Вы тут

Як студэнты-медыкі ў Магадан ездзілі


У любы час года ўдзельнікі суполкі «Магадан» гатовыя сабраць рукзак і выправіцца ў дарогу. Для іх задавальненне фарсіраваць рэчку ў кастрычніку і цэлы дзень правесці па калена ў балоце. Іх радуюць горы, пакрытыя лёдам, вадзяныя парогі і лясныя гушчары. Словам, унутры кожнага з гэтых сур'ёзных людзей жыве авантурыст. Ці, можа, проста турыст?


Студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Смірноў, Аляксей Глазкоў, Максім Ачарэтні, Вячаслаў Андрасюк і Сяргей Новік заўсёды любілі выбірацца разам то ў паход, то на рыбалку. Аднойчы хлопцы вырашылі з'ездзіць у Магадан. Купілі стары УАЗ, што ў народзе называюць «буханкай», і рушылі ў дарогу.

— Ад Беларусі да Магадана каля 11 тысяч кіламетраў, гэта самая аддаленая частка сушы ў Еўразіі. Было цікава дабрацца туды на машыне. Сем гадоў таму не ўсюды былі пракладзены дарогі, пабудаваны масты, а нам хацелася цяжкасцяў, — успамінае цяпер ужо кандыдат медыцынскіх навук, дырэктар па развіцці ТАА «Праекцыя» Аляксандр Смірноў. — Наш шлях праходзіў цераз горы, самыя буйныя рэкі кантыненту па маляўнічых краявідах. Мы сустракалі людзей, якія пыталіся: «А хіба да нас ёсць дарога з мацерыка?» Прыгод хапала, і мы пачалі апісваць уражанні на сайце. Той займеў папулярнасць, і калі праз 40 дзён вярнуліся ў Мінск, вырашылі, што будзем ствараць з «Магадана» падабенства турыстычнай сацыяльнай сеткі. Любы чалавек, пасля базавай праверкі паведамлення мадэратарам, можа размясціць у ёй свае статусы, фотаздымкі, справаздачы з паходаў. Спачатку да вандровак далучаліся знаёмыя, сёння ў турыстычным клубе 80—90 пастаянных удзельнікаў, і сайт у розны час мае ад 3 да 15 тысяч чытачоў.

Трапіць у «Магадан» можа любы чалавек, была б толькі ахвота да прыгод і незалежнасць ад камфортных умоў. Сёння самаму сталаму вандроўніку суполкі 67 гадоў, а самыя малодшыя яшчэ не пайшлі ў школу.

Галоўнае падчас вандровак — назапасіць уражанні, але часта ўдзельнікі выконваюць і іншыя задачы. Напрыклад, ладзяць этнаграфічныя даследаванні, арганізуюць для спадарожнікаў лекцыі на самыя розныя тэмы, а бывае, ператвараюць іх у сапраўдныя тэатральныя выступленні. Паколькі суполку заснавалі людзі з медыцынскай адукацыяй, паход можа ператварыцца ў «эксперымент на сабе». Вывучаюцца магчымасці правільнага харчавання падчас падарожжаў, спосабы памяншэння пабочных уздзеянняў горнай хваробы. Удзельнікі перад вандроўкай абследуюцца ў баракамеры, параўноўваюць біяхімічныя аналізы крыві да і пасля, разлічваюць, як будзе змяняцца стан арганізма ў розных умовах. Навуковых работ па гэтых даследаваннях пакуль ніхто не напісаў, але вопыту назапашана дастаткова і ў плане найбольш прыдатнай экіпіроўкі, і кантролю за самаадчуваннем у дарозе.

Яшчэ адна асаблівасць суполкі — справаздачы пасля вандровак. Гэта нават закон сайта. Спачатку навічку даюць асвоіцца, а з трэцяй-чацвёртай вандроўкі прапануюць напісаць пра свае ўражанні. Удзельнікі з добрым стылем становяцца пастаяннымі аўтарамі. На аднастайнасць сюжэтаў у справаздачах суполка «не хварэе». Чаго, напрыклад, каштуе аповед пра паход на выжыванне, які аднойчы зладзілі ў якасці эксперыменту. З сабою аматары вандровак тады ўзялі па восем прадметаў адзення, а кіраўнік паходу дадаткова вызначыў яшчэ па дзве рэчы кожнаму ўдзельніку, напрыклад, бутэльку для вады і нож. Так, без ежы, і выправіліся ў лес на тры дні. Як аказалася, за такі тэрмін можна асвоіць рыбную лоўлю на спружынку ад запальніцы і навучыцца гатаваць карэнішчы дзядоўніку замест бульбы. Аляксандр, які быў там удзельнікам, мяркуе, што эксперымент даказаў: пры неабходнасці жыць на «падножных харчах» на прыродзе можна болей за тыдзень.

Пакуль у сваіх вандроўках «магаданаўцы» не дабраліся хіба што да Антарктыды і Паўночнага полюса. У розны час экспедыцыі выязджалі ў Індыю, Кітай, Паўднёвую і Паўночную Амерыку, Афрыку, Ісландыю, Памір, Непал, Нарвегію, Грузію. Вандруюць і па Беларусі, прычым адкрылі тут новы для нашай краіны турыстычны кірунак. Раней у суполцы ён называўся «рухам па азімуце». Кіраўнік групы выбіраў лясіста-забалочаную мясцовасць, вызначаў напрамак па компасе і рухаўся па прамой лініі, прычым няважна, што наперадзе: лес, рэчка ці наогул балота. З такіх выпрабаванняў вырас балоцінг — вандроўкі па падтопленых землях. Людзі звычайна стараюцца абыходзіць мясціны з «дрэннай рэпутацыяй», і прырода там застаецца ў некранутым стане. Акрамя таго, на балоце пастаянна адчуваецца дыскамфорт, а гэта, як кажа Аляксандр, надае падарожжу дадатковую прывабнасць:

— У Беларусі мы імкнёмся змясціць чалавека ў максімальна няўтульныя ўмовы, каб дзе-небудзь у гарах, седзячы мокрым, галодным і замёрзлым без напарніка на голым уступе, ён не дэмаралізаваўся, а спакойна сказаў сам сабе: «Ну, мы ўсё гэта праходзілі, не складаней, чым зімой на балоце пад Мінскам».

Лезці ў самую дрыгву вандроўнікам ніхто не прапануе. Маршрут балоцінга распрацоўваецца, як і любы турыстычны. «Магаданаўцы» праглядаюць карты, водгукі папярэднікаў, калі такія ёсць, старыя планы мясцовасці. Гэта дапамагае пракласці шлях побач са сцежкамі, гацямі, каб у выпадку чаго быў шанц збочыць на бяспечны ўчастак. Вышэй пояса група ў балота таксама не заходзіць.

Што тычыцца рыштунку, то спрактыкаваныя ўдзельнікі раяць навічкам надзяваць лёгкі абутак, штаны або шорты, бо бессэнсоўна засцерагацца ад вады, яна ўсё роўна знойдзе шчыліну.

А вось узяць запасны камплект адзення на вечар трэба абавязкова.

Сам Аляксандр у такіх вандроўках удзельнічае не першы раз і лічыць, што пабачыць сапраўднае суровае балота можна толькі восенню і вясной, калі там поўна вады. Летам жа здараюцца непрадугледжаныя абставіны, напрыклад, маршрут нечакана перасыхае.

— Гады тры таму выдалася анамальна цёплае лета, а мы якраз выправіліся ў вандроўку. На месцы аказалася, што вады ў балоце амаль няма. Пакуль да вячэрняга лагера ішлі — залазілі ў любую лужыну, уціскаліся ў мох, каб пазбавіцца ад духаты. Калі дабраліся да месца стаянкі, зразумелі: там таксама ўсё перасохла. Звычайна прадукты і ваду мы стараемся браць з сабою на ўвесь тэрмін падарожжа, але тут не разлічылі. Давялося шукаць якую-небудзь вільгаць. Мне трапілася вялікая карычневая лужына, з яе чэрпалі кубкам ваду, кіпяцілі і пілі. Па смаку на сок агурка падобна. У якой іншай краіне я на такое не адважыўся б...

Наогул, падарожжы «Магадана» не прывязаныя да «турыстычных сезонаў» альбо надвор'я. Напрыклад, сёлета група з 16 чалавек выправілася на балоты на поўнач краіны ў кастрычніку.

Быў у аматараў вандровак і вопыт зімовых пераходаў, праўда, не па дрыгве, а па поплыве. Тады падарожнікам давялося ісці па пояс у вадзе пры нулявой тэмпературы. Зверху сыпле снег, перад табой — тонкі лёд, які трэба праломваць, каб рухацца далей, і навокал няма ні аднаго сухога кавалка зямлі да гарызонту.

— Звычайна па Беларусі мы робім «паходы выхаднога дня» — гэта ад двух да чатырох дзён, — кажа Аляксандр. — Сёлета мяркуем у канцы лістапада зладзіць масавы веласіпедны заезд у Налібоцкай пушчы з нагоды заканчэння веласезона. Яшчэ — паўдзельнічаць у традыцыйным скалалазным выездзе пад Жытомірам. У снежні магчымыя невялікія пешыя вандроўкі. Наогул, зімой катаемся на лыжах, на веласіпедах па замёрзлых рэках — атрымліваецца не горш за паездку па магістралі. У наступным годзе плануем з'ездзіць на Каўказскія горы, павучыць навічкоў альпінізму і патрэніравацца самім. Потым, магчыма, будзе Італія...

З маляўнічых і цікавых маршрутаў па Беларусі «магаданавец» са стажам параіў экалагічную сцежку ў Нарачанскім краі. Гэта, напэўна, адна з самых прыгожых мясцін, толькі выпраўляцца ў вандроўку лепей зімой, бо летам там вырастаюць сапраўдныя «палатачныя гарады». Цікавым яшчэ можа стацца падарожжа на балота Вялікае пад Крупкамі. Аматарам некранутай прыроды варта наведаць Асіповіцкі край з яго разнастайным рэльефам і вялізнымі ляснымі масівамі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дарога ў «Магадан»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».