Вы тут

Што рабіць, калі кветкам нездаровіцца?


Калі вашым кветачкам нездаровіцца, не трэба адразу бегчы за хіміяй у краму. Усе складнікі гэтых рэцэптаў вы знойдзеце ў сябе дома.


Пазбаўцеся ад тлі з дапамогай мыйнага сродку

Тля любіць пасвіцца на свежых маладых парастках. Але наўрад ці ёй спадабаецца пара кропель мыйнага сродку і мокрая ануча. Адзін рух — і тлі як не было.


Далоў нелегалаў

Калі ў зямлі завяліся маленечкія насякомыя, якія так і кішаць у вазонах, уторкніце ў зямлю тры запалкі галоўкамі ўніз, і шкоднікі хутка пакінуць аблюбаванае месца.


Воцатная эсэнцыя дэзынфіцыруе

Грыбок, мох і плямы вапны з часам робяць вазон непрывабным і з'яўляюцца пажыўным асяроддзем для хвароб. Нанясіце на гаршчок воцатную эсэнцыю і пачысціце яго шчоткай — гэта выдаліць бруд і знішчыць хваробы.


Вадкае мыла і спірт расправяцца са шчытоўкай

У гэтага шкодніка ўпарты характар: насякомыя хаваюцца пад шчытом і таму іх цяжка дастаць. Лепш за ўсё іх саскрэбці адзін за адным палачкай. Можна паспрабаваць раствор вадкага мыла і спірту: 20 г мыла і трохі спірту растварыць у літры вады, пасля чаго шчодра апырскаць гэтай сумессю ніжні бок лісця. Калі шчытоўка не збяжыць, намачыце ў растворы ватную палачку і некалькі разоў пратрыце ёю лісце ўздоўж жылкі.


Выганяем павуціннага клешчыка высокай вільготнасцю

Гэтая драбяза ледзь бачная, але ў сухім і цёплым памяшканні іх колькасць павялічваецца, і становіцца бачная тонкая павуціна. Тры простыя сродкі дапамогуць пазбавіцца ад гэтых насякомых мяккім, але эфектыўным спосабам. Вам спатрэбіцца распыляльнік, поліэтыленавы пакет і вада. Добра апырскайце расліны з распыляльніка з дробнай насадкай, разам з вазонамі пастаўце ў досыць вялікі пакет і герметычна закрыйце яго. Высокая вільготнасць спыніць размнажэнне кляшчоў, і, у рэшце рэшт, яны загінуць.


Адвар шалупіння цыбулі ўмацуе імунітэт

Для таго, каб змагацца з кветкавым стрэсам, апусціце шалупінне цыбулі ў ваду, дайце закіпець і пакіньце адвар настойвацца на ноч. Апырскайце расліны гэтым настоем.


Вапнавыя плямы выдаліць торф

Калі ў вашых раслін з'явіліся белыя плямы на лісці, гэта яшчэ не прычына для панікі, бо, магчыма, гаворка ідзе ўсяго толькі аб адкладах занадта жорсткай вады для паліву. Змякчыць ваду вы зможаце з дапамогай торфу. Проста запоўніце льняны мяшочак торфам і апусціце яго на ноч у 10-літровае вядро з вадой. Торф нейтралізуе вапну, змякчыць ваду і зробіць яе больш прыемнай для раслін.


Вада для паліву

Вада, што засталася ад варкі бульбы, змяшчае крухмал, які спрыяе росту. Аднак расліны можна паліваць ёю толькі ў тым выпадку, калі ваду не салілі! Мінеральная вада без газу дзейнічае як угнаенне.


Кававая гушча — выдатны разрыхляльнік

Не выкідвайце кававую гушчу. Жменю чорнага экстракту — менавіта тое, што трэба зямлі для кветак. Хітрасць у тым, што зацвярдзелая зямля зноў стане друзлай дзякуючы дробнаму парашку кавы. Яшчэ адным станоўчым уздзеяннем з'яўляецца тое, што кававая гушча адначасова паніжае рН-паказчык. Гэта дадатковы бонус для раслін, якія аддаюць перавагу кіслай глебе, напрыклад, камелій або азалій.


Касметычныя працэдуры

Для раслін вельмі важны знешні выгляд, таму лісце варта рэгулярна чысціць ад пылу. Далікатныя лісты, напрыклад, узамбарскіх фіялак, чысцяць мяккім пэндзлікам. Скурыстыя лісты больш трывалыя, іх можна мыць.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Простыя парады дасведчанага кветкавода

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».