Вы тут

26 чалавек загінулі летась ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці


Чалавеку, як біялагічнаму тыпу, ад прыроды ўласцівы інстынкт самазахавання. Але, на жаль, некаторыя страчваюць гэтае пачуццё і як вынік — гінуць. Не толькі на вытворчасці. Ад пажараў, атручэння алкаголем, суіцыдаў, ужывання наркотыкаў, у дарожна-транспартных здарэннях, на рэках і азёрах. За кожным выпадкам стаяць трагедыі канкрэтных сем'яў. Нехта страціў адзінага сына, іншы — каханага мужа, любімых брата або сястру. Аб тым, што робіцца, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, ішла размова на пасяджэнні Мінаблвыканкама па выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта №1.


Па словах старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алега Семянчука, у цэнтральным рэгіёне за апошнія пяць гадоў гібель людзей ад знешніх прычын зменшылася больш як у 1,7 раза. У 2010-м загінула 2613 чалавек. У 2015 годзе — 1533. Колькасць загінулых у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў мінулым годзе зменшылася на 23,5% — з 34 да 26 чалавек.

Чалавечы фактар па ранейшаму застаецца галоўнай прычынай гібелі людзей на прадпрыемствах. Часта службовыя асобы, якія адказваюць за ахову працы, непрафесійна выконваюць свае абавязкі. Ды і самі пацярпелыя парушаюць элементарныя правілы, пагардліва ставяцца да асабістай бяспекі. «Здавалася б, сёння створана ўся нарматыўная база, неабходныя ўмовы, але часам на месцах бывае ўсё па іншаму. У большасці выпадкаў людзі атрымліваюць траўмы і гінуць з-за абыякавых адносін да сябе, незахавання правіл паводзінаў на вадзе, дарогах, на рабочым месцы», — упэўнены Алег Семянчук.

Але самае крыўднае, калі ў выніку знешніх прычын мы страчваем дзяцей. З пачатку гэтага года зарэгістравана 15 фактаў гібелі юных грамадзян, у 2014 годзе іх было 25, у 2015-м — 14. У гэтых трагедыях, як правіла, вінаваты дарослыя — недаглядзелі. Малыя капіруюць дарослых. Бацька перайшоў дарогу ў недазволеным месцы. «А чаму мне нельга?» — думае дзіця.

Паміж ведамствамі Міншчыны наладжаны ўлік і абмен інфармацыяй аб дзіцячым траўматызме, карпатліва аналізуецца кожны выпадак гібелі малых і падлеткаў, распрацоўваюцца канкрэтныя прафілактычныя мерапрыемствы. У 147 установах адукацыі ўстаноўлена ручная кнопка трывожнай сігналізацыі з вывадам на пульт цэнтралізаванага назірання аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў. У 1011 школах працуюць сістэмы відэаназірання. У 13 раёнах вобласці і горадзе Жодзіна імі ахоплены ўсе навучальныя ўстановы.

Педагогі цэнтральнага рэгіёна наведалі больш чым 60 тыс. сем'яў, паглядзелі, у якіх умовах жывуць непаўналетнія. Акрамя таго, міжведамасныя групы абследавалі жылыя памяшканні больш чым 14,4 тыс. сем'яў. У выніку выяўлена, што 2158 дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а 53 — маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Супрацоўнікі падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях таксама ўстанавілі 869 фактаў неналежнага догляду за дзецьмі. Па кожным з іх прыняты меры рэагавання, у тым ліку 115 рашэнняў аб адабранні малых з сям'і, 9 грамадзян пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

— У Мінскай вобласці створаны банк даных дзяцей, схільных да суіцыду. Штомесяц ён актуалізуецца, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сірэнка. — Цяпер у ім знаходзяцца 69 юных грамадзян.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чалавечы фактар

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.