Вы тут

Гурт DRWІWY: «Нам не патрэбны высокі п'едэстал»


Яркі, гучны, з элементамі фры-фолку, электронікі і ўласцівай гэтаму гурту змрочнасцю ды меланхалічнасцю. Так коратка можна апісаць «Цырк беззаганны», новы альбом мінска-гомельскага праекта Drwіwy. Падаецца, што пасля досыць працяглага маўчання Арцём ВІЛЕЙТА і Сяргей ЦУРАНКОЎ рады размаўляць са слухачамі на поўны голас і чакаюць сустрэч з новай публікай. Пра рэчаіснасць і мроі, гумар і сур'ёзнасць у музыцы, а таксама важнасць заўсёды заставацца сабой — наша гутарка з Арцёмам і Сяргеем.


Арцём Вілейта.

— Чаму так доўга працавалі над гэтым дыскам?

Сяргей: — Нараджэнне і станаўленне «Цырка» стала для нас стамляючым мерапрыемствам, на гэта ўплывалі розныя фактары, знешнія і ўнутраныя: адлегласць, быт, раслабленасць, асяроддзе... У той жа час хаос унутры і вакол нас знайшоў сваё месца ў песнях. Паступова фарміраваўся касцяк асноўных «нумароў», але яны збольшага ўяўлялі сабою накіды, заставалася шмат працы як па аранжыроўках, так і па запісе. Некаторыя ідэі прыводзілі ў тупік, даводзілася вяртацца і пераасэнсоўваць матэрыял. Drwіwy не адносіцца да тых гуртоў, што ствараюць свае песні на рэпетыцыях, а потым ідуць у студыю і запісваюць іх. Для нас працэс напісання кампазіцыі і стварэння запісу непадзельныя. Мы хапаемся за ідэю і фарміруем з яе ўсё, што нам захочацца.

Арцём: — Калі шчыра, першыя песні да гэтага альбома былі напісаныя яшчэ ў 2009 годзе... Потым была інструментальная кампазіцыя «Цырк беззаганны», якая не трапіла ў фінальную версію дыска. Ёсць багата нерэалізаванага матэрыялу, што рыхтаваўся да гэтага дыска, але многае было адкладзена або да лепшых часоў, або ўвогуле адхілена. Альбом пісаўся доўга яшчэ і па тэхнічных прычынах, а таксама з-за спроб працаваць з іншымі музыкамі, што насамрэч складана для нас, бо мы даволі закрыты гурт. У нас ёсць свой свет і атмасфера, якія пачынаюць знікаць, калі нехта далучаецца. Некаторыя з музыкаў моцна падвялі падчас запісу сваёй безадказнасцю, але, можа, гэта і лепш, бо прыйшло разуменне, куды рухацца далей. Складана захаваць гурт, калі ён трымаецца толькі на атмасферы і ідэі, а не на выступленнях ці нейкай камерцыйнай зацікаўленасці.

— Фактычна адразу пасля выхаду альбома ў сацсетках яго назвалі ледзь не падзеяй у айчыннай музыцы. Чакалі такой рэакцыі?

Арцём: — Шчыра кажучы, не. Мы заўсёды спакойна ці нават холадна ставімся да выніку працы перад рэлізам і гаворым адзін аднаму, што цудаў чакаць не варта... Першы дыск мы амаль што ніяк не прасоўвалі, тым не менш прыхільнікі дагэтуль яго памятаюць. З «Цыркам...» вырашылі трохі болей увагі надаць распаўсюджванню.

Сяргей: — Нас заўсёды забаўляюць такія гучныя водгукі і каментарыі. Канешне, у гурта ўжо сфарміравалася свая аўдыторыя, і мы здагадваліся, што яна нас прыме. У той жа ж час альбом мае больш звыклыя для шараговага слухача формы, таму чакалі прытоку новай публікі. Рэчаіснасць часам лепшая за ўсялякія спадзяванні.

Сяргей Цуранкоў.

— «Цырк беззаганны» атрымаўся досыць разнастайным па стылістыцы і настроі. Вырашылі адмовіцца ад свайго амаль «класічнага» дэпрэсіўнага гучання?

Сяргей: — Мне здаецца, шмат хто памыляецца. Для Drwіwy «класічнымі» з'яўляюцца пастаянныя змены і эксперыменты. Альбом Spokіu — усяго толькі адзін з мноства магчымых вынікаў, што склаўся ў свой час у змрочную акустычную карціну. Уявіце, як атмасфера цьмяных паўзакінутых вёсак змянілася на гарадское асяроддзе з яго заганамі і тым набалелым, што выклікае ў нас незадаволенасць. Але гэта ўсё яшчэ Drwіwy.

Арцём: — Я не ведаю свайго «класічнага гучання», бо гэта толькі другі альбом. Ці будуць яшчэ альбомы? Ніхто не ведае. У нас слухач так любіць аднастайнасць і стабільнасць у гучанні, што гатовы зганьбіць музыку нават за невялікія адхіленні. Займець «класічнае гучанне» для мяне — гэта фінал праекта Drwіwy. А што тычыцца разнастайнасці — быў такі матэрыял, і з'явіўся такі альбом. Як ужо заўважылі слухачы — у кожнага героя ў ім свае нумар і выступленне. Альбом абсалютна сур'ёзны і невясёлы, у ім няма разбуральнага «сцёбу». Ёсць трошкі гумару, каб не звар'яцець у фінале. Гэтаксама было і ў Spokіu.

— Раней вы пазіцыянавалі сябе як чыста студыйны праект і не збіраліся выступаць з канцэртамі. Як адчувалі сябе пасля першай сустрэчы з публікай?

Арцём: — Ну, у цэлым нармальна... Звычайна чуем супрацьлеглыя водгукі — нехта зусім нас не ўспрымае, нехта падыходзіць і дзякуе. Для мяне асабіста выступленні важныя, хоць не ўсё магу рэалізаваць на сцэне, моцна хвалююся, дакараю сябе за нейкія хібы... Я ўвогуле сцэнічнага вопыту да праекта Drwіwy амаль што не меў, таму выступленне для мяне — рэальна выпрабаванне і ў той жа час добрая нагода «пражыць» песні разам са слухачамі.

— Арцём, ты жывеш у Мінску, а Сяргей — у Гомелі. Ці складана працаваць разам, знаходзячыся на такой адлегласці?

Сяргей: — Вядома, гэта ўплывае на нас вельмі моцна, але мы прыстасаваліся і выпрацавалі свой стыль узаемадзеяння, карыстаючыся магчымасцямі сучасных тэхналогій. Фактычна над песнямі працуем па чарзе, і працэс стварэння запісу нагадвае пінг-понг.

Арцём: — Адлегласць, канешне, крыху замаруджвае справы, але вучыць адказнасці, своечасовасці. Мы ўсё адно перыядычна збіраемся на рэпетыцыйнай базе ў Бабруйску, там класны домік, ціха, патрэбная атмасфера. Часам ездзім адзін да аднаго ў госці. Але асноўная работа праходзіць дыстанцыйна, дзякуючы інтэрнэту.

— У той час, калі многія гурты канстатуюць, што музыка сёння слухаецца не альбомамі, а асобнымі песнямі, што варта адмаўляцца ад прадстаўлення кампазіцый на фізічных носьбітах, вы застаяцеся вернымі «дыскаваму падыходу». Больш за тое, выдалі «Цырк беззаганны» на яшчэ больш архаічным носьбіце — аўдыёкасетах. Чаму так?

Арцём: — Мяркую, усё залежыць ад гурта. Некаторыя павінны выдаваць па трэку ў месяц, рабіць актуальны матэрыял без перапынку, тусавацца, пампаваць на сэрвісы аўдыё- і відэакантэнт. Ад «лічбы» мы не адмаўляемся, яна мусіць быць, і гэта выдатны шлях для распаўсюджвання музыкі. Але фізічныя носьбіты даюць кампазіцыям часовы «прытулак». Плюс — ёсць слухачы, якія прынцыпова не хочуць «лічбу», а жадаюць вініл, CD і касеты. Апошнія, дарэчы, ужо шмат гадоў перажываюць рэнесанс. Хаця з андэграўнднай сцэны яны ніколі не знікалі.

Сяргей: — Ужо даўно прарочаць смерць поўнафарматным альбомам, некаторыя артысты намагаюцца перайсці да сінглавага падыходу выдання песень, але гэта працуе далёка не заўсёды. Асобна выкладзеныя песні хутка губляюць актуальнасць, іх «заслухоўваюць», яны хутка надакучваюць. Часам на альбомах сустракаюцца прахадныя песні, або некаторыя з кампазіцый могуць не гучаць у кантэксце альбома. Такія проста губляюцца, іх ніхто слухаць не стане. Відаць, мы ўсё ж такі прыхільнікі цэласных і ў нейкай ступені канцэптуальных работ. Спецыяльна дзеля канцэпцыі ў песні не ўмешваемся, хутчэй адбіраем блізкія па духу з вялікай колькасці напрацовак.

— Як бы самі акрэслілі сваё месца ў айчыннай музыцы?

Сяргей: — Мы сапраўдныя маргіналы.

Арцём: — Я не хачу, каб Drwіwy займалі нейкае месца. Нам не патрэбны статус ці высокі п'едэстал, на якім мы лепшыя. Самае галоўнае — заставацца Drwіwy і рабіць далей сваю музыку.

— Першая канцэртная прэзентацыя новага альбома пройдзе ў Мінску ўжо 20 лістапада. Што далей?

Арцём: — Так, будзем іграць песні з альбома ў клубе ІLІ, не ведаю, што атрымаецца... Слова «прэзентацыя» не зусім пасуе. Хацелася б проста з людзьмі пабыць. Потым Ліда, Гродна, Гомель, магчыма, Орша. Атрымалі запрашэнні выступіць у іншых краінах. Цяпер у нас некалькі праектаў у рабоце ды на паўзе...

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».