Вы тут

Як банк дапамагае рамантаваць школы Гродзеншчыны


Пяць школ у Гродзенскай вобласці мадэрнізуюць за сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР). Пра гэта журналістам паведаміў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр САНГІН.


У 2016 годзе запланавана выкананне рамонтна-будаўнічых работ на пяці аб'ектах адукацыі рэгіёна, уключаных у праект «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь», за кошт пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. На гэтыя мэты са сродкаў пазыкі ў рэгіён накіравана 5,03 млн беларускіх рублёў.

Згодна з праектам вядзецца будаўніцтва прыбудовы да харчаблокаў і рамонт актавай і спартыўнай залы Воранаўскай сярэдняй школы. У сярэдняй школе №1 Астраўца запланаваны капітальны рамонт 1 і 3-га паверхаў з мадэрнізацыяй харчаблокаў, спартзалы і вентыляцыі. У Ашмянах МБРР прафінансуе мадэрнізацыю харчаблока і капітальны рамонт даху, а таксама вентыляцыі спартзалы. У сярэдняй школе №3 Шчучына будзе праведзены капітальны рамонт даху, а ў сярэдняй школе №5 Навагрудка запланаваны работы па цеплавой рэабілітацыі будынка, замене вокнаў, мадэрнізацыі інжынерных сетак. На цяперашні момант будаўнікі працуюць на чатырох аб'ектах — у Астраўцы, Воранаве, Шчучыне і Навагрудку.

Работы пачаліся ў кастрычніку і па кантракце павінны быць завершаны за 3-4 месяцы. На сайтах устаноў адукацыі можна азнаёміцца з іх выкананнем. Неўзабаве плануецца прыступіць да мадэрнізацыі і ў Ашмянах. «У бліжэйшы час будзе вызначаны пераможца таргоў па выкананні будаўнічых работ, вынікі працэдуры ўзгодняць з банкам», — паведаміў Аляксандр Сангін.

У 2017 годзе ў праект МБРР увойдзе яшчэ пяць навучальных устаноў рэгіёна — сярэдняя школа №2 Ваўкавыска, сярэдняя школа №2 гарадскога пасёлка Карэлічы, СШ №2 Шчучына, Бакштаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Іўеўскага раёна і Іўеўская СШ. Да канца бягучага года за кошт пазыкі МБРР плануецца прыступіць да падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на рамонт чатырох з іх. Праект для пятай школы ў Іўі ўжо створаны за сродкі раённага бюджэту.

Праект «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» распрацаваны Міністэрствам адукацыі пры ўдзеле спецыялістаў Сусветнага банка і прадугледжвае стварэнне якасных умоў навучання ў сельскай мясцовасці і малых гарадах.

Раман АЛЯХНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.