Вы тут

Якую працу прапаноўвалі, а якую шукалі на кірмашы вакансій у сталіцы


43-гадовы афіцэр запасу Андрэй кажа, што прыйшоў сюды пашырыць свой кругагляд, паглядзець, што новага на рынку працы. Работа, па словах мужчыны, у яго ёсць, але калі знойдзецца нешта лепшае, ён згодны памяняць яе. Гатовы памяняць нават прафесію, калі будзе прапанавана навучанне за кошт прадпрыемства. «Я набраў буклетаў, дома пасяджу, пачытаю, разбяруся, што да чаго. Спадабалася, што можна пахадзіць, паглядзець, калі спытаеш — падрабязна адкажуць на пытанне, але ніхто нікому нічога не навязвае...»


Магчымасць прайсці сумоўе з прадстаўнікамі аддзелаў кадраў многіх сталічных арганізацый, атрымаць кансультацыю спецыялістаў па пытаннях прафарыентацыі, працаўладкавання, навучання, арганізацыі ўласнай справы — усё гэта прыцягнула на кірмаш вакансій не толькі Андрэя, але і многіх іншых мінчан.

Амаль побач з уваходам наведвальнікаў сустракалі прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №7 будаўніцтва. «Навучальныя курсы па рабочых прафесіях з далейшым працаўладкаваннем!», — заваблівае мінчан дзяўчына ў белай будаўнічай касцы.

«Усяго адзін месяц навучання — і працаўладкуем вас ліфцёрам», — прапанавала яна карэспандэнту «Звязды».

— Гэта платныя курсы? — цікаўлюся я.

— Калі вы прыходзіце па накіраванні ад цэнтра занятасці — навучанне бясплатнае. А так — 100 рублёў за месяц навучання.

— А зарплата якая ў ліфцёра?

— 300 рублёў.

«Мне б што-небудзь з большай зарплатай... Вось, гляджу, вы рыхтуеце тынкоўшчыкаў, маляроў...» Дзяўчына крытычна азірае мяне і адказвае: «Я вам параіла б лепш павучыцца на агародніка або кветкавода. Усяго паўтара месяца — і будзеце працаваць у цяпліцы, заробак там — да 1000 рублёў. Гэта, мне здаецца, вам больш падыдзе»...

***

Народ тоўпіцца каля столікаў, за якімі сядзяць прадстаўнікі сталічных прадпрыемстваў. Вось прадстаўніца чатырохзоркавага гатэля, якому, мяркуючы па аб'яве на стэндзе, патрабуюцца афіцыянты, прадаўцы і пакаёўкі, цярпліва тлумачыць немаладой жанчыне: «Пакаёўка — гэта не проста прыбіральшчыца. У яе павінна быць хоць бы мінімальнае веданне англійскай мовы, каб зразумець, што хоча замежны турыст. Ён можа папрасіць аднесці яго рэчы ў хімчыстку альбо ў пральню, або камусьці стане дрэнна і трэба прынесці аптэчку... Згадзіцеся, усё гэта трэба зразумець і не зрабіць наадварот, каб потым гасцініца не аплачвала лішнія выдаткі. Таксама трэба ведаць тэхналогію ўборкі. Мы можам вам гэта прапанаваць, вядома, бо галоўнае — жаданне чалавека працаваць. Але ведайце, гэта цяжкая фізічная праца...»

— А зарплата якая? — цікавіцца жанчына.

— Ад 400 рублёў — гэта ўсё ж некваліфікаваная праца.

— А на чаявыя можна разлічваць?

— Вядома, чаявыя бываюць...

Работнікі патрабуюцца метрапалітэну, водаканалу, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання
насельніцтва, МАЗу, Мінскаму механічнаму заводу імя Вавілава, хакейнаму клубу «Юнацтва Мінск», Мінскаму электратэхнічнаму заводу імя Казлова, «Еўраопту»... На кірмашы таксама маецца шмат прадстаўнікоў сталічных бальніц і паліклінік, але да іх столікаў наведвальнікі падыходзяць рэдка. Яно і зразумела: без спецыяльнай адукацыі туды можна ўладкавацца хіба што санітаркай.

Спецыяліст па персанале Мінскага гадзіннікавага завода Алена Зінькова адзначае: «У нас ужо ўтварыўся спіс кандыдатаў на працаўладкаванне, у тым ліку і на рабочыя пазіцыі. Усіх іх чакае сумоўе. Звярталіся людзі як з вопытам работы, так і без. Але ў нас ёсць абавязковае патрабаванне: зрок павінен быць не меншы за адзінку».

Многія прадпрыемствы згодныя браць на работу і без мінскай рэгістрацыі, да таго ж, гэта даўно ўжо не забаронена законам.

***

Як расказалі «Звяздзе» супрацоўнікі, што сядзелі за столікам з надпісам «Камітэт па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама», па садзейнічанне ў працаўладкаванні да іх у асноўным звяртаюцца тыя, у каго ёсць запіс у працоўнай кніжцы «звальненне за вінаватыя дзеянні» — гэта значыць за прагулы, распіццё алкагольных напояў на працоўным месцы. У многіх такі запіс не адзін... «Вось ім цяжка знайсці работу, і яны прыходзяць да нас і пытаюцца: «Як нам быць? Да каго звярнуцца?» Але ў іх толькі адно выйсце: знайсці наймальніка, які ім паверыць».

— Цяжка бывае знайсці работу і тым, хто вызваляецца з месцаў пазбаўлення волі. Але мы можам ім дапамагчы, бо яны абаронены законам, таму ўладкоўваем іх па броні. Калі ў наймальніка ёсць броня па працаўладкаванні пэўных груп грамадзян, то ён не мае права адмовіць такім людзям, — сказала прадстаўніца камітэта. — Вельмі часта прыходзяць бабулі, якія клапоцячыся пра сваіх дзяцей і ўнукаў, шукаюць работу ім. Добра, калі б яны прыходзілі разам з тымі, за каго клапоцяцца. Невядома, ці хоча на самай справе гэты ўнук ці сын уладкоўвацца на працу... Людзі падыходзяць, цікавяцца новым законам аб занятасці, дэкрэтам аб сацыяльным утрыманстве (больш вядомым у народзе як дэкрэт аб дармаедах). Падыходзяць з пытаннямі пенсіянеры. Але тут ужо залежыць ад наймальніка: хтосьці бярэ на работу пенсіянераў і іх не бянтэжыць узрост, хтосьці — не. У работадаўца таксама ёсць права выбіраць сабе работніка.

***

Недалёка ад століка з прадстаўнікамі камітэта па працы, занятасці і сацабароне бачым вакансіі для людзей з інваліднасцю: патрабуюцца спецыяліст па рабоце з кліентамі (дыспетчар) і адміністратар вэб-сервера (работа з сайтамі). «Каб уладкавацца па першай вакансіі, трэба мець выразную, пісьменную мову і ведаць камп'ютар на ўзроўні карыстальніка, — тлумачыць прадстаўнік ТАА «Гіпермаркет паслуг 124». — Суіскальніку другой вакансіі важна толькі добра валодаць камп'ютарам. Мы таксама аказваем насельніцтву бытавыя паслугі, таму нам патрэбны электрыкі, сантэхнікі, майстры на гадзіну. Гэта таксама могуць быць людзі з інваліднасцю». Побач Беларускае таварыства глухіх прапануе работу інвалідам па слыху...

Увогуле, вакансіі ў Мінску ёсць, і пры жаданні працу знайсці можна. Хоць шмат і расчараваных. Пенсіянерка Ніна Міхайлаўна кажа, што хацела б яшчэ дзе-небудзь папрацаваць, але нічога прыдатнага для сябе не ўбачыла: «Мне патрэбна работа ў Першамайскім раёне, каб далёка не ездзіць. Адукацыя ў мяне вышэйшая педагагічная, шмат гадоў прапрацавала выхавацелькай у інтэрнаце. Цяпер не супраць хоць вахцёрам працаваць або гардэробшчыцай, але такіх вакансій, каб было недалёка ад дома, я не знайшла». А вось архітэктар Ірына — аптымістка. «Работу знайсці можна, але, вядома, хочацца, каб яна задавальняла па ўсіх параметрах, каб яна давала не толькі грошы, але і нешта для душы. Але штосьці ды знойдзецца!».


На аднаго беспрацоўнага ў Мінску — 1,6 вакансіі

Па стане на 1 лістапада ў Мінску наймальнікамі заяўлена 9117 вакансій. У той жа час колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, склала 5586 чалавек. Сярэдні ўзровень аплаты па прапанаваных у сталіцы вакансіях складае каля 500 рублёў. Каля 20% наймальнікаў прапануюць заробак у 600—1000 рублёў, а заробак ад 1000 рублёў прапаноўваюць толькі 2% вакансій.

Усяго за 9 месяцаў гэтага года ў дзяржаўную службу занятасці насельніцтва ў Мінску па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнуліся 20,1 тысячы чалавек, з іх 14,5 тысячы атрымалі статус беспрацоўнага. Рэгістрацыя апошніх у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізілася на 5,2%. Беспрацоўнымі пераважна рэгістраваліся асобы, якія страцілі працу ў сувязі са скасаваннем кантракта па пагадненні бакоў (кожны чацвёрты з ліку тых, хто звярнуўся), і асобы, якія не працавалі больш за год (19%). Перыяд працаўладкавання беспрацоўных у сярэднім склаў 3,7 месяца.

У ліку найбольш запатрабаваных спецыяльнасцяў сярод рабочых прафесій — арматуршчык, бетоншчык, электрамантажнік па кабельных сетках, тынкоўшчык, кухар, кантралёр-касір, прадавец, швачка, прыбіральшчыца, санітарка. З ліку кваліфікаваных спецыялістаў гораду не хапае фельчараў, дактароў, медсясцёр, фармацэўтаў, менеджараў, інжынераў, выхавальнікаў дашкольных устаноў.

Сярод спецыяльнасцяў, дзе колькасць саіскальнікаў работы перавышае попыт з боку наймальнікаў, можна назваць аператараў электронна-вылічальных машын, ахоўнікаў, грузчыкаў, дворнікаў, падсобных рабочых, вартаўнікоў, справаводаў, механікаў, архітэктараў, экспедытараў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў, мадэльераў і інш.

У сталіцы назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя скарачэння долі насельніцтва ў працаздольным узросце (да 61,8% на пачатак 2016 года). Але, як адзначаюць спецыялісты, у выніку прынятых мер і паэтапнага павышэння ўзросту выхаду на пенсію, пачынаючы з 2017 года працоўны патэнцыял горада будзе расці.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Каб не толькі грошы, але і штосьці для душы»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».