Вы тут

Як Рагачоў прымаў гасцей абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі»


Адноўлены сёлета да Дня беларускага пісьменства Рагачоў зноў гасцінна сустрэў гасцей. Усё, што за папярэдні год зроблена ў 35-тысячным райцэнтры, цяпер ацэнена і ўдзельнікамі абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі». На цэнтральнай вуліцы зноў размясціліся рады гандляроў і рамеснікаў. Новенькія трактары сляпілі ўключанымі фарамі, нібы ілюмінацыяй. Прыгожыя легкавікі «Шэўрале» чакалі сваіх уладальнікаў. Прадукцыю многіх прадпрыемстваў — сельскагаспадарчых і перапрацоўчых — можна было ацаніць не толькі на выгляд, але і на смак.


Не­глюб­скія пер­ні­кі.

Надвор'е і прыбыткі

На Гомельшчыне, паведаміў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, ураджай зерня сёлета вышэйшы за папярэдні на 12% — сабралі 1 млн 265 тон збожжа. Галоўнае дасягненне аграпрамысловага комплексу Гомельскай вобласці — работа з прыбыткам. За студзень-кастрычнік прыбаўленне ад рэалізацыі прадукцыі склала Br27 млн.

— Вынік любой працы — гэта прыбытак, — падкрэсліў Уладзімір Дворнік. — Калі ёсць аб'ёмы вытворчасці, тады ёсць і эканоміка. Наша вобласць заўсёды церпіць ад умоў надвор'я. Але ж за гэтыя гады мы навучыліся працаваць і ў такіх неспрыяльных умовах. Па выніках гэтага года атрымалі раслінаводчай прадукцыі значна больш, чым летась, хаця ўмовы былі горшыя. Значыць, мы ведаем, як трэба працаваць. За мінулую пяцігодку Гомельская вобласць па рэалізацыі малака павялічыла аб'ём на 36%, па рэалізацыі мяса — на 38%. Гэта лепшы паказчык у краіне. Дзякуючы таму, што ўклалі ў галіну шмат сродкаў, мы маем сёння пэўны запас трываласці, які, думаю, налета дазволіць максімальна павялічыць аб'ёмы жывёлагадоўчай і раслінаводчай прадукцыі і атрымаць добрую эканоміку, якая дазволіць сельскім працаўнікам жыць дастойна.

У параўнанні з мінулым годам істотны дадатак у намалотах забяспечылі Нараўлянскі раён — 216%, Брагінскі — 161%, Мазырскі — 160% і Буда-Кашалёўскі — 135%. Статысячная мяжа збору збожжавых і зернебабовых культур перавышана двума раёнамі. У Буда-Кашалёўскім валавы намалот хлеба склаў 143,2 тыс. тон, у Рэчыцкім — 116 тыс. тон. Неабходна адзначыць Гомельскі і Рагачоўскі раёны, якія дасягнулі намалоту збожжа больш за 90 тыс. тон.

Рагачоў  падчас свята.

Лепшых — больш

Лідарам па ўраджайнасці на Гомельшчыне стала адкрытае акцыянернае таварыства «Тураўшчына» Жыткавіцкага раёна. Тут з кожнага гектара атрымана па 82 цэнтнеры збожжа. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Кузьменка падкрэслівае, што вынік дасягнуты выключна за кошт строгага выканання ўсіх агратэхнічных тэхналогій і дысцыпліны. Тэхніку выкарыстоўвалі такім чынам, каб максімальна знізіць страты.

Кола тых, хто адзначаўся высокапрадукцыйнай працай, сёлета значна пашырана. На Гомельшчыне 361 экіпаж камбайнераў намалаціў 1 тыс. тон збожжа і больш, у тым ліку 6 экіпажаў намалацілі звыш 2 тыс. тон збожжа. Больш за 305 кіроўцаў перавезлі ад камбайнаў звыш 1 тыс. тон збожжа, з іх 11 — больш за 3 тыс. тон.

Дарэчы, прэмія за першае месца па вытворчасці зерня прысуджана Гомельскаму раёну, а за другое — Калінкавіцкаму. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці збожжа лепшым названа камунальнае прадпрыемства «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна. Лепшы экіпаж камбайнераў — Іван Вырвіч і Алег Хвост з агракамбіната «Холмеч» Рэчыцкага раёна. Яны на камбайне Lexіon-600 убралі 732 гектары і намалацілі 2793 тоны.

тар­шы­ня Го­мель­ска­га рай­вы­кан­ка­ма Аляк­сандр Сіт­ні­ца атрым­лі­вае ўзна­га­ро­ду  ад стар­шы­ні Го­мель­ска­га абл­вы­кан­ка­ма Ула­дзі­мі­ра Двор­ні­ка.

Заахвоціць кожнага

Увогуле ж розныя прыемныя ўзнагароды атрымалі практычна ўсе, хто быў запрошаны на ўрачыстыя ўшанаванні ў залу Рагачоўскага Дома культуры.

— Гомельская вобласць адзіная, якая сёлета дала прыбаўку па зборы збожжа, — адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун. — Сёлета ў краіне ўпершыню нарыхтавана 9,5 млн тон кармавых адзінак травяных кармоў. Гэта 135% да ўзроўню мінулага года. Гэта наш задзел на будучыню. Кармы — гэта мяса, малако, гэта грошы, якія нам дазволяць станоўча працаваць і надалей. Дзякуючы сельскім працаўнікам ёсць хлеб, малако, мяса на паліцах нашых крам. Усе працаўнікі дастойныя павагі і ўдзячнасці за тое, што ў складаных умовах надвор'я дасягнулі добрых вынікаў. Зараз важна, каб кожны з іх быў заахвочаны. Падобныя «Дажынкі» трэба правесці асобна ў раёнах і гаспадарках.

Бурыта з пернікамі

Шматлюдна было і на імправізаваных падворках. Тут можна было пачаставацца гарачай гарбатай, дранікамі і блінамі, каўбаскамі і гарачай юшкай, гароднінай і хлебабулачнымі вырабамі... Згодна з сезонам, актуальнасць набылі стравы з гарбуза. З яго, аказваецца, можна прыгатаваць не толькі знакамітую беларускую кашу, але і польскія цукаты, і французскія круасаны, і зусім экзатычнае мексіканскае «бурыта». Кожнае з двухсот гандлёвых прадпрыемстваў Гомельшчыны здзіўляла гасцей і асартыментам, і коштам. Гомельская ўніверсальная база вызначылася незвычайнымі імбірнымі пернікамі з традыцыйным неглюбскім узорам. Начальнік аддзела грамадскага харчавання прадпрыемства Тамара Убожанка гаворыць, што такім чынам яны вырашылі ўславіць родную зямлю:

— Ручніковы код дабра — быццам малітва на тканіне. Мы гэты код перанеслі на свае пернікі. Вядома ж, неглюбскія ручнікі здольныя вылечваць і дапамагаць у справах. Так і нашы пернікі ручной работы.

«Шэў­ра­ле» для жан­чын-кі­раў­ні­коў сель­гас­прадпрыемстваў Го­мель­шчы­ны.

Дзецям — прысмакі, жанчынам — «Chevrolet»

Старшыня Рагачоўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Ганковіч гаворыць, што ў арганізацыі абласнога свята «Дажынкі» актыўны ўдзел узялі і мясцовыя сельскія Саветы:

— Мы на працягу сельскагаспадарчага года і на палеткі выязджалі, і ў планёрках удзельнічалі, і праводзілі сходы з насельніцтвам, і іншыя мерапрыемствы ў працоўных калектывах — каб кожны разумеў, што задачы перад намі сур'ёзныя, але яны нам па плячу. Да таго ж, падчас свята раённы Савет дэпутатаў разам з сельскімі Саветамі ўзялі на сябе ініцыятыву арганізацыі работы падворкаў. Выстава-кірмаш «Шчодрасць і гасціннасць сяла» — дэманстрацыя самых розных здабыткаў нашага краю: песні і танцы, беларуская народная кухня, мёд, лекавыя травы, гародніна, мясныя прысмакі... Такі музычна-кулінарны праект атрымаўся! Ну а дэпутаты розных узроўняў нам дапамаглі набыць падарункі, якія ўручаны лепшым працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў Рагачоўскага раёна.

Пасля заканчэння афіцыйных урачыстасцяў дачакаліся сваіх гаспадароў новенькія трактары «Беларус» і пазадарожнікі «Chevrolet». Першыя адразу ж накіраваліся ў гаспадаркі, прызнаныя перадавікамі сельгасвытворчасці. Другія перадалі ў карыстанне кожнай з 16 жанчын, якія кіруюць гаспадаркамі на Гомельшчыне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.