Вы тут

Эфектыўная сістэма падбору спецыялістаў і кіраўнікоў


У філіала «Фалько-Агра» адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Дзяржынскі» багатая і цікавая гісторыя. Пасля 1927 года мясцовыя сялянскія гаспадаркі аб'ядналіся ў адну калектыўную. Плошча калгаса на той час налічвала 2372 гектары, у тым ліку 1574 ворыўных зямель. Іх апрацоўвалі 268 калгаснікаў. У 1933 годзе на базе саўгаса «Вязань» стварылася фаніпальская машынна-трактарная станцыя. Пасля Вялікай Айчыннай вайны калгас быў адноўлены.


Кі­раў­нік гас­па­дар­кі Ва­дзім Кунц. Зды­мак зроб­ле­ны на тэ­ры­то­рыі но­вай ма­лоч­на­та­вар­най фер­мы.

Пасля перабудовы калгас імя Фалько стаў адным з паспяховых на Міншчыне. Да пачатку 2000 года тут пабудавалі 100 дамоў. У 2003-м калгас перайменавалі ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Фалько-2003», які ў хуткім часе рэарганізавалі ў структурнае падраздзяленне «Фалько-Агра» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». Пазней да гаспадаркі далучылі структурнае сельскагаспадарчае падраздзяленне «Іскра-Агра». Так і з'явіўся новы філіял камбіната, які спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса буйной рагатай жывёлы, прадукцыі раслінаводства. Дзевяць гадоў сельгасарганізацыю ўзначальвае Вадзім Кунц.

За гэты час яна непазнавальна змянілася, тут шмат чаго пабудавана, рэканструявана, значна павысіліся надоі і прывагі жывёлы.

— А якой вы бачыце гаспадарку ў перспектыве? — пацікавілася я ў дырэктара.

— У нас урадлівая зямля, вельмі моцны калектыў, адукаваныя спецыялісты. Гэта пацвярджаюць і вучоныя, з якімі працуем. Напрыклад, галоўны аграном Павел Сяргеевіч Навіцкі, які ўваходзіць у асацыяцыю лепшых аграномаў краіны, ставіць шмат доследаў у раслінаводстве, што дапамагае атрымліваць якасныя кармы, высокую ўраджайнасць. Начальнік малочна-таварнага комплексу Вольга Мікалаеўна Шахава праводзіць свае доследы ў жывёлагадоўлі, што дазваляе ў канчатковым выніку дабівацца ісціны. Невыпадкова мы здаём дзяржаве 100% малака экстра-класа. Таму далейшае развіццё гаспадаркі бачу менавіта ў прафесійных кадрах, — кажа Вадзім Уладзіміравіч. — Мая задача як кіраўніка — арганізацыя працэсу, вытворчай, тэхналагічнай дысцыпліны. З некаторымі спецыялістамі мы не сышліся ў сваіх поглядах, але развіталіся без узаемных крыўд. Я таксама шукаю прафесіяналаў. На адной ферме надойваюць, напрыклад, 7 тыс. кілаграмаў на карову штогод, на іншай — 8 тыс., а нехта мае ўжо больш за 9 тыс. кілаграмаў. Нельга стаяць на месцы, трэба рухацца наперад, каб расла заработная плата, адпаведна і дабрабыт нашых працаўнікоў.

Ін­спек­тар па кад­рах Але­на Вай­ця­хо­віч і на­чаль­нік МТК «Вя­зан­ка» Воль­га Ша­ха­ва.

Дадам, што многія кадры філіяла «Фалько-Агра» ідуць на павышэнне ў раён. Прычым, кіраўнік лічыць, што рост — гэта не новая, больш значная пасада, а менавіта вышэйшая заработная плата ў параўнанні з папярэдняй.

У гаспадарцы выпрацаваны свае падыходы, сістэма работы з кадрамі. Да гэтага тут ішлі не адзін год. Больш за тое, дырэктар упэўнены, што лозунг «Кадры вырашаюць усё» не састарэў. Ад кваліфікаваных работнікаў залежыць калектыўны поспех. Спецыялісты, кіраўнікі падраздзяленняў стажыруюцца за мяжой, вывучаюць перадавы вопыт арганізацыі вытворчасці, укаранення сучасных тэхналогій.

— Мы пабудавалі сучасны малочнатаварны комплекс. Інфармацыю, як яго лепш уладкаваць, нашы спецыялісты збіралі па ўсім свеце, пабывалі ў Чэхіі, Германіі, Израілі. Калі на старой ферме надойвалі на карову каля 8 тысяч кілаграмаў малака, то сёння — 9,5 тыс. І дасягнулі высокай якасці прадукцыі, — кажа Вадзім Кунц. — Менавіта таму, што мы падбіралі прафесіяналаў у сваёй справе, абнаўлялі калектыў. Для нас паказчык якасці — перш за ўсё здаровая жывёла. У гэтым кірунку плённа папрацавалі з РУП «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага». У выніку атрымалі больш за 90 цялят на 100 кароў. Раней выхад быў на ўзроўні 55 цялят на 100 галоў.

— Большасці студэнтаў вучэбная праграма не дазваляе адразу працаваць добра. У навучальнай установе ім выкладаюць тэорыю, а практыкі не хапае, паколькі чалавек не можа замацаваць матэрыял на ферме, у механічнай майстэрні, на полі, — лічыць Вадзім Кунц. — У нас практыканты з розных ВНУ краіны. Мы іх, так бы мовіць, вучым, нацягваем. Сёння ў мяне, напрыклад, 9 інжынераў. Многія цікавяцца: навошта столькі. А яны працуюць на розных участках вытворчасці: хтосьці на ферме, а нехта — за рулём трактара. Чаму? Малады спецыяліст абмежаваны ў зарплаце, а механізатар можа зарабіць і 20 тыс. рублёў. Калі раней мае хлопцы супраціўляліся, маўляў, я інжынер, а мяне на сушылку паставілі, то цяпер зразумелі, як важна ўмець зарабляць грошы. Гэтаму іх вучу, і я сам калісьці так вучыўся ў калгасе. Чалавек не прыстасаваны да цяжкасцей, калі яго па жыцці вядуць бацькі. Мы настройваем маладых людзей на тое, каб былі самастойнымі, самадастатковымі, заводзілі сям'ю, дзяцей, якіх маглі б забяспечыць і пракарміць. І кожнаму з іх даём магчымасць вызначыцца: стаць добрым спецыялістам, кіраўніком. Сістэма падрыхтоўкі кадраў ёсць і ў кожным вытворчым падраздзяленні філіяла. Людзей доўга вучым, нават мучымся з некаторымі. Нічога не атрымліваецца ў чалавека — пераводзім на іншую работу. Супраціўляецца — развітваемся. Паспрабуй нешта іншае ў жыцці, знайдзі сябе.

На­мес­нік на­чаль­ні­ка комп­лек­су «Вя­зан­ка» На­дзея Дум­ная на ра­бо­чым мес­цы, ад­куль вя­дзец­ца кант­роль за хо­дам аў­та­ма­ты­за­ва­най дой­кі ка­роў.

Нядаўна ў філіяле былі студэнты з Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, дырэктар прачытаў ім лекцыю. Спадабалася. Сказалі, што будуць наведвацца ў гаспадарку і надалей.

У філіял «Фалько-Агра» прыязджаюць павучыцца таксама студэнты і выкладчыкі замежных ВНУ. Напрыклад, у той дзень, калі мы пабывалі ў сельгасарганізацыі, тут чакалі дэлегацыю са Стаўраполля. А да гэтага былі іранскія, узбекскія госці і нават амерыканцы. І кожны з іх узяў для сябе нешта карыснае.

Апошнім часам у гаспадарку прыязджаюць украінцы, але, вядома, не ўсіх бяруць на работу — жорсткі адбор. Ды для месцічаў — гэта канкурэнты, так што ў многіх з'явіўся стымул працаваць лепш, актыўней. Загадчыца малочнатаварнага комплексу «Вязанка» Вольга Шахава пераехала ў «Фалько-Агра» з Харкаўскай вобласці. Па спецыяльнасці яна медсястра. Ды не пабаялася пайсці працаваць спачатку паляводам, а потым і на ферму. А цяпер завочна вучыцца на заатэхніка ў Гродзенскім аграрным універсітэце. Што прымусіла дзяўчыну памяняць прафесію?

— Я заўсёды любіла жывёлу. Жывёліна ўдзячная істота: да яе — з ласкай і яна адказвае тым жа. У свой час мой бацька вымушаны быў развітацца з паляваннем, паколькі кожны раз я плакала і ўпадала ў істэрыку. Дапамог перакваліфікавацца ў заатэхніка і прыклад нашага дырэктара, яго адносіны да жывёлы. Я ніколі не бачыла, каб мужчына з такой пяшчотай і клопатам ставіўся да кароў. У Вадзіма Уладзіміравіча багаты вопыт, ён нашмат больш ведае, чым я. Заўсёды мяне вучыў, падказваў. А калі пабудавалі новы комплекс, прапанаваў яго ўзначаліць. Як сёння помню той дзень 1 кастрычніка мінулага года, калі яго адкрылі, як завезлі першыя 50 кароў, як іх даілі, — успамінае дзяўчына.

Су­час­нае вы­со­ка­пра­дук­цый­нае аб­ста­ля­ван­не да­зва­ляе хут­ка аха­лодж­ваць ма­ла­ко пас­ля дой­кі. На гэ­тым участ­ку мы сфа­та­гра­фа­ва­лі жы­вё­ла­во­да Юлію Ка­ле­нік.

Комплекс абсталяваны па самых сучасных тэхналогіях: даільнае абсталяванне «карусель», «разумны» халадзільнік, які ў рэжыме анлайн паказвае колькасць малака, яго тэмпературу, час і дату, калі яно было сюды заліта. Працуюць тут 32 чалавекі. Калі яны не паспяваюць спраўляцца, на падмогу прыходзяць беспрацоўныя з раённага цэнтра занятасці насельніцтва, якія, як правіла, займаюцца падсобнымі работамі, падмятаюць двор, чысцяць памяшканні. Затое з імі адразу ж разлічваюцца ў канцы дня. Пабудавалі комплекс у сціслыя тэрміны — за адзін год. «Вязанка» ўключае ў сябе два вялікія кароўнікі на 500 галоў кожны, малочна-даільны блок, кацельную, памяшканне для малых цялят, цялятнік для дарошчвання, будынак для сухастойных кароў. На яго ўзвядзенне затрачана 95 млрд рублёў. Але комплекс ужо пачаў даваць аддачу, няма вялікіх праблем з вяртаннем крэдытаў.

— Мы можам даказаць любому малаказаводу, што ў нас чыстае малако. Яно сёння ва ўсіх запатрабавана. Бо спажыўцы разумеюць, што мы працуем прафесійна. У нас няма прыбораў ачысткі прадукцыі. Прынцыпова іх не набываем, каб калектыў ведаў, што здаровая карова — гэта здаровае цяля і якаснае малако. Прычым на комплексе 100-працэнтнае пакрыццё кароў. Вядома, гэта дазволіла прыплюсаваць па малаку, — канстатуе Вадзім Уладзіміравіч.

У планах кіраўніка — узвядзенне новага жывёлагадоўчага комплексу, дзе будзе бяспрывязнае ўтрыманне.

Ну, а Вольга Шахава дадае, што на адну карову на комплексе надойваюць па 25—27 літраў малака ў дзень. Але Вольга Мікалаеўна ставіць перад сабой мэту атрымліваць больш як па 30 літраў ад кожнай.

— Мне заўсёды хацелася жыць у вашай краіне. Калі я ўпершыню прыехала ў Беларусь да сваякоў мужа, літаральна захварэла Беларуссю. Тут мяне ўсё задавальняе: работа, зарплата, жыллёвыя ўмовы, — прызналася напрыканцы мая суразмоўца.

УНП 601064189

Загаловак у газеце: Сцвярджэнне, што кадры вырашаюць усё, не ўстарэла

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?