Вы тут

Непрафесійны тэатр у Краснаполлі пачаў працаваць у 1918 годзе


Адказ на пытанне, які тэатр у Беларусі найстарэйшы, здаецца, відавочны — «Купалаўскі», які вядзе адлік сваёй гісторыі з 1920 года. Хаця... Ёсць у нашай краіне непрафесійны тэатр, што пачаў сваю работу ажно ў 1918-м. Знаходзіцца ён у невялікім райцэнтры — Краснаполлі. Заснавальнікамі трупы былі браты Васіль і Андрэй Шашалевічы (апошні больш вядомы пад псеўданімам Мрый) і скульптар Аляксандр Грубэ. У 1962 годзе ўстанова атрымала званне народнай. Тэатр і дагэтуль робіць стаўку на моладзь: у 2010-м на пасаду рэжысёра быў запрошаны 18-гадовы студэнт універсітэта культуры Павел Шэўлякоў, а сёлета яго замяніў Аляксандр Кузняцоў, які нядаўна адзначыў 30-годдзе.


Аляк­сандр Куз­ня­цоў  знай­шоў ся­бе за тэ­ат­раль­най мас­кай.

— На самай справе, я ніколі нават думкі не дапускаў, што звяжу сваё жыццё з тэатрам, — распавядае Аляксандр. — Нарадзіўся і вучыўся тут, у Краснаполлі, цікавіўся ігрой на гітары і брэйк-дансам. Пачаў думаць пра паступленне толькі ў старшых класах і вельмі доўга не мог вызначыцца. Спачатку схіляўся да прафесіі педагога, потым доктара, пасля думаў пра музыку... Але ў выніку выбраў Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры імя Н.К. Крупскай (цяпер гэта Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў): паступіў на спецыяльнасць «Рэжысёр народных свят і абрадаў.

І толькі там Аляксандр зацікавіўся тэатрам. Па словах хлопца, на гэта паўплывала вялікая колькасць творчых дысцыплін, а таксама тое, што ўсе будучыя рэжысёры мелі права на бясплатнае наведванне спектакляў у Магілёўскім драматычным тэатры. Дарэчы, хлопец упершыню ўбачыў пастаноўку на вялікай сцэне толькі на першым курсе.

— Нас вялі тады на спектакль ледзь не сілком, — смяецца рэжысёр. — Я супраціўляўся: маўляў, ну які тэатр? Як цяпер памятаю, гэта быў «Трамвай «Жаданне». Тая пастаноўка цалкам перавярнула мой унутраны свет. А цікаўнасць да народных абрадаў, наадварот, знікла. Я ўжо тады зразумеў, што хачу звязаць жыццё з тэатрам.

Акрамя ведаў па будучай прафесіі, вучылішча падарыла Аляксандру і сямейнае шчасце — яго будучая жонка вучылася там жа, толькі на акцёрскім аддзяленні. Маладыя людзі разам наведвалі тэатральныя пастаноўкі — сапраўдная студэнцкая рамантыка. Калі надышоў час размеркавання, закаханых адправілі ў адзін рэгіён: Аляксандра — у клуб вёскі Сідараўка, што на Краснапольшчыне, мастацкім кіраўніком, а яго выбранніцу — у суседнія Касцюковічы выкладаць тэатральнае майстэрства ў дзіцячай школе мастацтваў. Цяпер Аляксандр — шматдзетны бацька, у яго падрастаюць трое дзяцей.

У 2009 годзе ён вярнуўся ў Краснаполле. Спецыялісту прапанавалі пасаду метадыста ў мясцовым Цэнтры культуры. Але, акрамя вялікага аб'ёму «папяровай» працы, хлопец займаўся і творчасцю: выконваў ролі ў тэатры, займаўся арганізацыяй масавых свят і іншых мерапрыемстваў. Тады ж паспрабаваў паступіць на тэатральную рэжысуру ў БДУКМ — не прайшоў па балах. У 2012 годзе калегі ўгаварылі хлопца зрабіць яшчэ адну спробу, апошнюю. На гэты раз усё ўдалося.

— Рыхтаваўся па кірунку «народная рэжысура», бо гэта тое, у чым я добра разбіраюся, — тлумачыць хлопец. — Мне, дарэчы, у апошні момант прапаноўвалі «перакінуць» дакументы якраз на тэатральную рэжысуру, але я адмовіўся. Часта кажуць, што завочная адукацыя — гэта фармальнасць, асабліва па творчых спецыяльнасцях, але ў нас усё зусім не так. У першую чаргу, дзякуючы выдатным выкладчыкам, якія літаральна жывуць сваёй справай, умеюць захапіць студэнта прадметам. У якасці прыкладу можна назваць Рыгора Іванавіча Баравіка, Ганну Мікалаеўну Суліма — яны за кароткі тэрмін далі нам больш, чым любы падручнік, на іх парах мы сядзелі да позняга вечара.

— Галоўная асаблівасць Краснапольскага тэатра заключаецца ў тым, што іграюць у ім пераважна непрафесіяналы, — распавядае Аляксандр. — Таму ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, мы імкнёмся выбіраць пастаноўкі з невялікай колькасцю герояў, бо пастаяннай трупы ў нас няма.

Фес­ты­валь «Тэ­ат­раль­ныя ве­ча­ры­ны» — знач­ная па­дзея для Крас­на­пол­ля.

У рэпертуары тэатра — самыя розныя творы. Вельмі шмат беларускай класікі: «Паўлінка» Купалы, «Суд» Галубка... Не забываюцца і на сучасных аўтараў. Папярэднік Аляксандра, рэжысёр Павел Шэўлякоў ставіў «Не пакідай мяне» Аляксея Дударава. Ён жа выкарыстаў фрагменты з «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч у сваёй аўтарскай пастаноўцы «Хроніка кінутай зямлі» — з ёй трупа ў красавіку ездзіла на канферэнцыю да 30-годдзя катастрофы на ЧАЭС у нямецкі Гамбург. Ставяць і п'есы расійскіх аўтараў, напрыклад, Вольгі Сцяпновай. Ёсць і дзіцячыя пастаноўкі.

У сярэднім двойчы на год у рэпертуары з'яўляюцца новыя спектаклі — нядрэнны паказчык нават для прафесійнага тэатра. А колькасць паказаў цяжка пералічыць. Трупа ўвесь час у раз'ездах: як па рэгіёне (выступаюць у клубах аграгарадкоў Краснапольшчыны і суседніх раёнаў), так і па краіне, і нават за яе межамі.

— Мне падабаецца, што ў нас шмат моладзі, таму ў тэатры і Цэнтры культуры ўвесь час вельмі сяброўская атмасфера, — кажа Аляксандр, разглядаючы стэнд са здымкамі акцёраў. — Усе — людзі розных прафесій, але разам нам цікава. Вось, напрыклад, Віктар Лазовік — навуковы супрацоўнік мясцовага музея. Юрый Мотрычаў заняты ў сферы дрэваапрацоўкі. Ёсць настаўнікі, урачы, пенсіянеры. А вось Наталля — наш мастак-пастаноўшчык, яна можа зрабіць абсалютна любыя дэкарацыі з падручных сродкаў. У адным з дзіцячых спектакляў я выконваю ролю грыба, і яна зрабіла мне капялюшык са... звычайнага парасона.

На базе Цэнтра культуры раз на два гады праводзяць міжрэгіянальны фестываль-свята аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечарыны». Нядаўна адбыўся чарговы з іх. Арганізацыяй займаўся Аляксандр. Наведвальнікаў было вельмі многа, бо для Краснаполля фестываль — адно са знакавых мерапрыемстваў.

— Пэўны час форум быў у заняпадзе, але з прыходам маладых супрацоўнікаў ён адрадзіўся, — распавядае хлопец. — Для нас прынцыпова захаваць фестываль, бо, калі мы не будзем падтрымліваць аматарскія тэатры, яны стануць нікому не патрэбныя.

— Далёка сваю будучыню я не планую, — кажа Аляксандр. — У творчых планах — паставіць дзіцячую п'есу «Лятучы карабель». Памятаеце, быў такі мульцік? Вядома, трохі пераасэнсаваўшы сюжэт з адаптацыяй яго пад сучаснасць. Яшчэ хочацца нарэшце «замахнуцца» на сур'ёзную драму. Трэба дапісаць дыплом, каб атрымаць «вышку»... А далей — будзем глядзець. Магчыма, калі-небудзь атрымаецца паспрабаваць сябе на тэлебачанні — гэта мая мара.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Краснаполле — Мінск

Загаловак у газеце: Жыццё — як па сцэнарыі, а ён можа быць самым неверагодным

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.