Вы тут

Малады трэнер не дазваляе расслабляцца сабе і не раіць іншым


Выхаванцам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 у Пружанах пашанцавала. Там працуе 24-гадовы Юрый Ліпіч. Энергічны, прыгожы і зусім не падобны на тыповага «фізрука» з анекдотаў.


— Трэнер па плаванні — гучыць нядрэнна. Дзяўчатам падабаецца! — усміхаецца Юра. — Стаў я ім выпадкова. Канешне, з дзяцінства любіў спорт, ці, больш правільна, фізічную культуру. Пасля школы без ваганняў і роздумаў паступіў у БДУФК на трэнера па валейболе. Ніколькі аб сваім выбары не шкадую і ганаруся тым, што маю дыплом універсітэта фізкультуры.

Пасля выпуску хлопец ведаў, што хутка яго забяруць у армію, таму шукаў часовую работу. У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе №2 Пружан якраз было вакантнае месца, хоць яно і не зусім адпавядала спецыяльнасці, якую меў Юра. «На сумоўі ў мяне запыталі, ці змагу я навучыць плаваць дзяцей? «Змагу!» З гэтага ўсё і пачалося», — успамінае малады трэнер. Праўда, напрыканцы навучальнага года (заставалася літаральна некалькі тыдняў да канікул) прыйшла павестка з ваенкамата.

— У арміі была магчымасць паглядзець на сваё жыццё збоку. Сябры, якія не служылі, часта пытаюцца, ці не шкадую я, што страціў цэлы год? Наадварот, здабыў! Напрыклад, армія змяніла маё стаўленне да часу. Я навучыўся больш умела распараджацца ім: за дзень мог зрабіць столькі, колькі дома рабіў бы тры дні. Табе даюць загад, ты яго выконваеш і не шукаеш для гэтага ніякай матывацыі. Зараз мне гэта часта дапамагае. Бяру і раблю без лішніх слоў!

У маі Юра вярнуўся з арміі, і яго адразу ж запрасілі зноў працаваць у школе. Бацькі некаторых выхаванцаў цікавіліся, ці можна будзе аддаць сваіх дзяцей у групу да маладога спецыяліста. Для яго гэта азначала адно — справу ён сваю выконваў добра, за год пра яе не забыліся, таму трэба працягваць далей.

— Я працую ў спартыўнай школе, а не ў забаўляльным цэнтры. Мы рыхтуем спартсменаў, калі пашанцуе, то, можа, нават будучых алімпійскіх чэмпіёнаў. Таму патрабаванні да дзяцей, што ў нас займаюцца, крыху завышаныя. Калі коратка казаць пра мае абавязкі, то я вучу дзяцей плаваць і дапамагаю ім удасканальваць іх уменні. Вядома, працэс навучання працякае неадрыўна ад выхавання. Жартую, цікаўлюся іх жыццём па-за спартыўнай школай. Яны бачаць, што мне не ўсё роўна, таму амаль заўсёды ідуць на кантакт. Толькі потым тлумачу дзецям, што хачу ад іх. Нават не спрабую стварыць вобраз «грознага дзядзькі», якога ўсе баяцца і слухаюць. Яны павінны бачыць ўва мне звычайнага чалавека, які ведае крыху больш за іх.

Выхаванцам Юры ад 6 да 9 гадоў. Да арміі ў яго была група пяцігадовых дзяцей. Ён успамінае, што тады прыходзілася нялёгка. Сёлета дырэктар вырашыў павысіць узрост плыўцоў. На думку трэнера, нядрэнны вопыт ён набыў, пакуль працаваў у дзіцячых летніках і падчас студэнцкай практыкі ў школе.

Складанасць Юравай працы ў тым, што ён не толькі вучыць плаваць, але і сочыць за бяспекай дзяцей. На першых занятках перад тым, як запусціць выхаванцаў у басейн, доўга інструктуе іх аб правілах паводзін. А пасля яшчэ дзясятак разоў нагадвае: не сваволіць, не пырскацца, не тапіць адно аднаго і яшчэ шмат іншых «не». У групе чатырнаццаць чалавек, таму нельга ні на секунду адвярнуцца ад басейна.

— На мой погляд, кожны трэнер павінен знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Паколькі ён на ўласным прыкладзе стварае пэўную матывацыю ў дзяцей да заняткаў. У выхаванцаў не з'явіцца даверу да цябе і тваёй працы, калі ты дрэнна выглядаеш. Таму я і сам актыўна займаюся ў вольны час — плаваю, бегаю, хаджу ў трэнажорную залу.

Працоўны дзень трэнера пачынаецца ў 17 гадзін, калі ўсе іншыя людзі ўжо вяртаюцца з работы. А заканчваецца праз тры гадзіны. «Гэта не можа не радаваць! — кажа Юра. — Але асноўная прычына, па якой я тут працую, — мне вельмі падабаецца вучыць дзяцей. Я ўпэўнены, што ў гэтым маё прызванне. Многія з маіх аднакурснікаў працуюць не па спецыяльнасці. Робяць тое, за што плацяць грошай больш, а я так не хачу. Да таго ж для Пружан мая зарплата не такая ўжо і маленькая (атрымліваю каля 400 рублёў), затое займаюся сапраўды любімай і цікавай справай».

Хлопец не планаваў пасля выпуску з універсітэта вяртацца дадому, але сёння нават рады, што ўсё склалася менавіта так. Адзінае, аб чым шкадуе, што блізкія сябры засталіся ў сталіцы і бачыцца ён з імі рэдка.

Каб не сумаваць і не марнаваць вольны час, якога пры такім працоўным графіку хапае, Юрый уладкаваўся яшчэ і мастацкім кіраўніком на палову стаўкі ў сельскі Дом культуры.

— Ведаю, што пра «фізрукоў» існуе шмат стэрэатыпаў, многія з якіх часта апраўдваюць сябе. Што да мяне, то я іх разбураю. Можна шмат увагі надаваць фізічнай культуры, але пры гэтым быць творчай асобай. Я, напрыклад, пішу песні і спяваю іх пад гітару. У арміі нават быў удзельнікам гурта «Бясконцасць». А цяпер, каб далей развіваць свае музыкальныя і артыстычныя здольнасці, працую ў ДК. Асноўная задача — вучыць дзяцей танцаваць (так-так, зноў праца з падрастаючым пакаленнем). Пры гэтым ёсць магчымасць арганізоўваць канцэрты і выступаць самому. Карацей, рабіць нешта для душы, але пры гэтым яшчэ і якія-ніякія грошы атрымоўваць, — разважае Юра. — Вось такія бываюць «фізрукі»!

Ганна Курак, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Не «плыць» па цячэнні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.