Вы тут

Іван Міско: Сваёй работай хачу сказаць, што ў космасе ўсе роўныя


Сёння наш зямляк, касманаўт Алег Навіцкі, другі раз адпраўляецца ў космас. А народны мастак Беларусі Іван Міско завяршае працу над двухбаковай памятнай плакеткай, якая наўздагон касмічнаму караблю трапіць на арбіту ў грузавым адсеку

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў майстэрні-музеі скульптара і першымі ацанілі касмічны «груз».


На плакетцы адлюстраваны партрэты трох чалавек: Алега Навіцкага, французскага астранаўта Тама Песке і амерыканскай астранаўткі Пегі Уітсан. Менавіта такі экіпаж касмічнага карабля «Саюз МС-03», які ўзначаліў наш зямляк. Гэта ўжо другая камандзіроўка беларуса на арбіту. Першы палёт адбыўся ў кастрычніку 2012 года. Тады Алег Навіцкі быў камандзірам карабля «Саюз ТМА-06М».

З трэцяй спробы

На зваротным баку памятнай плакеткі — фрагмент зямнога шара і касмічная станцыя. Як яна выглядае, Іван Міско ведае не па чутках. Фотаздымак станцыі, зроблены Алегам Навіцкім падчас свайго першага палёту на арбіту, знаходзіцца на самым бачным месцы ў майстэрні скульптара. Аб асобе аўтара сведчыць аўтограф.

Менавіта свой подпіс, па задуме Івана Міско, кожны касманаўт, адлюстраваны на памятнай плакетцы, павінен будзе пакінуць на ёй. Прычым у космасе.

— Сваёй работай, у якой аб'яднаў адразу трох касманаўтаў, я хачу сказаць, што ў космасе ўсе роўныя, незалежна ад полу і нацыянальнасці, — перакананы Іван Якімавіч.

Скульптар добра ведае, што колькасць рэчаў, якія касманаўты могуць узяць з сабой на арбіту, строга абмежавана. Таму майстру асабліва грэе душу думка аб тым, што для яго работы месца знайшлося. Цяпер Іван Міско азадачаны тым, з якога матэрыялу зрабіць ліццё, каб плакетка важыла як мага менш, — у космасе ж кожны грам на ўліку!

— У мяне быў выпадак, калі мой медаль, прысвечаны Юрыю Гагарыну, павінен быў ляцець у космас, — успамінае народны мастак. — Прывёз яго ў Зорны гарадок, тады начальнікам Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў быў Георгій Берагавой. Першае, што яны зрабілі, адразу паклалі медаль на вагі — заважыў больш як 400 грамаў. Гэта было шмат. І Берагавой пытае: «Дык што будзем дасылаць: медаль або паліва?» Канешне, адправілі паліва.

Работа Івана Міско знаходзілася ў грузавым адсеку карабля і тады, калі Алег Навіцкі ляцеў у космас упершыню. Гэта быў медаль з партрэтам касманаўта. Але карабель з грузам да месца прызначэння не дайшоў — адбылася аварыя.

Сустрэчы сяброў

Будучы ў Мінску, Алег Навіцкі ніколі не абмінае майстэрню Івана Міско. І не толькі, каб чарговы раз папазіраваць для скульптара. Яны любяць проста пагутарыць за кубачкам гарбаты. Апошні раз, праўда, бачыліся не ў майстэрні. У пачатку чэрвеня Алег Навіцкі разам з першымі беларускімі касманаўтамі Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам удзельнічаў у адкрыцці павільёна «Космас» у Баравой.

— Ці хваляваўся Алег Навіцкі перад другой камандзіроўкай на арбіту? — пытаюся ў сябра касманаўта.

— Вядома ж, гэта хвалююча, бо непрадказальна, — гаворыць Іван Якімавіч. — Многія думаюць, што космас — гэта рамантыка. У пэўным сэнсе так. Але ў большасці сваёй гэта цяжкі, халодны, няўтульны свет. Вельмі складана ў космасе псіхалагічна. Можна казаць што заўгодна, а паспрабуй хоць бы тыдзень не выходзіць з дому. Як казаў мне некалі Клімук, калі ў цябе на Зямлі нервы не ў парадку, у космасе табе няма чаго рабіць.

Касманаўты будуць жыць на станцыі 164 дні і вернуцца на Зямлю толькі ў красавіку. За гэты час яны павінны правесці больш чым 50 навуковых эксперыментаў, а таксама папрацаваць з расійскімі, амерыканскімі і японскімі касмічнымі грузавымі караблямі.

«Я вярнуся!»

Пра тое, што касманаўт Алег Навіцкі нярэдка тэлефануе Івану Міско з самай арбіты, не ведае толькі нецікаўны. «І на мабільны, і на гарадскі тэлефанаваў — цудоўная чутнасць! — успамінае народны мастак. — «Наша размова запісана на ўсёй планеце», — сказаў мне Алег, калі вярнуўся на Зямлю».

Іван Якімавіч добра памятае, калі Алег Навіцкі патэлефанаваў яму з арбіты першы раз. Не забудзе і тое, як нехта з таварышаў спытаў: «А ці ведаеш, у што табе абыдзецца аплата размовы? Маўляў, гэта ж вельмі дарагі званок!»

Сапраўды, дарагі. Але, хутчэй, у іншым сэнсе. Іван Міско быў вельмі расчулены, калі касманаўт з арбіты павіншаваў яго з днём нараджэння. Той запіс Іван Якімавіч захоўвае як самую дарагую рэліквію. Там ёсць такія словы: «Я хутка вярнуся, і зноў у тваёй майстэрні будзем піць гарбату».

— Яго ўвесь час цягне на радзіму, — прызнаецца сябра касманаўта. — Алег любіць пагутарыць з землякамі, пабыць на прыродзе, каб атрымаць асалоду ад беларускіх краявідаў.

Дарэчы, менавіта верш Якуба Коласа «Мой родны кут» Алег Навіцкі прачытае ў космасе. Па вяртанні запіс будзе перададзены ў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей песняра.

Падарункі з космасу

Сцяжкі, значкі, пячаткі — нямала сувеніраў Алег Навіцкі прывёз з космасу Івану Міско. Майстар ніколі яго аб гэтым не прасіў: ведае, што ў касманаўтаў ёсць больш важныя задачы. Але гэтым разам зрабіў выключэнне. Іван Якімавіч папрасіў Алега сфатаграфаваць з космасу Беларусь. Вядома, касманаўт рабіў гэта неаднаразова, але ўвесь час наша краіна з-за туманаў была дрэнна бачная. Алег Навіцкі паабяцаў свайму сябру прывезці лепшы здымак роднай Беларусі.

— Дай Бог, каб быў і трэці палёт, — кажа Іван Міско, яшчэ не дачакаўшыся касманаўта з другога. А ўсё можа быць, бо, як кажуць, тыя, хто пабываў на арбіце, у космас іх цягне ўжо як толькі вярнуліся на Зямлю.

Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка накiраваў тэлеграму лётчыку-касманаўту Расiйскай Федэрацыi Алегу Навiцкаму, паведамiлi ў прэс-службе беларускага лiдара.

Кiраўнiк дзяржавы выказаў асаблiвую ўдзячнасць за тое, што ў такi адказны момант, як падрыхтоўка да старту касмiчнага карабля, Алег Навiцкi не забывае пра свае каранi, пра Беларусь, чый сцяг адправiцца ў космас разам з iм.

«Дзе б Вы нi знаходзiлiся, памятайце, што Радзiма ганарыцца дастойным сынам гераiчнага i працавiтага беларускага народа!» — гаворыцца ў тэлеграме.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Камандзіроўка на арбіту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».