Вы тут

Як жывецца і працуецца людзям у Карэліцкім раёне


У Карэліцкім раёне няма стратных прадпрыемстваў, скарочаных працоўных тыдняў і запазычанасцяў.

Летапісная гісторыя гэтых мясцін вызначаецца шасцю стагоддзямі (першая згадка аб Карэлічах адносіцца да 1395 года). Летась Карэліцкі раён адсвяткаваў 75-годдзе. Багатая гэтая зямля і культурнай спадчынай. Мноства таленавітых і вядомых людзей родам адсюль: пісьменнікі Янка Брыль, Ян Чачот, «беларускі шаляпін» спявак Пётр Конюх, мастак Валянцін Мірановіч. А Мірскі замак застаецца візіткай не толькі Карэліччыны, але і ўсёй Беларусі. Як жывецца і працуецца людзям у гэтым самабытным краі, карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Віктара ШАЙБАКА.


— Віктар Леанідавіч, наяўнасць у раёне такога знакавага аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны, як Мірскі замак, несумненна, добрая падстава для развіцця турызму і рамёстваў, для актыўнага культурнага жыцця...

— Калі мы гаворым пра культуру ў раёне, то маем на ўвазе не толькі Мірскі замак, але і навакольныя тэрыторыі: 162 населеныя пункты, 13 аграгарадкоў, цэнтральныя сядзібы. Мы сочым, каб адміністрацыйныя, культавыя збудаванні, будынкі сістэмы адукацыі і аховы здароўя, якія забяспечваюць абслугоўванне насельніцтва, утрымліваліся ў ідэальным стане. За апошнія гады ва ўсіх сацыяльных установах адбыўся капітальны або бягучы рамонт, і я ўпэўнены, што скардзіцца іх наведвальнікам зараз няма на што. Праўда, невялікія работы засталіся яшчэ, напрыклад, у дзіцячым садку ў Жухавічах. Больш грунтоўныя пытанні, якія патрабуюць увагі, тычацца сёння дамоў культуры ў аграгарадках.

Але ж культура ў больш шырокім сэнсе слова — гэта яшчэ і культура гаспадарання, і стан аб'ектаў вытворчасці. 79% выручкі раёна фарміруецца на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу. Таму мы стараемся, каб аб'екты вытворчай інфраструктуры — малочнатаварныя комплексы, аб'екты жывёлагадоўлі, у прыватнасці, чатыры свінакомплексы, а таксама мехдвары, якія з'яўляюцца сэрцам любога прадпрыемства, — былі аснашчаны добрым абсталяваннем і мелі належныя ўмовы для працы. Культура павінна быць ва ўсім, перш за ўсё ў душы. Калі ёсць духоўная, маральная культура і само аблічча чалавека пацвярджае гэты факт, то ўсё будзе.

Што датычыцца нашага галоўнага аб'екта. Клопат пра замкавы комплекс не з'яўляецца сёння складанасцю для ўлад. Мірскі замак — гэта ўжо творчы і вытворчы механізм, які поруч з дзяржпадтрымкай з рэспубліканскага бюджэту каля 70% прыбытку атрымлівае ад пазабюджэтнай дзейнасці, а гэта ўласны даход.

Сёлета яго наведала больш за 250 тысяч гасцей. Гэты культурны аб'ект сёння прадстаўляе пэўную вытворчасць — тут існуе ўся інфраструктура, неабходная для функцыянавання комплексу. Раённым уладам няма неабходнасці нагадваць яго супрацоўнікам пра падтрыманне парадку...

— Выраб сувенірнай прадукцыі і ўтрыманне аграсядзіб — добрая вытворчая база для фарміравання мясцовага бюджэту. Ці падтрымліваецца нейкім чынам гэтая дзейнасць уладамі?

— Адна з галоўных задач, якую ставіць перад уладамі на месцах кіраўнік нашай дзяржавы, — ствараць працоўныя месцы, каб чалавек меў дастойны заробак. У нашым раёне адзін з самых нізкіх паказчыкаў беспрацоўя. І для мяне асабіста самае галоўнае, каб людзі, дзе б яны ні працавалі, своечасова атрымлівалі зарплату.

Важна таксама, каб чалавек займаўся справай з цікавасцю. Аднак калі аграсядзібы пераўтвараюцца толькі ў месцы для правядзення вяселляў і іншых забаўляльных мерапрыемстваў і не адпавядаюць сваёй першаснай задачы — быць турыстычнымі аб'ектамі, гэта не спрыяе ні напаўненню бюджэту, ні развіццю краю.

Гаспадары такіх сядзіб, атрымаўшы льготныя крэдыты, пабудаваўшыся, працуюць у выніку толькі на сябе. Так не павінна быць. У аграсядзібе павінны пастаянна быць наведвальнікі, якім не толькі будзе дзе адпачыць, але і што паглядзець. У нас ёсць цудоўны прыклад такой аграсядзібы — Белыя Лугі, дзе можна ўбачыць аўтэнтычную беларускую вёску 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя. Гаспадары скупілі апошнія хаты, што заставаліся ў вёсцы Ціневічы, дзе заснавана сядзіба, і аднавілі іншыя дамы на іх былых месцах. Такім чынам яны пацвердзілі, што гатовыя працаваць і для сябе, і для людзей.

— Сярэдняя зарплата работнікаў раёна вагаецца ў межах 500-510 рублёў у месяц. Гэта вельмі неблагі паказчык. А як у цэлым характарызуецца эканамічнае становішча на Карэліччыне?

— Эканамічная сітуацыя ў раёне не горшая, і нам няма за што перажываць. За дзевяць месяцаў бягучага года тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг склаў 113% у параўнанні з папярэднім годам. У галіне сельскай гаспадаркі атрымана 115,7% выручкі, у прамысловасці — 117,9%. Пры гэтым атрымана 9,1 млн рублёў (лічбы пасля дэнамінацыі), што склала 141,6% да ўзроўню 2015-га. 7,2 млн рублёў з гэтай сумы атрымана за кошт сельскай гаспадаркі. Усе сельгасарганізацыі маюць прыбытак ад рэалізацыі, няма ніводнага стратнага прадпрыемства. 7,6 млн рублёў (148,6% да ўзроўню мінулага года) — гэта чысты прыбытак па раёне. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 10,4%, а рэнтабельнасць продажу ў сельскай гаспадарцы — 10,8%.

Іншая справа, што растуць цэны на энерганосьбіты, запасныя часткі і бялкова-вітамінную сыравіну, а цана на сельскагаспадарчую прадукцыю застаецца практычна на тым жа ўзроўні, што і паўтара года таму. Гэта негатыўна ўплывае на эканоміку прадпрыемстваў. На жаль, рост заробку не апераджае рост вытворчасці. Аднак калі аб'ёмы вытворчасці павялічваюцца, мы адразу маем магчымасць павысіць зарплату і робім гэта. У нас няма ў раёне скарочаных або няпоўных працоўных дзён ні на адным прадпрыемстве.

Адзінае, што мяне хвалюе, — гэта праблема далейшага развіцця будаўнічага комплексу. Я лічу, што ў рэгіёнах трэба мяняць сістэму вызначэння падрадчыка на будаўніча-мантажныя работы і адыходзіць ад сістэмы тэндараў. Праз дэмпінг цэн, які ствараюць кампаніі, каб выйграць права на работы, пакутуе якасць. Мы хочам, каб на нашых аб'ектах працавалі нашы правераныя людзі. Няхай гэта будзе, можа, крыху і даражэй, але мы вернем гэтыя сродкі назад у бюджэт праз падаткі. Дарэчы, у нас няма запазычанасцяў будаўнічым арганізацыям і прадпрыемствам з боку бюджэту і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Для мяне няма розніцы — культурная гэта ўстанова, аб'ект жывёлагадоўлі, школа ці бальніца — усюды павінен быць гаспадар. Фінансы трэба перш за ўсё зарабіць, каб пасля правільна і аб'ектыўна размеркаваць іх па ўсіх сферах.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Культура павінна быць ва ўсім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.