Вы тут

Ці лёгка студэнтам спалучаць работу і вучобу?


Для часткі выпускнікоў ВНУ першае працоўнае месца часам бывае не такім ужо і першым. Некаторыя студэнты навучыліся ўпісваць у свой распарадак дня работу і паспяваюць вучыцца на дзённым аддзяленні.


Ган­на Ару­ці­нян пад­пра­цоў­вае па спе­цы­яль­нас­ці.

Знайсці работу Ганне Аруцінян дапамог выпадак. Дзяўчына атрымлівае адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па спецыяльнасці «музыказнаўства», цяпер яна на чацвёртым курсе.

— У канцы лета я спрабавала ўладкавацца настаўнікам музыкі. Звярталася ў музычныя школы, а ў выніку працу мне прапанавала навучальная ўстанова, куды я яшчэ не паспела патэлефанаваць. Гэта было так нечакана і прыемна. Работа, па-першае, дае мне практычны досвед, я вучуся займацца з дзецьмі і шукаць з імі агульную мову. Па-другое, мне падабаецца займацца чымсьці яшчэ, акрамя вучобы. Па-трэцяе, гэта дадатковы заробак, які ніколі не будзе лішнім, бо хочацца мець свае сродкі для жыцця і тым самым не трывожыць бацькоў. Наогул, я тэмпераментны чалавек, таму не стамляюся ад актыўнага рытму жыцця, а, наадварот, натхняюся і атрымліваю станоўчую энергію. Праца дазваляе мне адчуваць сябе самастойнай і дарослай. Сярод маіх аднакурснікаў таксама ёсць шмат тых, хто адначасова і працуе, і атрымлівае адукацыю.

 У Дзміт­рыя Вай­ця­хоў­ска­га трай­ная на­груз­ка.

Пяцікурснік Дзмітрый Вайцяхоўскі вучыцца на факультэце камп'ютарных сістэм і сетак у БДУІР. Гэтым летам хлопец не змог атрымаць пакой у інтэрнаце, што прымусіла яго шукаць кватэру і, адпаведна, сродкі на пражыццё. Вакансіі студэнт праглядаў на сайтах. Схадзіў на некалькі субяседаванняў, у выніку ўладкаваўся ў фірму, якая займаецца распрацоўкай сайтаў. Нагрузка ў Дзімы, бадай, не двайная, а трайная, бо, акрамя працы і вучобы, малады чалавек здымае і манціруе відэаролікі для маладзёжнага тэлебачання БДУІР MOL.TV.

— Ад работы атрымліваю тое, што хацеў, і нават больш. Напачатку мэтай быў заробак, хоць былі ваганні паміж уласнай працай і дапамогай бацьку, які займаецца бізнесам дома, у Лідзе. Аднак потым захацелася большай самастойнасці, бо прыехаць, дапамагчы я магу і так, — расказвае Дзіма. — Заняткі на факультэце пачынаюцца ў другой палове дня, так што праца не перашкаджае вучобе. Да таго ж, кіраўнік кампаніі сітуацыю разумее, можа прабачыць, калі сыдзеш раней ці спознішся «па абставінах». Высыпаюся, канешне, па рэшткавым прынцыпе, але ноччу мне лепей працуецца. Выхадныя праводжу з сябрамі альбо ў Мінску, альбо ў Лідзе, так што з мінусаў падпрацоўкі магу назваць толькі тое, што вымушаны доўга сядзець за камп'ютарам, а гэта шкодна для вачэй.

Мінчанін Арцём Жызнеўскі вучыцца ў БДУІР на трэцім курсе на факультэце камп'ютарнага праектавання, але першы працоўны вопыт атрымлівае не па спецыяльнасці. Хлопец разам з сябрам уладкаваўся падсобным рабочым на будоўлю.

— Нас там вялікая кампанія студэнтаў. На трэцім курсе пачалася другая змена, дзень «разбіты» і планаваць нешта на яго першую палову не атрымліваецца. Працуем па выхадных, дадатковая нагрузка дае нядрэнны дадатковы заробак, бо пражыць на студэнцкую стыпендыю праблематычна. Вольнага часу паменела, але на стасункі з сябрамі, асабістае жыццё і заняткі спортам стараюся не забывацца.

Вучыцца ў сталіцу студэнт трэцяга курса факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР Дзяніс Леаненка прыехаў з Віцебска. Упершыню сур'ёзна падумаў пра ўладкаванне на працу некалькі месяцаў назад, таму калі вырашыў, што яму не хапае вузкаспецыяльных ведаў.

— Акадэмічныя дысцыпліны, пашыраны кругагляд — гэта добра, але патрэбен яшчэ спецыфічны досвед, за які табе будзе плаціць грошы наймальнік, — перакананы хлопец. — Лічу, што ўніверсітэт дае падмурак, дзякуючы якому будзеш працаваць у далейшым. А вось падпрацоўкі, практыка, курсы — гэта ўжо рэальнае прымяненне ведаў.

Падпрацоўку Дзяніс шукаў па спецыяльнасці. Наймальнікі не патрабавалі вопыту, іх цікавіла ўменне прапаноўваць ідэі, рашаць лагічныя задачы. На другі тыдзень субяседаванняў хлопцу патэлефанавалі з ІТ-кампаніі і паведамілі, што згодныя ўзяць яго на працу.

— Работа — гэта вялікі бонус. Карысны, калі ты здольны сумяшчаць яе з асноўным заняткам. Часам на выхадных арганізую «вучэбны марафон» — выконваю заданні на тыдзень наперад. Трэба быць гатовым, што знікне паўнавартасны сон, бывае, адпачываеш тры гадзіны ў суткі.

Адной з галоўных прычын, што падштурхнула да падпрацовак, Дзяніс называе свой характар. Хлопец лічыць сябе амбіцыйным чалавекам, якому куды горш сядзець на адным месцы і не мець магчымасці рэалізавацца, чым недасыпаць.

— З плюсоў — практычны вопыт, матэрыяльная забяспечанасць, новае кола знаёмстваў, задавальненне амбіцый, упэўненасць у працаўладкаванні па любімым і знаёмым кірунку. З мінусаў — адказнасць: ты павінен адмовіцца ад часткі забаў, каб выканаць работу, і фізічны стрэс, — падводзіць вынік студэнт. — Відавочна, што ўладкаванне на працу прынесла значна больш карысці. Хоць лічу, што кожны перад тым, як шукаць работу, павінен вызначыцца, наколькі яму гэта патрэбна, і параўнаць шкоду і карысць ад падвойнай нагрузкі па ўласных крытэрыях.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Працаўладкавацца да выпуску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.