28 верасня, панядзелак

Вы тут

"Звязда" адправілася ў рэйд па рабоце з неплацельшчыкамі аліментаў


У сферы абавязкаў супрацоўнікаў Аддзела прымусовага выканання — спагнанне даўгоў. Але не варта блытаць іх з калектарамі: тут усё на законнай аснове. Пасля афіцыйных паведамленняў, званкоў па тэлефоне, наступны этап — візіт да неплацельшчыка. Здавалася б, каму, як не групе суровых мужчын, займацца такімі справамі, аднак на сустрэчу з карэспандэнтамі «Звязды» прыходзяць дзве мініяцюрныя дзяўчыны — у такія рэйды яны адпраўляюцца кожны тыдзень.


Работніцы Ленінскага АПВ загадчыца сектара Марына ЯКІМОВІЧ і судовы выканаўца Ірына БЕКІШ да сваіх абавязкаў ставяцца спакойна: работа ёсць работа.

— Я абапіраюся на закон, дакладна ведаю, што магу рабіць і гаварыць, а што не. Таму ўсе абразы, якія нярэдка чую ў свой адрас, прапускаю міма вушэй. Людзі ж не асабіста на мяне злуюць, а на саму сітуацыю, — разважае Марына.

— Усялякае бывае... На мяне адзін раз і з кулакамі кідаліся. Калі плануецца маштабны рэйд, то мы бяром з сабой супрацоўнікаў міліцыі або можам звярнуцца да іх у крытычнай сітуацыі, — дадае Ірына.

Пасля такіх слоў падрыхтаваўшыся да горшага, рушым услед за маладымі жанчынамі. Дарэчы, функцыі супрацоўнікаў упраўлення прымусовага выканання даволі шырокія. Яны маюць права апячатаць памяшканне, накласці арышт на маёмасць, канфіскаваць яе, аб'явіць даўжніка ў вышук. Службовае пасведчанне дае магчымасць бесперашкодна ўваходзіць, у тым ліку, і на прыватную тэрыторыю. Невыкананне або перашкода выкананню законных патрабаванняў спецыяліста, абраза яго гонару і годнасці, гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да яго цягнуць за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Судовыя выканаўцы дзейнічаюць выключна па службовай інструкцыі, так што недавер да іх з боку грамадзян нічым не апраўданы.

У першай кватэры на сігнал дамафона ніяк не рэагуюць, адкрываюць толькі пасля працяглага званка ў дзверы. На парозе — сталая жанчына ў хатнім касцюме. Супрацоўніцы паказваюць пасведчанні і праходзяць у кватэру. Неплацельшчык, доўг якога каля 3700 рублёў, таксама дома: ён збіраўся піць чай. Мужчына нідзе не працуе ўжо паўтара года. Паколькі даходаў у яго няма, ажыццяўляецца вопіс маёмасці.

— У вас асабовыя рахункі ў кватэры падзеленыя? Калі не, то мы павінны абследаваць усе пакоі, — тлумачыць парадак работы судовы выканаўца.

Як толькі гаворка заходзіць пра вопіс, ветлівая да гэтага моманту жанчына — маці даўжніка — пачынае закіпаць. «Вы ж чулі, што ён не працуе! Адкуль у яго грошы, каб што-небудзь купляць? Я сама ўсё, што тут ёсць, набывала, крэдыты выплачвала. Гэта ўсё маё!» — зрываецца яна на крык.

— Але на нейкія ж сродкі ён існуе, — заўважае Марына.

— На якія? Схадзіла ў краму, купіла прадуктаў — не вырываць жа іх у яго з рота! Вось і ўсе прыбыткі!

Нягледзячы на абурэнне жанчыны, Марына і Ірына працягваюць выконваць свае абавязкі. Спіс таго, што не падлягае вопісу, даволі вялікі. Напрыклад, у кватэры павінны застацца па адным ложку (ці тахце) і крэсле на кожную асобу, якая тут жыве, стол і шафа для адзення на сям'ю, халадзільнік. Недатыкальныя многія прадметы побыту і адзення.

Пад вопіс часцей за ўсё трапляе несастарэлая электроніка і тэхніка. Калі атрымліваецца давесці, што купля была здзейсненая іншым членам сям'і, яна ў спіс не ўключаецца.

Пральная машына, 2 тэлевізары, камп'ютар, мульціварка... Як толькі прадметы, якія падлягаюць вопісу, названыя, пачынаецца пошук дакументаў.

— Усё жыццё працавала. Выйшла на пенсію — на табе. Прыйшлі забіраць! За што мне ўсё гэта? — не стамляецца галасіць жанчына.

— Мама, супакойся! Яны проста выконваюць сваю работу, — спрабуе суцішыць яе сын, які, дарэчы, ні на секунду не губляе самавалоданне. — Я ўсё разумею. Але я ж не ўхіляюся ад выплаты аліментаў. Проста так склаліся абставіны. Нядаўна вось 100 рублёў адправіў. Як толькі з'яўляецца магчымасць, адразу ж дапамагаю, — дзеліцца набалелым мужчына. — Але мяне пасля турмы нідзе не бяруць!

Як толькі даведваемся, што гэты інтэлігентны па манерах чалавек адбываў пакаранне за забойства, у паветры пачынае лунаць напружанне. Ад працяглай паўзы ўсіх пазбаўляе яго маці, якая вяртаецца з дальніх пакояў: «Не магу я знайсці дакументы на гэты тэлевізар! Тэлефануйце мне на працу — у мяне крэдыт з зарплаты спісвалі, у ГУМ, прабіце ў рэшце рэшт па сваёй электроннай базе».

— Гэта не ў нашай кампетэнцыі. Цяпер мы ўносім яго ў спіс, а вы на працягу 10 дзён, калі знойдзеце доказы, што набывалі тэлевізар на свае сродкі, можаце выключыць яго адтуль праз суд Ленінскага раёна.

У выніку ў пераліку застаюцца толькі гэты «спрэчны» тэлевізар і мульціварка, якая калісьці даўно была набыта цяперашнім даўжніком: пра гэта сведчыць яго подпіс.

— Усё ёй (нявестцы) мала. Адзін камп'ютар ёй аддала, халадзільнік. Не хапае? Ды калі ласка, усё забірайце! Вось ката. Ён нашмат пацягне? Ну ўсё, пухнаты, рыхтуйся да пераезду, — ужо з-за дзвярэй даносяцца да нас воклічы жанчыны.

Перавёўшы дух, пытаемся ў судовых выканаўцаў, якія і брывом не павялі падчас усёй «драмы»: і што — так заўсёды?

— Ды гэта мы яшчэ вельмі лёгка абышліся, — усміхаецца Марына.

Накіроўваемся па наступным адрасе. На званок зноў выходзіць жанчына прыблізна аднаго з папярэдняй «гераіняй» узросту. Першапачаткова яна ставіцца да візіту з падазрэннем, а калі даведваецца пра яго прычыну, і наогул губляе над сабой кантроль. «Бясчынства! Гэта сапраўднае бясчынства! Ды як вы смееце? Калі б я ведала, ні за што б не пусціла вас на парог!» Далей ідзе ўжо знаёмая тырада пра тое, што яны з мужам усё гэта зараблялі на працягу жыцця. Спачатку яна гатовая пусціць супрацоўніц упраўлення юстыцыі выключна ў спальню сына-даўжніка, які, дарэчы, «пайшоў у госці да сябра», але пасля адмаўляецца і ад гэтай ідэі, спрабуючы загарадзіць сабой дзверы адразу ва ўсе пакоі. Не рэагуючы на спакойныя просьбы даць магчымасць прыступіць да работы, жанчына пачынае тэлефанаваць мужу: «Прыязджай хутчэй! У нас тут трагедыя!» Далей ідзе, відаць, падгледжанае ў фільмах: «Я не буду размаўляць без парады свайго адваката». Пасля званкоў — выключна крык. Адны з самых мяккіх фраз «Сумлення ў вас няма» і «Пабойцеся Бога». Дзяўчатам не застаецца нічога, акрамя як выклікаць супрацоўнікаў міліцыі. Пакуль яны дабіраюцца да месца, жанчына паступова супакойваецца і нават дазваляе пачаць агляд.

Камп'ютар, тэлевізары, пыласос — стандартны набор тэхнікі для кожнай кватэры. На паліцы — пячатка індывідуальнага прадпрымальніка. Аднак ні прадпрымальніцкую, ні любую іншую працоўную дзейнасць неплацельшчык даўно не вядзе. «Чаму не працуе? Спытайце ў яго. Гэта мой цяжкі крыж!» — нечакана ўздыхае жанчына. Такая магчымасць неўзабаве ўзнікае: услед за супрацоўнікамі міліцыі ў кватэры з'яўляецца той самы даўжнік. З парога — адразу ў атаку, маўляў, чаго прыйшлі? На выплаты дзецям, якіх у яго, дарэчы, двое, ён павінен суму больш 17 000 рублёў.

— Імя і прозвішча былой жонкі? — задае пытанне судовы выканаўца.

— Паняцця не маю, пра што вы кажаце. Няма яе ў мяне і ніколі не было. А гэтая так, ерунда... — махае рукой мужчына. Ад дзяцей, доўга ўспамінаючы гады іх нараджэння, ён таксама адхрышчваецца, у яшчэ больш грубых выразах.

Сумы, выручанай ад продажу апісаных прадметаў, не хопіць, каб пакрыць і дзясятую частку доўгу. Хутчэй за ўсё ў лік доўгу прыйдзецца забраць аўтамабіль.

— Хто-небудзь з жыхароў кватэры на перыяд, пакуль будзе вынесена канчатковае рашэнне, з'яўляецца захавальнікам апісаных рэчаў: ён нясе адказнасць за іх цэласнасць. Пасля яны перадаюцца рэалізуючай арганізацыі, напрыклад у камісійную краму. Выручка ідзе на пагашэнне доўгу, — расказвае Марына. — Калі чалавек не хоча расставацца са сваёй маёмасцю, ён можа пакрыць яе кошт грашыма. Мы займаемся пераважна беспрацоўнымі, паколькі ў астатніх, у выпадку неаплаты, сума вылічваецца з зарплаты і складае не менш за 25% ад прыбытку на адно дзіця, 33% на двух дзяцей і 50% на трох і больш дзяцей. Асобы, якія страцілі працу, першыя тры месяцы выплачваюць аліменты па агульных правілах ад памераў заробку на апошнім месцы. Далей сума разлічваецца ў залежнасці ад велічыні сярэдняй заработнай платы па рэгіёне. На цяперашні момант у Мінску яна складае каля 183 рублёў на адно дзіця штомесяц.

Па назіраннях спецыялістаў, добрасумленныя плацельшчыкі аліментаў — з'ява не занадта распаўсюджаная. Мужчыны альбо не плацяць наогул, альбо шукаюць спосабы, як звесці суму да магчымага мінімуму. У канфліктных сітуацыях ёсць толькі грошы і спрэчкі з былой жонкай. І пра дзяцей ні слова...

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Гэта не іх вайна, або пра дзяцей — ні слова

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.