15 студзеня, пятніца

Вы тут

У старажытным абрадзе закладалася формула ўсяго жыцця чалавека


Ёсць у нас сямейны анекдот. Калі кумы ехалі ў касцёл хрысціць маю цётку, па дарозе забыліся, якое імя хацелі даць дзяўчынцы бацькі. Вяртацца не было магчымасці, таму, доўга не думаючы, вырашылі назваць так, як і будучую хросную, — Леангінай. Цётка заўсёды крыўдавала, калі бабуля са смехам расказвала гісторыю яе незвычайнага імені. Але паводле беларускіх традыцый кумы прынялі правільнае рашэнне, бо ў даўнія часы імя дзіцяці давалі менавіта хросныя, а ўжо вярнуўшыся з храма, паведамлялі яго бацькам і гасцям сямейнага свята.

Гледачы тэлеканала «Беларусь 3» на працягу ўсяго лістапада маюць магчымасць больш даведацца пра тое, як ладзілі хрышчэнне нашы продкі, паслухаць песні, што выконваліся падчас гэтага абраду ў розных рэгіёнах краіны. Выпускі праграмы «Наперад у мінулае» з экспедыцый на Жыткавіччыну і Ашмяншчыну ўжо выходзілі ў эфір. А ў нядзелю, 20 лістапада, аматары беларускай песні ўбачаць, як спрадвек праводзілі свята ў вёсцы Азіна, што на Полаччыне. Традыцыйна разам з камандай праекта вандруе і карэспандэнт «Звязды».


Пад спе­вы гас­цей, смех і пляс­кан­не ў лад­кі ў Азі­не пры­ня­та ка­таць ба­бу­лю ў ноч­вах.

Каб дзіця расло здаровым і шчаслівым

Нашы продкі лічылі: падчас хрышчэння задаецца формула жыцця чалавека, вызначаецца яго лёс. Таму не дзіўна, што гэты абрад суправаджаецца мноствам прыкмет, рытуалаў і забабонаў. Да хрышчэння нават імя немаўляці не давалі, каб абараніць яго ад уздзеяння злых сіл. Так, у вёсцы Буразь на Жыткавіччыне першыя тры месяцы немаўля закручвалі ў ношаныя кашулі, а спаць клалі ў ночвы, пакрытыя полагам, — каб ніхто не сурочыў. Хлеб, які кум дарыў бацькам падчас абраду хрэсьбін, павінны былі адкусіць усе госці — каб дзіця хутка загаварыла. Таксама тут прынята пры першым знаёмстве з малым класці яму гро-шы пад падушку — на дзіця нельга глядзець «голым» вокам.

Яшчэ больш правілаў павінна было выконвацца гасцямі і хроснымі на Ашмяншчыне. У вёсцы Паляны з даўніх часоў існуе традыцыя: апроч кумоў, запрашаць хросную бабку-павітуху — кабету сталага ўзросту. Быць хроснай бабкай — вялікі гонар. Тут кажуць, што тая жанчына, якая ніколі не выконвала гэтую пачэсную ролю на хрэсьбінах, на тым свеце будзе зайцоў пасвіць. Павітуха павінна згатаваць «бабіну» кашу і разам з іншымі падарункамі для хрэсніка прынесці яе на свята. Перад хрышчэннем немаўля купалі, а калі збіралі дзіця ў храм, каля правага боку клалі хлеб — каб чалавек заўсёды быў сытым, а каля левага — соль, каб не баяўся сурокаў. Пасля абраду хрышчэння немаўля тры дні не мылі і не здымалі тую кашулю, у якой яно стаяла «пад Хрыстом». У гэтай жа кашулі трэба было хрысціць і наступных дзяцей, якія нараджаліся ў сям'і, — каб яны жылі ў ладзе і згодзе.

Кума несла ў дом немаўляці хлеб, які сімвалізаваў дастатак у хаце. Выпраўляючыся ў храм разам з немаўлём, хросныя павінны былі пераступіць парог, на які клалі прылады працы — каб дзіця не было гультаём, у будучыні стала добрым майстрам. Па дарозе ў царкву кумам забаранялася спыняцца, злазіць з воза, збочваць, саступаючы дарогу іншым, а таксама размаўляць — каб дзіця не было крыклівае.

Калі хросная бабка сустракала кумоў з царквы ў хаце, яна апранала кажух, вывернуты калматым бокам наверх, — дзеля здароўя і багацця дзіцяці, а пад парог клалі аўчыну — дзеля дабрабыту кумоў. Вяртаючы бацькам дзіця, кумы паведамлялі, якое імя атрымаў хлопчык ці дзяўчынка, а таксама казалі: «Ваша нараджонае, а наша — хрышчонае. Хай стаіць пад вянцом, як сёння — пад Хрыстом». Ужо ахрышчанае немаўля клалі на стол, каб дзіця спала спакойна, цягалі яго за ножкі — каб было высокае і прыгожае. За святочным сталом кумам дазвалялася выпіць толькі цотную колькасць чарак. Лічылася, што гэта будзе спрыяць таму, каб хлопчык ці дзяўчынка заўсёды былі ў пары. Падчас бяседы нельга маўчаць, госці павінны жартаваць, весяліцца і спяваць — каб дзіця хутка загаварыла і прыязна ставілася да людзей. Таму і песні, што спяваюць у гэтай мясцовасці падчас хрэсьбін, у асноўным жартоўна-здзеклівыя. Натуральна, жартавалі з кумоў і хроснай бабкі. У вёсцы Паляны на Ашмяншчыне ведаюць, напрыклад, такую песню:

А ў садзе явар зелянюсенькі,

На куце кумок маладзюсенькі.

А ў садзе вішня зелянюсенька,

На куце кума маладзюсенька.

Пад гарой вярба сукаватая,

На куце бабка гарбатая.

Госці павінны працягнуць жарт і дадаць гучна: «Але багатая», тады і пачыналі дарыць малому падарункі.

Важ­ны эле­мент хрэсь­бі­наў — спе­вы-ві­тан­ні баць­кам.

Кіруемся ў Азіна

Гэтая маляўнічая вёска на Полаччыне месціцца на беразе прыгожага возера Белае. Легенда распавядае, што ў далёкія часы на яго берагах пасялілася племя людзей, якія пакланяліся Перуну. Аднойчы гэтаму богу не спадабалася ахвярапрынашэнне, і ён наслаў на зямлю магутны вецер. Ён разбураў жытло, ламаў дрэвы. Калі бура сціхла, уся зямля і возера былі ўсыпаныя белымі кветкамі яблынь. З той пары і вёску, і возера сталі называць Белае. Згадкі пра мястэчка Белае сустракаюцца ў дакументах з часоў вайны 1654—1669 гадоў. Спачатку яно складалася з мураванага касцёла і царквы пры дарозе з Полацка. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя тут пабудавалі царкву. Сама вёска большала і большала. Значным для яе жыхароў стаў 1975 год, калі гістарычная назва была зменена.

Сёння ў назве вёскі ўшаноўваецца памяць Уладзіміра Азіна, удзельніка Грамадзянскай вайны. Хоць даследчыкі і лічаць яго латышом па нацыянальнасці, нарадзіўся Азін на Беларусі, у вёсцы Мар'янава колішняга Полацкага павета. У часы вайны ён быў вядомы як вельмі смелы, мужны і адважны салдат. Дывізію, якую ўзначальваў, нават называлі «жалезнай» — столькі перамог яна атрымала.

Але цяпер Азіна можна лічыць не толькі турыстычным цэнтрам, дзе на бегарах возера ўлетку адпачывае мноства вандроўнікаў, але і мясцінай, знакавай для нашай культуры. Тут па ўспамінах старажылаў узноўлены ўнікальны абрад хрышчэння, які пашанцавала пабачыць здымачнай камандзе праекта «Наперад у мінулае» і нашаму карэспандэнту. Для нас правёў абрад гурт «Бела чайка», што існуе пры Азінскім сельскім Доме культуры.

«Мая кумка маладзее»

Так, выпраўляючы кумоў з немаўлём у храм, тут спрадвеку бацькі разам з хроснымі абыходзілі тры разы вакол стала — у тым напрамку, як рухаецца сонца. Каля дзіцяці клалі гліну і соль. Па дарозе на хрышчэнне, на скрыжаванні дарог, кумы абавязкова павінны іх выкінуць, каб немаўля ніхто не сурочыў. Перад дарогай, каб шлях быў добры, усе сядалі і хвіліну сядзелі моўчкі. Адметна, што насупраць дзвярэй сядзець не дазвалялася. Каля парога ў хаце клалі лён і іголку — каб дзяўчынка была добрай гаспадыняй. Кумы тройчы падымалі дзіця перад парогам і рушылі ў храм. Пры гэтым усе павінны былі выйсці з хаты — каб правесці дзіця на хрышчэнне.

Тут таксама выконвалі мноства правілаў. Каб дзіця загаварыла хутка і выразна — кумы павінны адразу назваць імя, якое далі немаўляці пры хрышчэнні. На здароўе, спакойны сон і як абарону ад злых сілаў у калыску, дзе будзе спаць ужо хрышчонае дзіця, клалі вугольчык, хлеб-соль і лыжачку.

Песня — важная частка абраду хрышчэння. Спачатку песняй віталі маці, а потым славілі бацьку. Дарэчы, для маці спявалі досыць сумную песню, а бацьку прысвячалі жартоўную і ў той жа час вельмі сімвалічную. Яна зашыфравана распавядае пра зачацце і нараджэнне дзіцяці:

А спасіба кавалю,

Што скаваў нам дзіця.

Ну а кузня ў яго

Вельмі цёплая была.

А сама каваліха

Добры мех надула.

Святочная бяседа распачыналася зазвычай адмысловым абрадам надзялення першай чаркай. Выпіваючы першую чарку, усе госці казалі: «Бачылі пад Хрыстом, дай Божа ўбачыць пад вянцом». Тым самым прарочылі шчаслівае жыццё немаўляці, а сабе — доўгі век. За сталом праводзілі яшчэ адзін абрад: кумам налівалі гарэлку, яны клалі ў чаркі манеты, крыху адпіўшы, астатняе вылівалі як мага вышэй угору са словамі: «Божа, блаславі, каб наш(а) хрэснік(ца) вось так высока скакаў(ла)».

Кумы, як і бабуля, за сталом лічыліся аднымі з галоўных асоб. Ім надавалася пільная ўвага. Так, кум і кума павінны сядзець блізка і не перакрыжоўваць ногі — каб іх хрышчонае дзіця мела роўныя зубы.
З нагоды гэтай вымушанай застольнай «блізкасці» госці часта жартавалі і пыталіся ў кумоў, ці не паспелі яны закахацца адно ў аднаго. Натуральна, кумам прысвячаліся песні. Напрыклад, вось такая:

Каб я знала, каб я ведала,

Што ты ў мяне кумой будзеш,

Пасадзіла б я цябе

ў гародзе на траве

Чырвонаю ружаю.

Дожджык ліе, сонца грэе,

Мая кумка маладзее.

Асаблівым чынам аддавалі пашану і бабулі. Гэта, як традыцыйнае для гэтай мясцовасці катанне ў карыце, ці ночвах, гульня з выкраданнем бабуліных падарункаў кумам. Таксама гасцей запрашалі на «бабіну» кашу — ёй частавалі не проста так, а за грошы. Пры гэтым «продаж» ператвараўся ў цэлы спектакль з пажаданнямі дзіцяці, яго маме і тату. Усе сабраныя грошы потым аддавалі бацькам.

Адметна, што хрышчэнне дзіцяці станавілася святам не толькі для сям'і, а і для ўсёй вёскі. Так, катанне бабулі ў начоўках зазвычай адбывалася пад гучныя спевы, плясканне ў ладкі і грукат палкамі аб пустыя вёдры. Так аднавяскоўцы ведалі: у гэтай хаце вялікая радасць і свята. Святкаванне доўжылася да глыбокай ночы, гульні і песні былі амаль бясконцымі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Бярыце наша народжанае, а прывязіце — хрышчонае»

Каментары

Дзякуй вялiкi за цiкавы артыкул!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.

Грамадства

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

«Ахвотных настолькі многа, што скончыліся бланкі».