Вы тут

У краіне з'явяцца «дзелавыя» анёлы і танныя крэдыты


Шосты раз Беларусь далучыцца да найбуйнейшай дзелавой ініцыятывы — Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва. З 14 па 20 лістапада ў Мінску пройдзе больш за 30 мерапрыемстваў, у рамках якіх больш за 2 тысячы ўдзельнікаў падзеляцца вопытам вядзення бізнесу і ацэняць эфектыўнасць стратэгій у дзелавым свеце.


Па словах намесніка дырэктара і сузаснавальніка Цэнтра дзелавых камунікацый БелБіз Настассі Хамянковай, падчас Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва 16 лістапада адбудзецца Дзень інвестараў. У гэты ж час будзе афіцыйна абвешчана аб стварэнні сеткі «бізнес-анёлаў» (прыватных венчурных інвестараў, якія забяспечваюць фінансавую і экспертную падтрымку кампаній на ранніх этапах развіцця) у краіне. Н. Хамянкова ўдакладніла, што гэта будзе нефармальная сетка, якая аб'яднае патэнцыйных бізнес-анёлаў. Для стварэння афіцыйнай арганізацыі, лічаць у Цэнтры дзелавых камунікацый, неабходна прайсці доўгі шлях па навучанні венчурнаму інвеставанню. Плануецца, што такое навучанне будуць праводзіць міжнародныя эксперты на працягу як мінімум года.

Таксама Банк развіцця прадставіць новую лінейку крэдытных прадуктаў для малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Як адзначыў член праўлення банка Іван Варэніца, яе не варта называць рэвалюцыйнай, але мяркуецца, што ёй зацікавіцца пераважная большасць кліентаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Плануецца выдаваць крэдыты як льготныя, так і на стандартных умовах. «Прадуктовая лінейка Банка развіцця адаптуецца пад зменлівыя патрэбнасці рынку. Сёння ў ёй ёсць крэдыты для стартап-кампаній, для прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у рэгіёнах, а таксама для кампаній, якія ўзначальваюць жанчыны», — удакладніў Іван Варэніца.

Акрамя таго, ён адзначыў, што з 1 лістапада Банк развіцця змяніў адзін з галоўных крытэрыяў адбору банкамі-партнёрамі суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу для выдачы крэдытаў па спецыяльнай праграме падтрымкі прадпрымальніцтва. Калі раней дзярждоля ў статутным фондзе прадпрымальніка не павінна была перавышаць 49%, то цяпер яе зменшылі да 25%. «Мэтай было зрабіць упор нашых праграм на прыватны бізнес яшчэ большым, каб некалькі знізіць долю дзяржпрадпрыемстваў у агульным партфелі крэдытаў», — растлумачыў Іван Варэніца.

З 1 лістапада Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва пачаў даваць ільготныя крэдыты ў беларускіх рублях пад 10% гадавых. Па словах намесніка дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Дзмітрыя Красоўскага, сёння гэта найлепшая прапанова на фінансавым рынку. «Апытанні паказваюць, што для бізнесу адной з праблем вядзення дзейнасці з'яўляецца доступ да фінансавання. Згаданы крэдыт дапаможа часткова вырашыць гэтае пытанне», — адзначыў Дзмітрый Красоўскі.

У Сусветным тыдні прадпрымальніцтва сёлета прымаюць удзел больш за 160 краін. Беларусь далучылася да яго ў 2011 годзе. У нашай краіне тыдзень прадпрымальніцтва праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства эканомікі і Банка развіцця. Штогод для Тыдня выбіраецца тэма, вакол якой арганізуюцца ўсе мерапрыемствы. Сёлета яе пазначылі як «інавацыйнае мысленне». Яна мае на ўвазе неабходнасць фарміравання новага мыслення для ўласнікаў бізнесу, якое дапаможа развіваць іх экспартны патэнцыял, новыя паслугі, сэрвісы і прадукты.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».