Вы тут

Колькі ілжы ў вялікіх вачах?


Цім Бёртан — рэжысёр вялікі без перабольшвання. Ён зняў стужкі, якія лічацца калі не класічнымі, то абавязковымі для прагляду дакладна. Некалькі гадоў таму Бёртан зняў стужку, пра якую казалі шмат. Пра «Вялікія вочы» адгукаліся не толькі добра, але і не вельмі (а рэжысёр у сваёй стужцы, дарэчы, даволі шмат кажа пра крытыкаў праз сваіх герояў). Нягледзячы на рэцэнзіі, фільм паглядзець трэба. Хоць бы для таго, каб даведацца аб гісторыі мастачкі, пра якую многія з нас, напэўна, нават не чулі.


Каб не Цім Бёртан, мы б не даведаліся пра Маргарэт Кін. І гэта сапраўды так, бо праз кіно нашмат лягчэй пазнаёміць чалавека з кімсьці ці чымсьці. Мы глядзім на экран і бачым там не проста відэашэраг, а гісторыю, якая паглынае і не пакідае абыякавымі. Чамусьці многія з нас ведаюць Эндзі Уорхала. А чаму? Таму што яго поп-арт усюды? Таму што мы бачылі яго вядомыя «банкі з супам»? Чаму тады мы ніколі не бачылі «вялікія вочы»? Бо насамрэч нават сам Уорхал быў захоплены гэтымі карцінамі. Нездарма стужка Бёртана пачынаецца са слоў мастака.

Жанчына, якая хуценька здымае са сцен свае карціны, хоча збегчы. Ёй надакучыла папярэдняе жыццё, яна з тых, хто не баіцца пачаць усё з нуля. Таму Маргарэт, тады яшчэ не Кін, забірае рэчы, карціны і маленькую дачку Джэні і едзе ў Сан-Францыска з яго рамантычнымі мастамі.

Прызнаюся, калі адразу ўбачыла адну з карцін «вялікія вочы», не зразумела яе шэдэўральнасці. Мне ўвогуле падалося, што гэта малюнак малой Джэні, хоць і зроблены вельмі якасна і «па-даросламу». Але з цягам часу, угледзеўшыся, пазнаёміўшыся з мастачкай, пачынаеш разумець, што «вялікія вочы» — не проста дзеткі з «анімэшнымі» вачыма. Гэта адбітак жыцця Маргарэт Кін.

Для мяне гэта ад пачатку да канца была стужка пра самаахвярнасць. Я глядзела кіно, а думка пра тое, што чалавек на працягу жыцця чымсьці ахвяруе, не пакідала мяне. Магчыма, вам падасца тое самае. Маргарэт Кін у «Вялікіх вачах» — у першую чаргу, жанчына. Ніхто не ўспрымае яе як добрага мастака, бо ці можа ў жанчыны штосьці добрае атрымлівацца? Ці здольная жанчына ствараць шэдэўры? Ці можа яна зразумець тонка арганізаваны свет? Нават муж Маргарэт не разумеў яе таленту.

Для Уолтэра Кіна карціны жонкі былі заробкам. Не, не, не толькі. Яшчэ лёгкім шляхам да славы. Спачатку здавалася, што ён не збіраецца нажывацца наработах Маргарэт — Уолтэр сумленна насіў яе карціны разам з сваімі па галерэях, хацеў іх выстаўляць, а калі яны падаваліся гледачам агіднымі, ён абараняў іх. І дзе ж той момант, калі ў ім прачнулася прага да славы? Дзе той момант, калі ён «здрадзіў» жонцы?

Уолтэр Кін заўсёды хацеў быць мастаком. Так ён усім казаў. Але я яму не веру. Калі хочаш быць кімсьці, то спрабуеш. Калі хочаш быць мастаком — спрабуеш маляваць, спрабуеш выстаўляцца, спрабуеш раіцца з тымі, хто ўжо мастак. Спадар Кін мог толькі скардзіцца на тое, што «хацеў, але не атрымалася». Для жанчыны, калі ў яе мужчыны штосьці не атрымліваецца, справай №1 становіцца шчасце мужа. І гэтае шчасце становіцца галоўнай яе памылкай.

Кажуць, што «Вялікія вочы» — стужка яшчэ і пра фемінізм, ці пра змаганне за фемінізм. Маргарэт у першую чаргу дэманструе пакорлівасць жанчыны. Амаль на працягу ўсёй стужкі яна робіць тое, што скажа муж. Канечне, без жадання, але робіць. Пасля яна скажа, што баялася. Акрамя таго, што яна яго баялася, яна яму яшчэ і верыла, яна яго яшчэ і кахала. У выніку атрымалі стакгольмскі сіндром.

Калі чалавек ахвяруе дзеля дабра — гэта пахвальна. Але дзеля чаго ахвяравала сабой мастачка? Здаецца, яна і сама не да канца разумела гэта. Карціны з вялікімі вачыма былі для яе чымсьці накшталт дзяцей — цяжка было расставацца з імі, цяжка было глядзець, як яны прысвойваюцца чалавекам, якому не належаць.

Кін кіраваў сваёй жонкай. Як толькі яна спрабавала супраціўляцца, Уолтэр казаў: «Не думай пра тое, як сказаць “не”, бо ёсць мільён прычын, каб сказаць “так”». Вось і самаахвяраванне — цяпер Маргарэт жыла ў вялікім, прыгожым доме, мела грошы, расціла прыгажуню-дачку і глядзела па тэлебачанні праграмы, у якіх яе муж расказваў пра «свае» карціны. Усё ж за радасці трэба плаціць, як інакш?

Калі нарэшце людзі, якія глядзелі на карціны, спыталі Уолтэра, «а чаму ў іх такія вялікія вочы?», ён наўпрост не змог адказаць, пайшоў з пытаннем да жонкі. Маргарэт адказала без сумненняў: «Я веру, што ў іх шмат відаць, разумееш, бо вочы — гэта люстэрка душы». Не самы арыгінальны адказ, але самы шчыры.

«Вялікія вочы» зняты па матывах кнігі Маргарэт Кін «Вялікія вочы. Таямнічая гісторыя Маргарэт Кін». Можа, таму і можна сказаць, што стужка — не проста кіно, якое пасля прагляду пакідае эмоцыі, уражанні і «адбітак» на ведах гледачоў: «вялікія вочы» сапраўды існавалі, мастачка сапраўды перажыла ўсё, пра што расказаў Бёртан, Уолтэр Кін сапраўды ўкраў карціны сваёй жонкі.

І гэта сапраўды стужка пра самаахвярнасць. Пра самаахвярнасць Маргарэт Кін як жанчыны, як жонкі, як маці, як сябра і як мастачкі. Мы бачым жанчыну, якая з лёгкасцю змяняе сваё жыццё ў пачатку стужкі, але не можа змяніць яго пасля — ці не талент стаў пракляццем Маргарэт Кін?

Акрамя таго, што карцінка атрымалася прыгожай і яркай, акцёры выканалі свае ролі выдатна, трэба адзначыць саўндтрэк да стужкі — адмысловую песню для «Вялікіх вачэй» напісала вядомая спявачка Лана Дэль Рэй. Паслухаўшы яе песню перад праглядам, можна зразумець, якой будзе стужка, пра што яна будзе, які настрой чакае гледача ў наступныя паўтары гадзіны: «З вялікімі вачыма шмат ілжы».

Маргарыта Дзяхцяр

Надрукавана ў "Маладосці"

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.