Вы тут

Група «Тяни-Толкай»: Першы ганарар — палова курыцы


Група «Тяни-Толкай» умее завесці любую публіку. Тым не менш яны ведаюць, што гэта такое, калі ў цябе не вераць і кажуць, што ў тваёй задумы няма будучыні. Многія здаюцца без падтрымкі, але толькі не яны. Нам удалося пагутарыць з удзельнікамі групы і даведацца, у чым жа сакрэт іх запалу.


— Хто аўтар вашых песень?

Павел Клышэўскі: — У асноўным я. Дарэчы, напачатку Заяц і Тараймовіч не хацелі браць у групу, казалі, што ў мяне няма слыху. І я за ноч падабраў на сінтэзатары некалькі вядомых песень, уключаючы бітлоўскую Yеstеrdау. Даказаў ім адваротнае, і яны прынялі мяне.

— Першае выступленне групы было ў суседа на вяселлі...

Кірыл Клішэвіч: — Тое выступленне запомнілі назаўсёды... Сустрэўшы маладажонаў песняй гурта Mеtаllіса і «спаліўшы» калонку, мы сумленна адпрацавалі два дні і атрымалі свой першы ганарар — 15 долараў і... палову вэнджанай курыцы.

Павел Клышэўскі: — А мне яно чымсьці нагадвае выступленне ў Палацы Рэспублікі. Падчас яго мы вельмі хваляваліся, было шмат родных, сяброў і знаёмых у зале. Гэтыя адчуванні мне нагадалі тое самае першае выступленне... А так час, вядома, прайшоў, і з'явіліся іншыя адчуванні.

— Няўжо вы зусім перасталі хвалявацца на сцэне?

Андрэй Заяц: — Хваляванне ёсць заўсёды, але гэта ўжо не страх. Дарэчы, перад чужымі неяк лягчэй спяваць, чым перад блізкімі.

— Які выпадак у жыцці падштурхнуў вас стаць артыстамі?

Андрэй Заяц: — Усё пачалося са старой гітары, якую прынеслі да нас у кампанію. Спачатку мы ігралі простыя песні, не трапляючы ў ноты. Потым зразумелі, што нам падабаецца іграць і спяваць. А далей ужо нікуды не змаглі ад гэтага падзецца. Вось так звычайная старая гітара стала пачаткам нашай кар'еры.

— Павел, вы былі вядучым у праграме «Компас». А якое месца — ваша любімае?

Павел Клышэўскі: — Мы вельмі часта бываем на гастролях. Цяпер ужо вельмі складана назваць горад у краіне, дзе не было б нашых сольных канцэртаў ці іншых выступленняў. Але найчасцей мы наведваем Гомель. І ўсё ж, напэўна, любімае месца — гэта дом, у якім вельмі ўтульна і заўсёды можна адпачыць. Дом — гэта тое месца, дзе заўсёды можна сабраць усіх блізкіх, заварыць гарбату і пагутарыць па душах. Эмоцыі, якія атрымліваеш у такія моманты, ні з чым не параўнаюцца.

— Публіка ў вас была самая розная. Якія з выступленняў вам запомніліся найбольш?

Павел Клышэўскі: — Калі спявалі ў жаночай калоніі перад асуджанымі. Яшчэ мы выступалі на дні нараджэння аднаго чалавека, на яхце.

— Цяпер вы вядомыя артысты. А кім хацелі стаць у дзяцінстве?

Павел Клышэўскі: — Як і ўсе дзеці — касманаўтамі, урачамі (смяюцца). Але ёсць сярод нас адзін, хто вылучыўся ў гэтым плане. Кірыл Клішэвіч у дзяцінстве хацеў стаць пажарнай машынкай і не разумеў, чаму бацькі з гэтага смяюцца.

— Што маглі б пажадаць маладым групам?

Андрэй Заяц: — Кідаць гэтую справу (смяюцца). А калі сур'ёзна, то вялізнага цярпення. Калі мы толькі пачыналі, то ў нас ніхто не верыў. Казалі, што без сувязяў і грошай нічога не выйдзе, але ў нас усё атрымалася. Таму галоўнае ў жыцці — не здавацца!

На такой матывуючай фразе закончылася наша гутарка. У групе «Тяни-Толкай», на мой погляд, усе ўдзельнікі з выдатным пачуццём гумару. Мы спадзяёмся, што гэта не апошняя наша сустрэча, бо бачыцца з імі — адно задавальненне.

Ангеліна НОВІКАВА, вучаніца 11 класа гімназіі №1 г. Дзяржынска

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.