Вы тут

…Парадоксаў сябра


Яго ў кулуарах часта называлі беларускім Сальвадорам Далі. Сёння ж сябры творцы кажуць, што са славутым іспанцам яго можна было параўноўваць толькі па знешнім падабенстве, але ў мастацтве ён быў і ёсць менавіта Георгій Скрыпнічэнка са сваёй вялікай скарбонкай ідэй, ведаў і творчых магчымасцей. Да гадавіны смерці мастака ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка «Метамарфозы». Да выстаўкі прымеркаваная і прэзентацыя альбома «Георгій Скрыпнічэнка. Графіка», у які ўвайшлі каля двухсот твораў арыгінальнай і тыражнай графікі, якія адлюстроўваюць творчыя дасягненні майстра больш чым за сорак гадоў.


«Радзіма ў пакутах», 1969 — 1970 г

На адкрыцці выставачнага праекта ў новым будынку Мастацкага музея сабраліся блізкія, сябры і калегі, каб успомніць таленавітага майстра, аддаць даніну павагі яго творчай спадчыне і асаблівай манеры, якая неаднойчы захапляла гледачоў свету. У экспазіцыі — больш як пяцьдзясят станковых жывапісных і графічных твораў, створаных у розныя перыяды — ад ранняга (час пошуку вобразаў, стылю, тэм) да сталага (калі ёсць і тэмы, і вобразы, але ж яны пераасэнсоўваюцца майстрам).

Калі гаворка заходзіць пра сюррэалізм у беларускім мастацтве, то ў першую чаргу ўспамінаюць творы Георгія Скрыпнічэнкі. Яго творчасць неардынарная: тут ёсць месца казачным сюжэтам, біблейскім і міфалагічным персанажам, вядомым гістарычным асобам, вобразам сучаснікаў і тэмам класічнага мастацтва. Углядаючыся нават у адзін твор, спрабуеш аб’яднаць мноства самастойных, цэласных дэталяў у агульны сэнс і, калі атрымліваецца скласці гэтыя «пазлы» ў агульны малюнак, разумееш, што Георгій Скрыпнічэнка — геній. Ён абсалютна ненадакучліва звяртае ўвагу на велізарны пласт тэм, сітуацый, якія кранаюць душу і заклікаюць не згубіць унутранае адчуванне любові да мастацтва, гісторыі і радзімы. Мастак размаўляе з табой праз кампазіцыю.

У гісторыю беларускага мастацтва Георгій Скрыпнічэнка ўвайшоў як майстар містыфікацыі і парадаксальнасцей. Яго дзіўныя героі, неверагодныя спалучэнні вобразаў, смелая дэфармацыя аб’ектаў і людзей і ў рэшце рэшт сумяшчэнне несумяшчальнага (своеасаблівы мастацкі аксюмаран) разам складаюць почырк аўтара.

Мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч адзначыла, наколькі для Беларусі знакавая творчасць аўтара і важная памяць пра яго:

— Абаянне Георгія Скрыпнічэнкі было велічэзнае як чалавека, як творцы. І мне падабалася, што ў ім заўжды жыла нейкая загадка. Мы ўсе — калегі, сябры, мастацтвазнаўцы — шматгадова імкнуліся разгадаць код Скрыпнічэнкі, разгадаць, як уздзейнічае магія яго творчасці, адкуль вырас такі загадкавы, цікавы еўрапейскі мастак, які вучыўся ў звычайнай школе і скончыў наша мастацкае вучылішча, які працаваў у нашай паўсядзённасці, але, тым не менш, бачыў яе абсалютна інакш. У яго быў свой шчыры погляд на ўсё. У работах творцы любоў да радзімы вельмі адчувальная, вельмі кранальная. Да апошняга ён заставаўся загадкавым мастаком, таму што яго вобразы шматслойныя і прачытваюцца паразнаму. У работах Георгія Скрыпнічэнкі няма цытат, хоць, канечне, калі мы на іх глядзім, то бачым, што ён добра адчуваў мастацтва XX стагоддзя. Гэта быў сапраўдны мастак постмадэрнізму. Мы можам ганарыцца тым, што гэты чалавек жыў на нашай зямлі, што ягоная спадчына засталася і, спадзяюся, застанецца на радзіме і далей. Звычайна, чалавек сыходзіць, і мы з горыччу ўсведамляем, што многае не паспелі: не набылі яго творы, не выдалі належныя кнігі. Я радая, што творчасць Георгія Скрыпнічэнкі захавалася ў выданнях, якія былі створаныя, дарэчы, пад наглядам аўтара. Ёсць дзве кнігі, адна з якіх выйшла некалькі гадоў таму, а другая — пасля смерці, і мастак хацеў, каб яна была. Гэта вялікая справа, таму што калі ёсць карціны, кнігі і сведкі пра творчасць майстра, мастак жыве, і яго творчасць бясконцая.

Дзяцінства і юнацтва Георгія Скрыпнічэнкі прайшло ў Слуцку, дзе мастака ведаў амаль увесь горад як стылягу, які насіў вузкія штаны. Менавіта такім, дзёрзкім і вясёлым, ён пачаў наведваць разам з братамі Басалыгамі студыю мясцовага Палаца піянераў, дзе ўсур’ез захапіўся мастацтвам. Творчасць настолькі ўпісалася ў жыццё будучага майстра, што любую вольную хвіліну ён спрабаваў маляваць — на тым, што трапляла пад рукі. Аднойчы бацька адправіў мастака працаваць на будоўлю ў Салігорск, дык нават там хлопец прымудраўся ствараць невялічкія эцюды, якія пасля прысвяціў першаму настаўніку жывапісу. Пасля ў жыцці аўтара з’явіліся такія дарагія выкладчыкі, як Альгерд Малішэўскі, Леанід Шчамялёў, якія ўбачылі яго талент і дапамаглі развіць мастацкія здольнасці.

«Яна прыйдзе», 1985 — 1995 г.

Неверагодная цяга да родных мясцін у Георгія Скрыпнічэнкі захоўвалася ўсё жыццё: падарожнічаў па Беларусі, часта выязджаў з калегамі на прыроду, дзе ў дзень мог напісаць каля дваццаці эцюдаў.

Да тэмы нацыянальнага мастак звярнуўся ў творах не адразу. Дзесьці ў 1980-я гады прыцягнулі беларускія традыцыі, стылістыка, мова. На гэта паўплывалі сябры мастака, якія размаўлялі на беларускай мове, узнімалі шырокі пласт тэм, важных для краіны. Ён не застаўся ўбаку, сам пачаў актыўна папулярызаваць родную культуру.

Адна з самых каштоўшных рыс мастака, пра якую так часта распавядаюць яго сябры, — адсутнасць занадта высокай самаацэнкі. Майстар не любіў вялікай увагі да сябе, не любіў, калі яго называлі геніяльным альбо лепшым. Нават калі мастацтвазнаўцы адзначалі, што ён задаў своеасаблівую хвалю творчасці для сваіх сяброў Уладзіміра Савіча, Мікалая Селешчука, Уладзіміра Тоўсціка і іншых, творца заўсёды казаў, што нічога не прапагандаваў наўмысна, а тым больш не задаваў ніякіх хваль, усе развіваліся паралельна, а калі нешта падглядалі адзін у аднаго, то гэта была сяброўская ўзаемадапамога.

Георгій Скрыпнічэнка — асоба, якая больш за ўсе даражыла свабодай — унутранай і творчай. Для яго не мелі значэння грошы, слава і прызнанне, а важна было, каб любоў да любімай справы жыла ў душы. Былі ў жыцці моманты і сітуацыі, якія маглі яго ўнутраную свабоду загубіць, але ён застаўся верным сабе, ніколі не адмаўляўся ад сваіх прынцыпаў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.