Вы тут

ААТ «Звязда» — адна з найлепшых калектыўных гаспадарак краіны


У 1930 годзе сяляне вёскі Залессе Чачэрскага раёна вырашылі аб'яднацца ў калгас. І назвалі яго ў гонар нашай газеты.

Сёння Адкрытае акцыянернае таварыства «Звязда» — адна з найлепшых калектыўных гаспадарак не толькі Гомельшчыны, але і краіны. Амаль дзесяць апошніх гадоў яе ўзначальвае Галіна Пятроўна Трыбунах, якая сёлета абрана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.


Ды­рэк­тар сельгаспрадпрыемства «Звяз­да»  Га­лі­на ТРЫ­БУ­НАХ.

Адметна, што ў маі 2007 года, калі гэта абаяльная жанчына ўзначаліла гаспадарку, вопыту практычнай работы ў аграрнай галіне ў яе зусім не было, бо раней ні ў адной з калектыўных гаспадарак яна не працавала нават спецыялістам сярэдняга звяна, не кажучы ўжо пра кіруючыя пасады. Завочна скончыла Буда-Кашалёўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, пасля — Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Сакрэты аграрнай вытворчасці спасцігала разам з калектывам і...

Праз некалькі гадоў сельгаспрадпрыемства пад началам Галіны Пятроўны ўжо моцна ўстала на ногі, пасля чаго да яго далучылі яшчэ тры гаспадаркі, эканамічны стан якіх, мякка кажучы, вымушаў жадаць лепшага. А плошча зямельных угоддзяў «Звязды» складае цяпер каля траціны ад усіх сельскагаспадарчых зямель раёна. Адпаведна каля траціны вырабляецца і прадукцыі — мяса, малака, збожжа.

— Лідарамі аграрнай вытворчасці мы сталі дзякуючы плённай працы ўсяго калектыву, — заўважае Галіна Пятроўна. І паўжартам дадае: — А можа, і з-за таго, што я ў гэтай гаспадарцы сёмы па ліку кіраўнік, а лічба сем заўсёды лічылася магічнай. Нездарма ж сем цудаў свету, сем колераў вясёлкі, сем дзён у тыдні...

Што ж, магчыма, і ў гэтым ёсць нейкі сэнс, але ж — відавочна — і ў арганізатарскіх здольнасцях самой Галіны Пятроўны, у яе ўвазе да людзей, у тым, што яна ніколі і нікога не пакідае ў бядзе.

У калектыве ж, як вядома, здараецца ўсякае. Не сакрэт, што побач з тымі, хто працуе сумленна, сустракаюцца часам і гультаі, і п'яніцы. Іх сарамацяць, папярэджваюць, караюць і, толькі вычарпаўшы ўвесь выхаваўчы арсенал, звальняюць з работы. Што ж датычыць аматараў спіртнога, дык лечаць іх за кошт гаспадаркі. Праўда, у выпадку, калі чалавек закадзіраваўся і вытрымаў тэрмін. Калі ж сарвецца, то сродкі, патрачаныя на лячэнне, будуць вылічаны з яго заробку.

Адным з прыярытэтаў у сваёй дзейнасці як кіраўніка Галіна Пятроўна Трыбунах лічыць належна пастаўленую інфармацыйна-тлумачальную работу, фарміраванне ў працаўнікоў калектыву карпаратыўнай этыкі, унутранай культуры, духу здаровага саперніцтва.

Вынікі работы тут падводзяцца штомесячна. Перадавікоў віншуюць у прысутнасці ўсяго калектыву, ім уручаюць адзнакі пераможцаў спаборніцтва і грашовыя прэміі. Акрамя гэтага, прадугледжаны і іншыя стымулы для заахвочвання людзей да плённай працы. Напрыклад, аматарам парыбачыць прадастаўляюцца дадатковыя выхадныя, а на калектыўную юшку можа завітаць і дырэктар гаспадаркі.

Традыцыйным у плане навядзення чысціні і парадку стала правядзенне так званых санітарных пятніц, суботнікаў, дзён дабравольнай працы. Усё гэта садзейнічае згуртаванню калектыву, натхняе яго на новыя працоўныя здабыткі. Не дзіва, што вытворчыя паказчыкі ў гаспадарцы растуць. У прыватнасці, калі ў 2013 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі складала 36 498 мільёнаў рублёў, дык у 2015 годзе яна дасягнула 64 840 мільёнаў рублёў. За гэтыя тры гады вытворчасць валавой прадукцыі ў разліку на аднаго работніка павялічылася з 273,9 мільёна рублёў да 454,1 мільёна рублёў.

Найбольш паспяхова развіваецца жывёлагадоўля: у 2015 годзе прыбытак ад яе дасягнуў 7815 мільёнаў рублёў, узровень рэнтабельнасці склаў 289,5 працэнта. Такога эканамічнага росту дагэтуль не назіралася.

Дасягненні гаспадаркі з'яўляюцца надзейнай асновай для паляпшэння дабрабыту яе працаўнікоў. Сярэдні заробак тут каля 7,5 мільёна рублёў (недэнамінаваных. — Аўт.). У гаспадарцы па-ранейшаму будуюць жыллё, вырашаюць іншыя пытанні з так званага сацыяльнага пакета.

Павелічэнне надояў і прывагаў, рост ураджайнасці сельскагаспадарчых культур — гэта ў гаспадарцы ўжо звычайная з'ява. Новым актуальным кірункам у дзейнасці яе калектыву стала імкненне да эканоміі і беражлівасці, асабліва — энергетычных рэсурсаў.

На чале гэтай справы стала дырэктар гаспадаркі: сама па спецыяльнасці інжынер-механік, Галіна Пятроўна не толькі патрабуе ад усіх ашчаднасці ў выкарыстанні рэсурсаў, але і прапаноўвае канкрэтныя шляхі для выканання пастаўленай задачы.

Намаганні калектыву ў вырашэнні гэтага пытання не засталіся незаўважанымі. За дасягненне высокіх вынікаў у рацыянальным выкарыстанні энергетычных рэсурсаў, іх эканомію па выніках 2015 года ААТ «Звязда» занесена на абласную і рэспубліканскую Дошкі гонару.

Вось так тут жывуць і працуюць. Знешне непрыкметна, але па-сапраўднаму плённа. Між тым гаспадарка, як, дарэчы, і сам Чачэрскі раён, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС знаходзяцца ў зоне радыяцыйнага кантролю. Ды людзі тут на лёс не скардзяцца. Наадварот, яны імкнуцца зрабіць сваё жыццё як мага больш цікавым і змястоўным.

Сёлетняе свята аграрыяў калектыў гаспадаркі сустракае ў добрым настроі. Як стала вядома, па выніках дзесяці месяцаў бягучага года «Звязда» чарговы раз стала пераможцай у раённым спаборніцтве па вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Алег ШВЕДАЎ

Загаловак у газеце: Зорны час «Звязды»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.