Вы тут

Высветлены звыш 200 імёнаў салдат, якія лічыліся зніклымі без вестак


У пачатку ліпеня 1944-га, калі мінчане сустракалі вызваліцеляў, непадалёк ад сталіцы разгарнуліся жорсткія баі. Шматтысячная групоўка нямецкіх войск, якая засталася ў тыле, люта супраціўлялася — вораг не хацеў пакідаць аблюбаваныя ім мясціны. Але савецкія воіны ачысцілі беларускую зямлю. Хоць многія з іх і цаною свайго жыцця...


Аляк­сей ШАЎ­ЦОЎ ка­ля 10 га­доў зай­ма­ец­ца по­шу­ка­мі не­вя­до­мых сал­дат.

У тыя дні загінула шмат нашых вайскоўцаў. Некаторыя з іх назаўжды страцілі сваё імя. І калі б не няўрымслівыя сваякі і неабыякавыя супрацоўнікі дзяржаўных структур, застаўся б безыменным салдатам і малодшы лейтэнант Гайдані Гарэеў.

Апошні прытулак Гайдані

Вядучы спецыяліст кірунку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Мінскай вобласці Аляксей Шаўцоў і сёння памятае гэтую гісторыю.

— Пасля таго, як да нас у камісарыят звярнуліся сваякі Гайдані Гарэева, мы адправілі запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, — расказвае Аляксей Шаўцоў. — Аказалася, што вёскі Ленінец, каля якой, па інфармацыі сваякоў, загінуў малодшы лейтэнант Гарэеў, няма і ніколі не было. Але яны настойвалі, і мы зрабілі паўторны запыт, самі пачалі праводзіць расследаванне. Высветлілася, што непадалёк ад пасёлка Абчак, дзе разгарнуліся баі ў тыя ліпеньскія дні, знаходзілася вёска Лебедзенец, а не Ленінец, як было сказана ў дакуменце. Паднялі архівы, апыталі мясцовых: сапраўды, і каля Лебедзенца ішлі жорсткія баі.

Імянны спіс беззваротных страт афіцэрскага складу 110-й Верхнедняпроўскай стралковай дывізіі 50-й арміі пацвердзіў: каля населенага пункта Лебедзенец Мінскага раёна Мінскай вобласці пры ліквідацыі акружанай групоўкі немцаў разам са сваімі баявымі таварышамі загінуў камандзір узвода 1289-га стралковага палка малодшы лейтэнант Гайдані Якупавіч Гарэеў. Пахавалі вайскоўцаў у той жа вёсцы. Гэта ўжо пасля вайны разам з іншымі ваеннаслужачымі (а гэта больш як 300 чалавек) свой апошні прытулак яны знайшлі ў брацкай магіле ў вёсцы Абчак.

Пакуль вяліся пошукі, Ваенны камісарыят Мінскай вобласці вёў перапіску са сваякамі загінулага Гайдані Гарэева. Жывуць яны цяпер, як і той некалі, у Рэспубліцы Башкартастан. Як толькі атрымалі радасную навіну, нягледзячы на адлегласць, адразу тры пляменніцы Гарэева прыехалі ў Беларусь, каб пакланіцца магіле, дзе пахаваны іх родны дзядзька.

— Было гэта якраз напярэдадні святкавання чарговай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — прыгадвае Аляксей Шаўцоў. — Жанчыны былі прыемна ўражаны тым, як адзначаюць у нас Дзень Незалежнасці, як увогуле адносяцца да таго, што звязана з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Але той дзень запомніўся ім яшчэ і тым, што на новай мемарыяльнай пліце, якую адкрывалі каля пахавання ў Абчаку, увекавечылі імя іх гераічнага продка, якога яны так доўга шукалі.

Рас­коп­кі на мес­цы ня­мец­ка­га ла­ге­ра для са­вец­кіх ва­ен­на­па­лон­ных  «Шта­лаг 382» у Ба­ры­са­ве, якія пачаліся гэ­тай во­сен­ню.

Знайсці, каб пакланіцца

Падобных гісторый у прафесійнай скарбонцы Аляксея Шаўцова багата. Пошукавай дзейнасцю ён займаецца ўжо амаль 10 гадоў, таму аповедаў хопіць на цэлую кнігу (а ўсё можа быць: Аляксей Мікалаевіч — яшчэ і пісьменнік).

— Ужо больш чым 70 гадоў прайшло пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, а колькі нашых суайчыннікаў дагэтуль засталося невядомымі салдатамі, — гаворыць Аляксей Мікалаевіч. — Чым далей ідзе час, тым складаней становіцца ўстанавіць іх імёны. Пакуль яшчэ жывыя сведкі тых падзей і сваякі загінулых, дзякуючы якім мы можам атрымаць хоць нейкую інфармацыю, важна гэты час не ўпусціць. І трэба сказаць, людзі масава сталі шукаць сваіх продкаў. Раней такога не было. Праўда, ёсць і такія, хто саромеецца пачаць пошук або проста не ведае гісторыі сваёй сям'і.

Але дакладныя звесткі аб загінулым больш як 70 гадоў таму чалавеку не гарантуюць, што менавіта яго астанкі будуць падняты вайскоўцамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Адзіным спосабам ідэнтыфікацыі асобы чалавека застаецца так званы «смяротны медальён», знайсці які, на вялікі жаль, — рэдкая ўдача. Толькі і сярод знойдзеных (не ўсе прытрымліваліся салдацкага павер'я) не кожны можна расшыфраваць: эбанітавыя капсулы ўжо не такія герметычныя, часам нават крыміналісты сваімі сродкамі не могуць выратаваць такія каштоўныя сёння ўкладышы. Так і застаюцца палеглыя героі невядомымі...

Дапамагаюць устанавіць імёны вайскоўцаў і архівы. Часам, трапіўшы на адно прозвішча ў спісах беззваротных страт, можна адшукаць цэлы ўзвод палеглых у тым ці іншым баі. Год на год не прыпадае, але менавіта дзякуючы архівам ваенкамат Мінскай вобласці штогод устанаўлівае ад 150 да 200 імёнаў. Сёлета са спісу зніклых без вестак у лік тых, хто загінуў за Радзіму, перайшло звыш 200 чалавек. Іх імёны ўвекавечаны на мемарыяльных плітах.

— Адным дастаткова, што ўстанавілі месца гібелі іх роднага чалавека, і яны прыязджаюць пакланіцца пахаванню, — кажа Аляксей Шаўцоў. — Некаторыя хочуць атрымаць больш інфармацыі: для іх подзвіг дзеда або іншага члена сям'і вельмі важны. Мы дапамагаем складаць генеалагічнае дрэва, устанаўліваем баявы шлях загінулага абаронцы Айчыны.

Колькі лёсаў падчас работы ў ваенным камісарыяце раскрыў Аляксей Шаўцоў. Але адшукаць роднага дзядзьку яму так і не ўдалося. Пахавальная, якую ў свой час атрымала бабуля, даўно страцілася. Іншых звестак, якія б дапамаглі знайсці сваяка, не засталося.

Як шукаць салдата?

У пачатку года на ўліку ваеннага камісарыята Мінскай вобласці значылася 1812 воінскіх пахаванняў. Больш за ўсё іх у Барысаўскім, Капыльскім, Лагойскім, Любанскім, Пухавіцкім, Слуцкім і Уздзенскім раёнах. Не трэба быць гісторыкам, каб звязаць чалавечыя страты з баямі, карнымі аперацыямі гітлераўцаў, канцэнтрацыяй партызанскіх злучэнняў на гэтых тэрыторыях.

Усяго за перыяд баявых дзеянняў на Міншчыне загінула амаль 240 тысяч чалавек. Прычым без малога 224 тысячы (цэлы горад!) пала на палях Вялікай Айчыннай вайны. 32 тысячы вайскоўцаў мелі гонар быць абазначанымі на сваіх магілах. Звыш 206 тысяч лічацца невядомымі салдатамі...

Магчыма, іх стала б значна менш, калі б кожны, хто хоча даведацца пра лёс свайго сваяка, ведаў, з чаго пачаць пошукі. Ваенны камісарыят Мінскай вобласці прапануе наступны алгарытм пошуку.

Па-першае, кожны раён мае сваю кнігу «Памяць», дзе змешчаны спісы жыхароў рэгіёна, якія загінулі або зніклі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама там можна знайсці інфармацыю аб вайскоўцах, якія загінулі і былі пахаваны на гэтай тэрыторыі. Адшукаць кнігі «Памяць» можна ў бібліятэках і ваенкаматах.

Па-другое, большасць дакументаў, якія датычацца перыяду Другой сусветнай вайны, захоўваюцца ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Падольску. Напісаўшы вядомыя аб чырвонаармейцу даныя, можна адправіць запыт у архіў.

Па-трэцяе, сёння ў інтэрнэце даступны базы даных, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб савецкіх воінах, у тым ліку аб тых, якія загінулі і зніклі без вестак у гады ваеннага ліхалецця. Перш чым звяртацца ў архіў, варта наведаць абагульнены электронны банк даных «Мемарыял» (obd-memorіal.ru) і электронны банк дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (podvіgnaroda.mіl.ru).

Па-чацвёртае, уважліва пераглядзіце дамашні архіў. Лісты з фронту і пахавальныя — вельмі каштоўныя крыніцы інфармацыі.

Спадзяёмся, што гэты алгарытм дапаможа вам знайсці свайго продка. І тады на аднаго, а можа, нават болей невядомых салдат стане менш...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Таццяны Лазоўскай

Загаловак у газеце: Невядомых становіцца менш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».