Вы тут

«Я па жыцці — звычайны пацан»


Днём — трактарыст Максім, ноччу — рэпер Max1maX.

Пры першай сустрэчы Максім Асаёнак падаўся звычайным хлопцам. Я ўбачыла яго, калі працавала ў студатрадзе на ўборцы яблыкаў. Ён быў за рулём трактара і адказваў за дастаўку пладоў на базу. Тады я яшчэ не ведала, што 21-гадовы хлопец родам са Смалявіч не толькі з лёгкасцю спраўляецца з «жалезным канём» на рабоце, але і здольны рэчытатывам выдаваць смелыя куплеты. Цяпер у творчай скарбонцы рэпера па складзе душы і механізатара другога класа па прафесіі — больш за 40 трэкаў. У кожным з іх — глыбокі сэнс: мір ва ўсім свеце, здароўе родных і блізкіх, хуткаплыннасць часу, каханне і сяброўства, будучае...


«Без мітусні ідзі па жыцці, роўна ўзняўшы твар. Не думай ні пра што і ўсміхайся ўсім назло» («Таксама бывае»)

Прачнуўшыся ў 6 гадзін раніцы, Максім выпівае кубак моцнай кавы, будзіць суседзяў па пакоі ў інтэрнаце і хутка збіраецца на работу. Ужо два гады запар а 7 гадзіне ён на трактары выязджае з тэрыторыі агракамбіната «Ждановічы» на базу. На пастаяннае месца працы хлопец трапіў не адразу...

Пасля вучобы ў Смалявіцкім дзяржаўным каледжы па спецыяльнасці «аўтаслесар, трактарыст» і паўгадавога пражывання ў бабулі Максім у пошуках вольнага хлеба выправіўся ў сталіцу, але там не склалася...

— Работа ў садзе вельмі падабаецца. Летам мы акультурваем дрэвы, вясной — падкормліваем, восенню збіраем ураджай, а зімою падразаем кроны. Я працую на тэхніцы: езджу па пясок, чышчу снег, у полі ару, — расказвае малады спецыяліст.

На пытанне пра зарплату Максім адказвае, доўга не думаючы: «Усё залежыць ад сезона. Калі я працаваў летам па 12 гадзін без выхадных, то атрымаў нядрэнную суму, амаль у два разы большую за звычайную. Шчыра — заробленых грошай хапае, нават няма часу, каб іх патраціць».

Максім часам задумваецца аб змене сферы дзейнасці: «Хацеў у тэатральны падацца, аднак разумею, што прабіцца туды вельмі складана: сур'ёзная канкурэнцыя ў гэтай справе. Мне і на трактары някепска. Галоўнае, што інтэрнат далі: і да работы блізка, і Мінск пад бокам».

«Я дакладна абяцаю сябрам і блізкім, што, пакуль я з вамі, будзе ўсё выдатна» («12 гадоў»)

Акрамя фізічнай культуры і працоўнага навучання, наш герой аддаваў перавагу ў школе рускай мове і літаратуры. Ён ужо тады сябраваў з рыфмай: складаў уласныя вершы і запісваў іх у асобны сшытак. «Па сутнасці, я быў добрым гультаём, — робіць шчырае прызнанне Максім. — Але калі патрабавалі вывучыць які-небудзь твор на памяць, то я імкнуўся зрабіць гэта як мага больш арыгінальна. Вучыў вершы і спяваў, настаўнікі і аднакласнікі мяне падтрымлівалі».

— Рэп складаць я пачаў зусім нечакана. Гэта адбылося некалькі гадоў таму... Усё пачалося з таго, што я да 12 гадоў страціў сваіх родных па татавай лініі. Тата памёр, калі мне быў год. Матулю пазбавілі бацькоўскіх правоў, і я апынуўся ў прытулку. Калі вучыўся на другім курсе каледжа, трэніраваў пачаткоўцаў у школе брэйк-данса ў Смалявічах. Старэйшыя хлопцы ўсе самавучкі былі, трэніраваліся ў падвалах, а потым заснавалі школу. Займаўся танцамі тры з паловай гады, пакуль не атрымаў траўму рукі. Мяркую, што калі б не страціў брэйк, то не набыў бы рэп.

Падчас вучобы хлопца нечакана знайшлі сваякі — дзядзька, цётка, бабуля, а хросная маці паабяцала аформіць на Максіма апякунства. Той дзень, калі знайшліся родзічы, малады чалавек памятае як сёння: прыйшоў з заняткаў і заснуў, а потым нечакана ўскочыў і напісаў першы тэкст. «Мой першы трэк «12 гадоў» расказвае, як цяжка было ўвесь гэты час без дапамогі блізкіх, — тлумачыць Max1maX. — Але я ні аб чым не шкадую і нікога не вінавачу. Гэта, наадварот, дало мне стымул у жыцці ісці толькі наперад і цвёрда стаяць на нагах».

Радкі з трэка «Наш фрыстайл» — «Не, ну ў чым праблемы!? Дзяўчаты, вы адурэлі, пагрэбавалі і перасталі цаніць нашы задумы», — адлюстроўваюць крыху скептычнае і недаверлівае стаўленне рэп-выканаўцы да жаночага полу. «Насамрэч, пісаў я гэтыя словы па прыколу, — усміхаецца хлопец. — Проста я шмат разважаю ў апошні час пра тое, чаго дзяўчаты ад нас хочуць?! Са скуры вон лезеш, каб ім спадабацца...»

«Музыка — гэта стан душы, факт безгранічча, пакарэння вяршынь...» («Музыка»)

У адным з трэкаў Максіма гучыць думка: «Музыка здольная выратаваць мяне ад падзення мары». Напэўна, гэтым жыццёвым прынцыпам кіраваўся наш герой, калі пачаў мэтанакіравана дзейнічаць: пісаць новыя песні, выступаць на канцэртах, удзельнічаць у рэперскіх батлах у сталічных клубах.

Пачынаў Максім разам з мясцовым хлопцам. Той падказаў чалавека, у якога была дамашняя студыя. Запісалі сумесны трэк «Пра ўсё» і назваліся Best Rhymes. «Я Улада лічу сваім братам. Мы ніколі не мераліся, хто круцейшы: я пераўзыходзіў яго па якасці рэчытатыву, ён на «выдатна» рыфмаваў радкі. Калі былі разам, мы «валілі» нядрэнны рэп», — успамінае Макс. Потым хлопцы прыдумалі ўласныя нікнэймы. Спачатку Максім быў MС Joy, таму што «фанацеў» ад рэп-выканаўцы Джоні Боя. У дзяцінстве любіў, калі яго называлі і Максімам, і Максам. Так і нарадзіўся новы творчы псеўданім Max1maX.

— Першыя публічныя выступленні пачаліся ў Смалявічах. Мы прыходзілі ў гарадскі Дом культуры і прасіліся выступіць з некалькімі кампазіцыямі на розных гарадскіх святах. Калі крыху натрэніраваліся, вырашылі прабівацца ў сталіцу. Выступалі ў клубах на чыстым энтузіязме, гэта быў самапіяр. Першае выступленне ў сталіцы адбылося, як ні смешна, у рокер-бары. Тады сабралася процьма гледачоў. Калі выходзіш упершыню, пачынаеш раскалыхваць залу, усе глядзяць на цябе з пытаннем: хто вы такія і навошта сюды прыйшлі? Прыемна было, калі людзі пачалі пазнаваць нас і нават падпяваць.

Для Максіма самае галоўнае ў творчасці — выпрацаваць уласны стыль. Па словах хлопца, Баста, Гуф, Oxxxymіron, Emіnem валодаюць асаблівай індывідуальнай «фішкай», з іх варта браць прыклад.

Сярод айчынных ён выдзяляе «Нестандартны варыянт» і «Не будзіце спячых». «Я яшчэ не вызначыўся са стылем, — гаворыць Макс. — Хтосьці спыняецца на андэграўндзе (больш спакойны рэп), іншыя на лірыцы («сюсі-мусі» пра каханне). У мяне ўсё ад настрою залежыць. Магу душэўны трэк зрабіць, часам хочацца спыніцца на жорсткім сінгле — і я буду яго пісаць да канца. Праўда, на пачатку трэка я папярэджваю: «Увага, ненарматыўная лексіка».

«Мы робім будучыню самі сваімі рукамі» («Мы робім будучыню самі»)

Апошні год у Максіма не хапае часу на выступленні і новыя трэкі. Цяжка ствараць, калі, акрамя цябе, у пакоі жывуць яшчэ тры хлопцы. Быў час, калі Макс хадзіў зімою адзін па вуліцы ў навушніках і з блакнотам, прыдумваў тэксты, мармытаў сабе нешта пад нос, палохаў мінакоў. Сваім прыкладам ён пацвердзіў: галоўнае, каб было жаданне, а час заўсёды можна знайсці для любімай справы.

— Я люблю творчыя эксперыменты. Хацеў бы паспрабаваць сябе ў ролі саліста якой-небудзь інструментальнай групы тыпу джаза. Нават у рэп пачаў уключаць вакальныя прыпевы, і публіка добра іх успрымае. Наогул, у жыцці для мяне галоўнае — цвёрда стаяць на нагах і мець канкрэтную мэту, каб было да чаго імкнуцца. А яшчэ ў любой сітуацыі і пры любых выпадках — заставацца чалавекам.

Вераніка Уласевіч

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.