Вы тут

120 год таму нарадзіўся знакаміты псіхолаг Леў Выгоцкі


У Гомелі ўнутры дома, дзе калісці жыў выдатны беларускі псіхолаг, заснавальнік культурна-гістарычнай тэорыі Леў Выгоцкі, будзе адкрыта дошка яго памяці. Магчыма, праз пэўны час суайчыннікі па-сапраўднаму ацэняць маштаб асобы вучонага і тут з’явіцца музей, прысвечаны знакамітаму на ўвесь свет чалавеку. Ёсць жа ў цэнтры Вены музей славутага аўстрыйца, псіхааналітыка Зігмунда Фрэйда, размешчаны ў яго былой кватэры.

Леў Выгоцкі – сярод тых нямногіх людзей, дыяпазон навуковых пошукаў якіх не ўпісваецца ў эпоху, адведзеную ім небам. Заснавальнік культурна-гістарычнай школы псіхалогіі нарадзіўся роўна 120 гадоў таму, 17 лістапада 1896 года ў Оршы, але большую частку свядомага жыцця пражыў менавіта ў Гомелі.


Леў Выгоцкі з дачкой Гітай.

Асветнік па разнарадцы

Самыя апошнія 10 гадоў ён правёў у Маскве, куды працаваць невядомага «асветніка» з глыбінкі нечакана запрасіў будучы заснавальнік нейрапсіхалогіі Аляксандр Лурыя, на той момант навуковы сакратар Псіхалагічнага інстытута. Адбылося гэта пасля даклада на Усерасійскім з'ездзе псіханеўролагаў. Дарэчы, Выгоцкага ў Петраград паслалі па «разнарадцы» - дэлегатам ад Гомельскай сістэмы адукацыі.

Можна было б лічыць такія факты біяграфіі дзівоснымі супадзеннямі, але ж у Маскву 27-гадовы Выгоцкі прыехаў цалкам сфарміраваным вучоным. Прыехаў з правінцыяльнага Гомеля, які сам заўсёды лічыў сваёй калыскай, куды яго бацькі пераехалі з Оршы, калі яму быў толькі год. У Гомелі ён вывучыў шэсць моў. Дома - англійскую, старажытнагрэчаскую і старажытнаяўрэйскую. У гімназіі - нямецкую, французскую, лацінскую. Тут атрымаў бліскучую адукацыю, якая дазволіла яму паступіць у сталічную вышэйшую навучальную ўстанову. Ён быў пестуном лёсу. У дарэвалюцыйнай Расіі ва ўніверсітэты прымалі не больш 3-4% выхадцаў з яўрэйскіх сем'яў. Гэта квота разыгрывалася сярод выпускнікоў класічных гімназій і медалістаў, што не вызваляла іх ад наступных уступных экзаменаў. Дык вось, 17-гадовы Выгоцкі выцягнуў свой шчаслівы білет і ў верасні 1913 года стаў студэнтам першага курса Маскоўскага Імператарскага ўніверсітэта.

Сухоты як прыгавор лёсу

У Гомелі Выгоцкі праходзіў цяжкія выпрабаванні, наканаваныя лёсам. Так, у 1917 годзе Леў вярнуўся з Масквы, дзе вучыўся, у Гомель. У гэты ж час ад тыфу памёр яго сярэдні брат, маці заразілася сухотамі, і ўся сям’я спрабавала выратаваць самага малодшага брата, таксама хворага на сухоты. Леў Сямёнавіч з абаімі хворымі – братам і маці паехаў праз ахопленую голадам і бандамі Украіну ў Крым. Але ў Кіеве брату стала так дрэнна, што далей яго не павезлі і вярнуліся дадому, дзе падлетак урэшце і памёр.

Асабістыя трагічныя падзеі адбываліся на фоне адсутнасці сродкаў для існавання практычна ва ўсяго насельніцтва. У адрозненне ад стрыечнага брата Давіда, Леў не прымаў удзелу ў рэвалюцыйных падзеях. У гэты час шмат настаўнікаў, якія не прынялі новую ўладу, пакінулі адукацыйныя ўстановы. Вучылішчы, школы, гімназіі засталіся без спецыялістаў. Леў Сямёнавіч збірае вакол сябе студэнтаў, выпускнікоў, маладых педагогаў, з імі работае і арыентуе іх на школу. Ён сам працаваў адразу ў некалькіх школах Гомеля. Выкладаў шмат прадметаў: ад філасофіі да літаратуры, этыкі, эстэтыкі, агульнай псіхалогіі, гісторыі. Ён чытаў адкрытыя лекцыі ў гарадскім парку, на сходах. І ў гэты ж час пачаў актыўна займацца даследчай работай у самых розных галінах педагогікі, псіхалогіі, асветніцтва, культуры…

 “Д” на “Т”

Сёння вывучэннем асобы і работ Льва Выгоцкага займаюцца ва ўсім свеце. У тым ліку на факультэце псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Наталля Дудаль расказвае, як адбылося станаўленне асобы Льва Выготскага:

- Бацька яго, Сямён Львовіч Выгодскі быў вельмі адукаваным чалавекам для павятовага Гомеля - горад тады ўваходзіў у склад Магілёўскай губерніі. Бацька скончыў Камерцыйны інстытут у Харкаве і быў намеснікам кіраўніка банка. Маці, Цэцылія Майсееўна, прысвяціла жыццё выхаванню васьмі дзяцей. Пры гэтым, як і бацька, ведала некалькі моў. Ёсць звесткі, што старшы Выгодскі заснаваў у Гомелі публічную бібліятэку. У доме добра ведалі літаратуру, і не выпадкова, што з сям'і Выгодскіх выйшла многа вядомых філолагаў. Сёстры Зінаіда і Клаўдзія складалі слоўнікі французскай і англійскай моў. Стрыечны брат Давід Ісакавіч - адзін з прадстаўнікоў "рускага фармалізму", вядомы літаратуразнаўца.

Нельга тут не згадаць яшчэ адзін адметны факт біяграфіі Льва, звязаны з іх агульным сямейным прозвішчам. Калі абодва браты пачалі актыўна публікавацца, іх пастаянна блыталі паміж сабой. Тады Леў Сямёнавіч прыняў рашэнне змяніць адну літару ў прозвішчы: "д" на "т". Так Леў Выгодскі стаў Львом Выгоцкім. Гэта змяненне не тычылася іншых членаў сям’і, у тым ліку дачок Гіты і Асі, якіх усе ведаюць як “Выгодскія”.

Ад рэцэнзіі да дысертацыі

Біяграфія вучонага вартая больш сур’ёзнага ўдакладнення, у тым ліку паглыбленага вывучэння дакументаў у архівах, лічыць Наталля Дудаль. Тым больш што час, у які жыў псіхолаг, быў вельмі складаны і супярэчлівы.

- Мы пакуль што нічога не ведаем пра тое, як сям’я Выгодскіх перажыла два яўрэйскія пагромы, якія здарыліся ў Гомелі ў 1903 і 1905 гадах. І ўсё ж гэта была эпоха ўнікальная і спрыяльная для нараджэння геніяў. І Выгоцкі быў з той кагорты. Ён пражыў такое насычанае жыццё за адведзеныя 37 гадоў, якое нават уявіць складана. Усіх здзіўляла яго працаздольнасць. Адразу пасля рэвалюцыі дваццацідвухгадовы Выгоцкі ідзе выкладаць рускую літаратуру ў першую працоўную школу Гомеля. Ён бярэ на сябе выкладанне агульнай, дзіцячай і педагагічнай псіхалогіі ў педтэхнікуме і на педагагічных курсах. Паралельна вядзе заняткі ў прафтэхшколе друкароў і металістаў, а таксама – у розны час – у народнай кансерваторыі (эстэтыку і гісторыю мастацтваў), на рабфаку і на курсах па падрыхтоўцы дашкольных работнікаў. Таксама яму даручаюць тэатральны пададдзел, а з 1921 года – мастацкі аддзел Губпалітасветы, - кажа Наталля Мікалаеўна.

Выгоцкі адначасова друкуе рэцэнзіі на спектаклі ў мясцовых выданнях: «Палескай праўдзе» і «Нашым панядзелку». У яго гомельскім паслужным спісе – кіраванне выдавецкім аддзелам «Гомдруку» (1922-23 гг.), пасада літаратурнага рэдактара выдавецтва «Гомельскі рабочы» (1923-24 гг.), арганізацыя Музея друку (фактычна бібліятэкі-чытальні) і выданне тэатральна-літаратурнага часопіса «Верас». А яшчэ літаратурныя «Панядзелкі» ў доме Саюза работнікаў асветы з лекцыямі пра Шэкспіра, Талстога, Караленку, Маякоўскага, Эйнштэйна…

У 1922-1923 гг. Выгоцкі правёў пяць даследаванняў, тры з якіх потым прадставіў на II Усерасійскім з'ездзе па псіханеўралогіі. Гэта былі: "Методыка рэфлексалагічнага даследавання ў прымяненні да вывучэння псіхікі", "Як трэба цяпер выкладаць псіхалогію" і "Вынікі анкеты пра настроі навучэнцаў у выпускных класах гомельскіх школ у 1923 г.". У Гомелі ім былі напісаны два вялікія рукапісы, потым прывезеныя ў Маскву: «Педагагічная псіхалогія» і «Псіхалогія мастацтва», абароненая як дысертацыя, але апублікаваная толькі праз шмат гадоў пасля яго смерці.

Пасведчанне Льва Выготскага.

Быць ці не быць?

Памёр Леў Выгоцкі ў 1934 годзе – ад сухот, якія мужна пераносіў на працягу многіх гадоў. Дарэчы, не спыняючы навуковай дзейнасці нават у бальнічнай палаце, дзе знаходзілася некалькі чалавек. Сваякі казалі, што, калі Выгоцкага апошні раз везлі ў бальніцу, ён узяў з сабой "Гамлета". У адным з запісаў пра шэкспіраўскую трагедыю было адзначана, што галоўны стан Гамлета - гэта гатоўнасць. "Я гатоў" - такія, па сведчанні медыцынскай сястры, былі апошнія словы Выгоцкага.

- Леў Выгоцкі заўсёды клапаціўся пра сваю сям’ю і вельмі многа працаваў, - працягвае расказ Наталля Дудаль. - Але гэта было не толькі дзеля грошай. Асноўным для яго была самарэалізацыя. Часта яна была звязана з жаданнем прызнання, славы, вядомасці. Аднак у біяграфіі Льва Выгоцкага няма нейкіх прыкмет таго, каб ён сапраўды прэтэндаваў на гэтую вядомасць. Ён не дэманструе гэтага. Яго вяло ў жыцці жаданне пошука ісціны. Студэнты, якія былі на яго лекцыях, успаміналі, што ахвотныя пачуць Выгоцкага стаялі пад вокнамі і ў калідорах. Тым часам ён хадзіў па аўдыторыі і спакойным, мяккім голасам разважаў услых. Пры гэтым у яго не было канспекта. Яго лекцыі стэнаграфавалі, каб нічога не прапусціць. Лекцыі і былі нараджэннем новых ідэй. Сваім студэнтам я заўсёды кажу, што Леў Сямёнавіч усім нам паказаў, што рэалізавацца магчыма не толькі ў сталіцы. Свабоднае валоданне мовамі дазваляла чытаць работы вядомых вучоных, у тым ліку Зігмунда Фрэйда, у арыгінале. На аснове рознабаковых ведаў ён пабудаваў сваю арыгінальную тэорыю, якая сёння вядомая ва ўсім свеце. Дарэчы, у Партугаліі ёсць інстытут псіхалогіі імя Выготскага. У Бразіліі, Ізраілі, ЗША працуюць па яго методыках.

Слава прыйшла з Захаду

Гэта цяпер. А пасля 1936 года яго работы трапілі ў спіс забароненых для далейшага распаўсюджвання. Прайшлі дзясяткі гадоў, перш чым Выгоцкі быў прызнаны ва ўсім свеце і пачалося трыумфальнае шэсце яго ідэй. Дарэчы, прызнанне і слава прыйшлі да Выгоцкага не ў савецкай Расіі, а на Захадзе. Пасля перакладу яго кнігі «Мысленне і гаворка» на английскую, японскую, а потым і іншыя мовы.

У СССР культурна-гістарычная тэорыя Выгоцкага нарадзіла буйную псіхалагічную школу, з якой выйшлі А.М. Лявонцьеў, А.Р. Лурыя, А.Ул. Запарожац, Л.І. Бажовіч, П.Я. Гальперын, Д.Б. Эльконін, П.І. Зінчанка, Л.Ул. Занкоў і іншыя.

- Нам з Выгоцкім пашанцавала, яму з намі – не вельмі, - сумна ўсміхаецца Наталля Дудаль. - Толькі пасля 60-х гадоў мінулага стагоддзя некаторыя яго работы сталі зноў друкавацца. І толькі зусім нядаўна іх сталі вывучаць студэнты ў ВНУ. Мы, калі тут вучыліся, яшчэ пра прозвішча Выгоцкага не чулі. Толькі цяпер пачынаем сур’ёзна звяртацца да яго работ і адкрываць наноў іх навуковую каштоўнасць. Большая частка работ Выгоцкага напісана для педагогаў і настаўнікаў, якія працуюць з малодшымі школьнікамі. У тым ліку з тымі, якія маюць праблемы ў развіцці. Ён шукаў тлумачэнне ўнутраных псіхічных працэсаў ва ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Са з'яўленнем новых навук - валеалогіі, карэкцыйнай педагогікі - ідэі Выгоцкага сталі вельмі актуальнымі. Прыкладна з 1998 года наша кафедра пачала актыўна ўключацца ў асветніцкую і адукацыйную работу, каб наноў адкрыць Выгоцкага. Тыя міжнародныя навуковыя канферэнцыі, якія мы праводзім, накіраваны менавіта на гэта. Дарэчы, у панядзелак, 21 лістапада, пройдзе чарговая. Яна мае назву «Л.С.Выгоцкі і сучасная культурна-гістарычная псіхалогія: праблемы развіцця асобы ў зменлівым свеце». Нам яшчэ пашанцавала пазнаёміцца з дачкой Выгоцкага, кандыдатам псіхалагічных навук Гітай Львоўнай, якая прыязждала на самыя першыя нашы канферэнцыі. Вельмі ўважлівая, абаяльная, душэўная, кантактная. Калі мы з ёй гутарылі, я думала: відаць, Леў Сямёнавіч быў такім жа. Цяпер да нас прыязджае яго ўнучка, доктар псіхалагічных навук Алена Яўгеньеўна Краўцова. Яна вельмі радуецца, што пра яе славутага дзеда памятаюць на малой радзіме.

Мемарыяльная кватэра ў філармоніі

У многіх краінах свету ёсць спецыяльныя турыстычныя маршруты, прысвечаныя знакамітым людзям, якія праславілі той ці іншы куток. Праводзіць экскурсію “па маршруце Льва Выготскага” гатовыя і студэнты ГДУ імя Ф.Скарыны, - адзначае Наталля Дудаль.

- У Гомелі дагэтуль захаваліся будынкі, якія звязаны з асобай Льва Выгоцкага. У доме па вуліцы Савецкай, дзе зараз размяшчаецца абласная філармонія, калісьці жыла сям’я Выгодскіх. Яны займалі кватэру на другім паверсе. У будынку сённяшняга Старога Універмага знаходзіўся калісь гатэль “Савой”. Там быў адзін з гомельскіх тэатраў, спектаклі якога малады Выгоцкі рэцэнзаваў. Тут жа па яго запрашэнні выступалі артысты Марыінскага тэатра. Насупраць, бліжэй да плошчы - банк, у якім працаваў бацька Льва Сямёнавіча – Сямён Львовіч. Там і цяпер знаходзіцца адзяленне банка. У будынку паліграфічнага прадпрыемства “Палесдрук” пасля рэвалюцыі знаходзіліся розныя канторы, у тым ліку – выдавецтва, дзе працаваў Леў Выгоцкі з братам Давідам Выгодскім. У нашым гомельскім педагагічным каледжы, які сёння носіць імя Выгоцкага, ёсць цікавая экспазіцыя, прысвечаная нашаму выдатнаму вучонаму. Навукоўцы лічаць, што ў архівах яшчэ можа быць знойдзена шмат невядомых дагэтуль дакументаў. Мы са студэнтамі працавалі ў гомельскім дзяржаўным архіве. Знайшлі пасведчанне, якое яму выдалі 1 сакавіка 1921 года, калі прызначылі загадчыкам тэатральнай секцыі гомельскага губернскага аддзела народнай адукацыі. У фондах Гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў захоўваецца газета “Палеская праўда” ад 22 мая 1923 года, дзе сярод найлепшых настаўнікаў Гомеля называецца імя Льва Выгоцкага, выкладчыка школы 2-й ступені імя К.Лібкнехта. Знайшлі мы і надрукаваную на машынцы псіхолага-педагагічную характарыстыку, якую Выготскі прапанаваў для аналіза дзейнасці вучня. Гэта метадалагічная распрацоўка - адна з яго першых навуковых работ. Нам хочацца вярнуць Выгоцкага беларускай псіхалогіі. Хочацца, каб у свеце ведалі пра яго гомельскія карані, каб праз яго выдатную асобу ведалі пра ўсю нашу краіну.

Памятная дошка для асабліва ўважлівых

Дарэчы, менавіта для гэтай мэты 21 лістапада плануецца адкрыць у Гомелі ўнутры дома, дзе жыла ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя вялікая сям’я Выгодскіх, памятную дошку. Удзел ва ўрачыстасцях прымуць навукоўцы з Беларусі, Расіі, Украіны, Бразіліі, Латвіі, Ізраіля. На Міжнароднай канферэнцыі мяркуюць заслухаць тэматыку, цікавую як спецыялістам, так і шырокай аўдыторыі. Размова пойдзе пра ролю і месца культурна-гістарычнай тэорыі ў сучасным гуманітарным пазнанні, тэарэтычныя праблемы развіцця асобы ў кантэксце культурна-гістарычнай псіхалогіі, псіхалагічную культуру і псіхалагічнае здароўе асобы ў інфармацыйным грамадстве і многае іншае.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

iost@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.