Вы тут

У Італіі зрушылася зямная кара


Вывучаючы наступствы серыі землятрусаў, якія адбываюцца ў Італіі са жніўня 2016 года, спецыялісты выявілі сур'ёзныя зрушэнні зямной кары на плошчы больш чым 1100 квадратных кіламетраў. Даследаванні правялі навукоўцы з Італьянскага касмічнага агенцтва (Asі) і НДІ электрамагнітных здымкаў прыроднага асяроддзя (Іrea).


Прааналізаваўшы выявы, якія паступілі са спадарожнікаў Cosmo SkyMed e Sentіnel 1, спецыялісты прыйшлі да высновы, што тэрыторыя, якая прылягае да горада Норча (вобласць Умбрыя), зрушылася на захад прыкладна на 30 см, а ў раёне населенага пункта Мантэгала ў вобласці Марка зямная кара зрушылася на ўсход прыблізна на 40 см. У правінцыях Перуджа і Мачэрата зафіксавана прасяданне грунта на глыбіню да 70 сантыметраў. Увогуле дэфармацыя закранула тэрыторыю каля 1 100 квадратных кіламетраў. І паколькі серыя штуршкоў, пачаўшыся ў канцы жніўня, не спынялася да канца кастрычніка, працягваліся і зрухі зямной кары. У прыватнасці, землятрус магнітудай 6,5, які адбыўся раніцай 30 кастрычніка ў раёне Кастэлуча (28 км ад Норчы), прывёў да 60-сантыметровага прасядання грунту на плошчы каля 130 кв. км.

Землятрусы, якія адбыліся нядаўна ў цэнтральнай частцы Італіі, адчуваліся нават на адлегласці ў сотні кіламетраў — у Рыме. Эксперты папярэджваюць, што помнікі старажытнасці могуць ужо не перажыць новыя ўзрушэнні зямной кары. У той час, як прадстаўнікі выратавальных службаў вырашаюць пытанні аб дапамозе людзям, захавальнікі старажытнасцяў займаюцца інспекцыяй аб'ектаў культурнай і гістарычнай спадчыны. Па выніках агляду аднаго з найважнейшых помнікаў Рыма, Калізея, высветлілася, што ён пацярпеў ад нядаўніх землятрусаў. Пра гэта заявіў Франчэска Прасперэці — галоўны наглядчык Калізея і Рымскага форуму. Ён расказаў, што 30 кастрычніка эксперты, правёўшы маштабнае даследаванне стану Калізея, выявілі ў ім пашкоджанні. Між тым гэты выдатны помнік архітэктуры Старажытнага Рыма і без таго знаходзіцца ў вельмі хісткім становішчы: у крытычны стан яго прывялі прасочванне дажджавой вады, забруджванне выхлапнымі газамі аўтамабіляў і вібрацыя ад інтэнсіўнага гарадскога руху. Наглядчык Калізея адзначае, што кожны новы землятрус стварае ўсё больш небяспечную нагрузку на будынак: расколіны павялічваюцца, і амфітэатр, збудаваны ў 72 годзе н.э., можа не дажыць да свайго двухтысячагоддзя.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.