Вы тут

Агляд фільмаў Асноўнага конкурсу ігравога кіно «Лістапада»


Кіно цябе паглядзела

Я паспрабую патлумачыць, што на кінафестывалі «Лістапад» здарылася цэлых адзінаццаць разоў. Увязаць гэтую лічбу з колькасцю карцін асноўнага ігравога конкурсу — занадта трафарэтна. Сказаць аб захапленні, страсцях і катарсісе — гучна. Праграма з адзінаццаці фільмаў стала своеасаблівым адбіткам рэальнасці і аказалася акурат «па ёй сшытай». Тут цябе тычыцца ўсё: тыповасць у антуражы, устойлівыя мутацыі свядомасці, узаемадзеянне з супярэчлівай сістэмай і яе ўплыў на асобу, спробы вызначыць уласнае «я». Вось ён, пост- і камуністычны свет, вось — ты ў ім. Кіно, створанае ў датычных да агульнай ідэалогіі краінах, ажыццявіла татальную перапланіроўку рэчаіснасці, каб стаць нечым куды больш шматзначным. Тваё ўспрыманне небесстаронняе, таму што за яго адказваюць у тым ліку вопыт пазнання і агульнае з аўтарамі калектыўнае несвядомае. Ты бачыш, як навакольны свет і кінематограф узаемапранікаюць, і ты тут — не адзіны назіральнік. Так, адзінаццаць разоў кіно паглядзела цябе.


Сэнсы

«Сьераневада»

Можа быць, гэта і азбучная ісціна, тым не менш, паўтаруся: успрыманне фільмаў абумоўліваецца культурным кантэкстам. Як найлепшыя кнігі, па Оруэлу, кажуць пра тое, што мы ўжо ведаем, кіно становіцца крыху лепшым, калі на экране з'яўляюцца блізкія матэрыяльны свет, каштоўнасці і «сістэмы» (у самым шырокім сэнсе слова). Таму асабліва ашаламляльнымі і бліскучымі падаліся сямейныя сцэны ў цеснай кватэры «Сьераневады». Яркі эфект стварае неўсвядомленае супрацьстаянне «маленькага чалавека» пуцейца Цанка Петрава наладжанаму функцыянаванню міністэрства транспарту ў «Славе». Надзвычай пранізлівай становіцца «Анішаара», дзе асабістая драма галоўнай гераіні пагаршаецца водгукамі да агіды непрыгожага свету. Ігравы конкурс «Лістапада» можа разглядацца якраз у гэтым рэчышчы — як кіраўніцтва па ўспрыманні і разуменні рэчаіснасці. Пакуль мы непрыкметна для сябе паддаемся рознага кшталту ўплывам, амаль усе фільмы наступствы гэтага кантакту з сістэмай агаляюць.

Кіно ўжо даўно не трэба сцвярджаць сябе мастацтвам або спрабаваць прадставіцца сацыяльнай і палітычнай сілай, але, на жаль, публіка яшчэ з нацяжкай называе яго важным. Ігравы конкурс «Лістапада» як самадастатковы твор і карціны самі па сабе — менавіта важныя. Так, наш свет не выправіла нават фінальная прамова Чарльза Чапліна ў яго «Вялікім дыктатары», але мы не ведаем таксама, што было б, калі б яе не існавала.

Менавіта таму, што кожны фільм конкурсу стварае кантэкст і разглядаецца ў ім жа, можна апусціць, напрыклад, прыгнятальную аднамернасць карціны «Я, Вольга Гепнарава», змрочную безгустоўнасць фільма «Чума ў ауле Каратас» або гуллівую непераканаўчасць «Дзён, што збілі з панталыку». Не важна і тое, што тытулаваныя румынскія карціны «Атэстат сталасці» Крысціяна Мунджыу і «Сьераневада» Крысці Пую сваёй славай засланілі іншых удзельнікаў. Ці тое, што ў конкурсе ёсць дэбютнае кіно, якое звычайна накіроўваецца ў «Маладосць на маршы». Адным словам, сапраўды важна толькі, які гэта ўсё нараджае сэнсавы фон.

Незваротнасць

«Чырвоны павук»

У ігравы конкурс патрапіла адразу дзве карціны, героі якіх маюць неадэкватную схільнасць да жорсткасці, — тая ж «Я, Вольга Гепнарава» Томаша Вайнрэба і Петра Казды і «Чырвоны павук» Марціна Кашалкі. Калі лічыць праграму пэўным адлюстраваннем свету, то канцэнтрацыя персанажаў-псіхаў — шматзначны акцэнт. У аснове чэшскай карціны — рэальная гісторыя Вольгі Гепнаравай, якая ў 1974 годзе была асуджана на смяротнае пакаранне за тое, што яна свядома накіравала грузавік на групу людзей і забіла ў выніку восем чалавек. Малады хлопец Караль Крэмер з «Чырвонага павука» выкрыў серыйнага забойцу і, сам няздольны на жорсткасць, захапіўся крывавымі ўчынкамі новага знаёмага і выдаў сябе перад паліцыяй за вінаватага. Абедзве карціны быццам спрабуюць зразумець прычыны з'яўлення сацыяпатыі, мізантрапіі і садызму — толькі чэшская чорна-белая работа аддалася ракурсам і смакаванню вуглаватасці галоўнай гераіні, а польскі фільм стварыў для свайго персанажа цэлы аб'ёмны свет. Праз некалькі дзён пасля закрыцця фестывалю прагрымела навіна аб пскоўскіх школьніках, якія пасля стрэлаў па паліцэйскіх скончылі жыццё самагубствам. Пацвердзілася актуальнасць таго, што большасці з нас быццам і не тычыцца, але наваколле характарызуе — гэта быў амаль прароцкі акцэнт.

Сістэма стварае «монстра» — гэтым разам на вачах у гледача, па-мастацку ўмоўна — у фільме «Слава» Крысціны Грозевай і Петэра Вылчанава. Фільм «Урок» тых жа рэжысёраў узяў галоўную ўзнагароду мінулага «Лістапада». Калі ў папярэдняй карціне мы на трывожным надрыве адзіна ішлі за галоўнай гераіняй, то ў «Славе» раўназначных персанажаў два. А надрыў застаўся. Скрупулёзна прапісаная драматургія фільма наогул не ведае, што такое сузіральная перадышка. Нават у эпізодах, пазбаўленых мітуслівасці кіраўніка PR-службы міністэрства транспарту Юліі Стайкавай, мы ўсё роўна з унутраным непакоем чакаем вестак ад наступнай сцэны. Зноў наступнай, зноў наступнай. Бо разумеем, што наіўны, бяскрыўдны характар пуцейца Цанка Петрава ў рэшце рэшт стане яго лёсам. Са сваімі няхітрымі матывамі ён, можна сказаць, выпадкова аказваецца ў цэнтры наладжанай сістэмы міністэрства і яго супрацьстаяння з выкрывальнікамі, дзе кожны хоча выкарыстаць Цанка ў сваёй гульні. Без трагедый, відавочнай несправядлівасці ці смерцяў — таго, што магло б давесці гледача да экстазу, — тым не менш крок за крокам сціплы свет пуцейца пераварочваецца. Яго недарэчны антаганізм з Юліяй, якая ўвасабляе абыякавасць і эгаізм сістэмы, прыходзіць, нарэшце, да лагічнага фіналу. Дабрадушны працаўнік замахваецца на міністэрскую сцерву велізарным гаечным ключом. Вагой пяць кілаграмаў.

Без забойстваў

«Атэстат сталасці»

Грамадскі лад штурхае да пэўных паводзін — праўда, не такіх фатальных — галоўнага героя «Атэстата сталасці» доктара Рамэа Альдэа. Паміж радкоў асабістай гісторыі тлустымі мазкамі вымалёўваецца характарыстыка цэлай сістэмы. Фільм «Атэстат сталасці», у якім галоўны герой ідзе супраць уласных прынцыпаў дзеля вырашэння будучыні сваёй дачкі, па ўсіх франтах закранае пытанні сучаснай Румыніі — расчараванасць у краіне, адсутнасць надзеі на змены ў грамадстве, карупцыя, абавязковая вера ў тое, што жыццё за мяжой лепшае, жаночая апатыя як стан грамадства ўвогуле. Галоўны герой з самага пачатку, калі дома скончылася зубная паста, і на працягу ўсяго фільма вырашае бясконцыя праблемы. Галоўная — адправіць дачку вучыцца за мяжу, куды яна, здаецца, і не хоча. Камера сочыць за мітуснёй Рамэа Альдэа; разрываннем паміж дачкой, жонкай, маці і палюбоўніцай; дыялогамі, дзе выяўляецца стаўленне да рэчаіснасці. І паказваецца ўсё без васьмёрак, агульнымі планамі — а гэта тое ж самае, што без кантакту. Румынія, згодна з «Атэстатам сталасці», — гэта грамадства з неналаджанай камунікацыяй.

У гэтым сэнсе фільм Крысціяна Мунджыу пераклікаецца з візуальна прыгожым фільмам з Кітая «Я не мадам Бавары» Фэна Сяагана — гісторыяй татальнага непаразумення паміж адзінокай жанчынай і чыноўнікамі. Галоўная гераіня дзесяць гадоў спрабуе даказаць, што яе развод з мужам быў фіктыўным дзеля вырашэння жыллёвага пытання (той ажаніўся з іншай). Простая жанчына з правінцыі «дайшла» да Пекіна, што выклікала супрацьстаянне мясцовай улады. Чыноўнікі, за клопатам пра вобраз рэгіёна, спрабуюць не дапусціць яе ў сталіцу і па найлепшых законах абсурду — напэўна, і жыцця — забываюцца, што клапаціцца трэба пра рэальнае вырашэнне пытання. Глыбакадумныя, іранічна пабудаваныя разважанні мэра нісправяргаюць хвалёную мудрасць «старэйшых», бо ў гэтым выпадку застаюцца проста «бла-бла». Фільм «Я не мадам Бавары» стаў віртуознай анталогіяй метадаў — жывапісных канонаў, камедыі, абсурду, пагонь, меладрамы, але так і застаўся б зборнікам гатовых формул, калі б не здзейсніў разрыў у асноўным шаблоне. Галоўная праблема гераіні выкрылася ў канцы (тым, што мяняе ўвесь сэнс карціны), які патлумачыў прынцыповасць барацьбы жанчыны тым, што развод павінен быў даць Лі Сяэлянь магчымасць нарадзіць другое дзіця. На працягу фільма на гэта не было ні адзінага намёку, што павялічыла маштаб узрушэння і ўражання. Натуральна, гэта можа ўспрымацца як драматургічны пралік, але яго можна прабачыць.

Выштурхнутыя

«Анішаара»

Іншага кшталту кантакт з навакольным светам складваецца ў Анішаары з аднайменнага фільма Ганны-Фелічэ Скутэлніку. Ён гераіню не выкарыстоўвае, не прыніжае, не падаўляе, але адзінае вартае, што можа даць 15-гадовай пяшчотнай дзяўчыне (якая тут параўноўваецца з казачнай прынцэсай) — гэта маляўнічая прырода. Усё астатняе — неналаджаны побыт, цяжкая праца, агідныя п'янкі, узровень жыцця малдаўскай вёскі — катастрафічна ёй не падыходзіць. Тым не менш іншага жыцця Анішаара не ведае, моўчкі аддаецца бягучым справам, клопату пра дзядулю і малодшага брата, збору ўраджаю. Ціха апускаецца ў закаханасць і чаканне сустрэчы. Таксама бязгучна перажывае дзявочую драму, калі сустракае каханага з жонкай і маленькім дзіцем. Вечна актуальны сюжэт на рэальным матэрыяле, што паказаны з такой тонкасцю, каларытам, увагай да дэталяў, прымушае нават забыць пра яго папулярнасць, тым больш што закаханасць — амаль што пабочны, каркасны элемент фільма. Усё ж такі жывапісная вёска — не месца для Анішаары: на аўтобусе, які лейтматывам жаўцее на працягу ўсёй карціны, яна з'язджае ў далеч — і гэта the end. Мы ведаем, Малдова — адна з лідараў па эміграцыі насельніцтва за мяжу, таму канцоўка — не такая паэтычная, як падаецца.

У кыргызскую вёску — наадварот — вяртаецца Азат, галоўны герой карціны «Завяшчанне бацькі» Бакыта Мукула і Дастана Жапарна Уулу. Амаль інапланетнаму для гэтых мясцін хлопцу, што прыехаў з ЗША, патрэбен час, каб падысці, упісацца, мімікрыраваць пад уласную радзіму. Далёкі ад ідэй касмапалітызму фільм якраз націскае на моцную сувязь чалавека і зямлі, на якой той нарадзіўся. Каб вярнуцца ў родную вёску не толькі фізічна, Азат павінен вярнуць даўгі бацькі, навучыцца патрэбнай працы, зрабіць свой унёсак у жыццё паселішча — умоўна, выкупіць віну свайго роду і даказаць адданасць гэтаму месцу.

З адзінаццаці карцін Асноўнага конкурсу толькі шыкоўная вобразнасць «Лілі Лейн» ад рэальнага кантэксту, на шчасце, адмежавалася і сканцэнтравалася на асабістым, не менш каштоўным. А іскрамётны партрэт сям'і ў фільме «Сьераневада», напэўна, здольны падвесці рысу пад усёй праграмай, пункцірам узгадаць кожны — фізічны ці метафізічны — матыў.

Не прысуд

«Лілі Лейн»

Мастацтва — напэўна, адзіны прыстанак, дзе мы можам адчуць сябе роўнавялікімі велізарнай, складанай сістэме. Нават, магчыма, яе вянцом ці боскай істотай. У цэнтры — герой, у тэкстуры фільма — яго стасункі з наваколлем. Сістэма, бясспрэчна, мацнейшая за маленькага чалавека, але рашэнні прымае ўсё роўна апошні. Адзінаццаць фільмаў конкурсу склаліся ў пэўны вобраз-інструкцыю, як роўнавялікім стаць у жыцці. Глядзіш на сябе збоку, робіш вывады і разумееш — аўтары не выносяць прысуд, а даюць штуршок да дзеяння. Кіно — ужо не відовішча. Ты не мог уявіць — а яно насамрэч назірае за табой і той сістэмай, да якой ты прыклаў руку. І калі глядзіш фільмы ў той запаветнай колькасці — заўважаеш, як усё пабудавана на гэтым кругазвароце, як адзінаццаць разоў паглядзелі цябе. Як у нас надзвычай шмат агульнага з гэтым кіно.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кіно цябе паглядзела

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.