Вы тут

5 найлепшых фільмаў Сафі Марсо


Днямі адзначыла круглую дату кінаактрыса і рэжысёр, нацыянальная любіміца Францыі, якая ўваходзіць таксама ў топ-20 найпрыгажэйшых актрыс Галівуда — Сафі Марсо. У свае 50 актрыса па-ранейшаму эфектная і прывабная жанчына, запатрабаваная ў тэатры, кінематографе і рэкламнай індустрыі. З нагоды юбілею імянінніцы прапануем успомніць 5 найлепшых фільмаў з яе ўдзелам.


«Бум»

Які савецкі школьнік у 1980-я не бачыў гэту рамантычную камедыю! Бацькі 13-гадовай Вік усё яшчэ бачаць у ёй маленькую дзяўчынку і празмерна апякаюць, не прымаючы ўсур'ёз першага падлеткавага кахання. Дзяўчына ж перажывае той самы «бум» непаслушэнства, таму імкнецца да самастойнасці ўсімі сіламі і спосабамі, абыходзячы строгія забароны бацькоў і звяртаючыся па параду да мудрай бабулі... У свой час «Бум» быў лідарам кінапракату, абышоўшы нават другую частку кінатрылогіі «Зорныя войны», а загалоўны саўндтрэк фільма стаў мегахітом у Еўропе!

14-гадовая Сафі Марсо трапіла ў фільм зусім выпадкова: даведалася ад сваёй знаёмай, што ў новую камедыю патрабуюцца падлеткі, прайшла кастынг і — літаральна прачнулася знакамітай. А за ролю ў наступнай кінастужцы «Бум-2» дзяўчына атрымала прэстыжную прэмію «Сезар» як самая перспектыўная актрыса.


«Водар кахання Фанфан»

У паспяховай меладраме 1993 года актрыса сыграла ролю адчайнай дзяўчыны, якая загразла ў любоўным тррохкутніку. Малады чалавек, які збіраўся неўзабаве ажаніцца, пазнаёміўся з чароўнай студэнткай Фанфан (Сафі Марсо) і закахаўся ў яе. Каб не разбураць жыццё сваёй нявесты, юнак вырашыў абмежавацца платанічнымі стасункамі, але Фанфан катэгарычна супраць...


«Храбрае сэрца»

Рэжысёр Мел Гібсан спецыяльна запрасіў менавіта францужанку Марсо на ролю прынцэсы Ізабелы, жонкі англійскага караля Эдуарда. Для яе здымкі сталі першым вопытам работы ў Галівудзе і прынеслі плён у выглядзе мноства прапаноў ад рэжысёраў і рэдактараў глянцавых часопісаў. Ну, а карціна атрымала пяць прэмій «Оскар», некалькі «Залатых глобусаў» і яшчэ два дзясяткі кінаўзнагарод.


«Ганна Карэніна»

Гэты фільм 1997 года лічыцца адной з лепшых экранізацый рамана ў свеце, а ролю Марсо крытыкі назвалі вельмі ўдалым увасабленнем складанага вобразу рускай жанчыны. Зрэшты, не абышлося і без крытыкі — расійскія кінааматары напусціліся на чубок актрысы, які, паводле сведчання гісторыкаў, жанчыны ў той час не насілі.


«Па той бок ложка»

Лёгкая камедыя 2008 года пра сямейнае жыццё расказвае пра эксперымент сямейнай пары, у якой кожны лічыў, што ягоная ноша цяжэйшая. На год муж — працаголік, уладальнік буйной кампаніі, і жонка — хатняя гаспадыня, якая займаецца домам, дзецьмі і продажам біжутэрыі — мяняюцца месцамі, каб праверыць, па чый бок ложка жывецца лепш.

...Акрамя ўдалай акцёрскай кар'еры, Сафі Марсо нарадзіла дваіх дзяцей ад каханых мужчын, рэалізавала сябе як рэжысёр і сцэнарыст, напісала напалову аўтабіяграфічны раман — і засталася кумірам мільёнаў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».