi аказалiся многiя. I не па сваёй, часам, волi. Генерал Сiнiлаў быў уваходны на самы верх, яго добра ведалi ў Крамлi, але нi разу не даў ён падставы западозрыць сябе ў групавых цi iншых сувязях. Можа, таму i цанiў яго Сталiн. Па сутнасцi, толькi аднаго чалавека не крануў са свайго атачэння ўсёмагутны правадыр — генерала Сiнiлава.

Прабыў на клапотнай пасадзе камендант без малога 12 гадоў. Яго не раз клiкалi на высокiя пасады ў акругi, у Генштаб. Кузьма Раманавiч аджартоўваўся: «Быў бы рады, ды вось гаспадар не адпускае...».

Не хочам, каб у кагосьцi склалася меркаванне пра Сiнiлава, як пра нейкага служаку. Наадварот. Гэта быў рознабаковы, таленавiты чалавек. Выдатны спартсмен, барэц, у пасляваенны час узначальваў Усесаюзную федэрацыю класiчнай барацьбы, усяляк апекаваў шахматыстаў i нават быў арбiтрам аднаго з найбуйнейшых айчынных турнiраў. I яшчэ Сiнiлаў валодаў рэдкiм тэнарам. Сам Iван Казлоўскi аднойчы прапанаваў Кузьме Раманавiчу праспяваць партыю разам.

I раптам усё рухнула. У вераснi 1953 года яго выклiкалi ў аддзел кадраў Мiнабароны i ўручылi прадпiсанне — у распараджэнне камандуючага Сiбiрскай ваеннай акругi. Чаму, на якой падставе, ды яшчэ так спешна?

Не без цяжкасцяў у Краснаярску знаходзяць генералу прыдатную пасаду: старшага выкладчыка ваеннай кафедры мясцовага лесатэхнiчнага iнстытута. Праз тры месяцы пайшоў на павышэнне — стаў начальнiкам ваеннай кафедры Разанскага сельскагаспадарчага iнстытута. Сябры спрабуюць дапамагчы, але лепшае, што ўдалося, — вярнуць у Маскву i прызначыць загадчыкам ваеннай кафедры Маскоўскага эканомiка-статыстычнага iнстытута. Але i то пры ўмове, што нi пры якiх абставiнах не будзе расказваць аб сваiм мiнулым. Нават у лiстку па ўлiку кадраў 35-гадовая ваенная бiяграфiя Сiнiлава змясцiлася ў сцiплым, расплывiстым радку — «Служба ў Чырвонай Армii». Дзе, на якiх пасадах, як узнiмаўся па прыступках да зусiм не радавога звання генерал-лейтэнанта, за што быў удастоены «iканастаса» ў выглядзе дзевяцi высокiх дзяржаўных i замежных узнагарод? Пра гэта — нi слова...

Толькi ў гэтыя апошнiя гады, калi ўпершыню ў жыццi ў Кузьмы Раманавiча з'явiлася крыху вольнага часу, нават старыя калегi генерала даведалiся аб яго пазаслужбовых iнтарэсах i прыхiльнасцях. Аказалася, да прыкладу, што ён гарачы кнiгалюб, у яго была старанна падабрана бiблiятэка гiстарычнай i ваеннай лiтаратуры.

Высветлiлася таксама, што Кузьма Раманавiч выдатны шахматыст. Нярэдка згуляць партыю-другую да яго на маскоўскую кватэру або на дачу заязджаў чэмпiён свету гросмайстар Васiль Смыслоў. Нечаканасцю для тых, хто не ведаў пра сялянскае паходжанне Сiнiлава, з'явiлася i яго прыхiльнасць да развядзення пчол.

Клапатлiвы бацька салдатам, ён быў добрым бацькам i ўласных дзяцей — дзвюх дачок i двух сыноў.

У канцы 57-га Кузьмы Раманавiча не стала. Пахаваны ён на Новадзявочых могiлках.

Анатоль Сланеўскi

Загаловак у газеце: Камендант Масквы Кузьма Сiнiлаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.