Вы тут

У Брэсце паштальён Печкін запрасіў вучняў у кінатэатр


Свой шлях да кожнага кліента брэсцкія паштавікі пачалі з самых маленькіх. Вучняў пачатковых класаў у кінатэатр «Беларусь» запрасіў самы сапраўдны паштальён Печкін — усім вядомы мультыплікацыйны персанаж з цяжкай сумкай на плячы і нязменным веласіпедам.


Ад сустрэчы з вусатым паштальёнам малыя былі ў захапленні. Яны скакалі вакол яго, тузалі за рукаў, кожны стараўся дакрануцца да Печкіна, нешта спытаць у яго. «Так паступова ад вясёлай гульні-забаўлянкі ў фае перайшлі да гульні пазнавальнай у зале», — расказала пра мерапрыемства начальнік камерцыйнага аддзела Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Кацярына КОЗЕЛ.

Школьнікаў запрасілі паўдзельнічаць у віктарыне, а заадно расказалі ім, якія магчымасці ў камунікацыях дае сёння чалавеку пошта. Вядучыя спачатку высветлілі, што дзеці ведаюць аб парадку адпраўкі пісьма альбо паштоўкі. І ў гульнявой форме пастараліся іх навучыць, як правільна запоўніць канверт, напісаць адрас, падпісаць паштоўку. Дарэчы, на пытанне, што рабіць з гатовым пісьмом, не ўсе адразу і ўпэўнена ўказалі на паштовую скрыню. Апошняе сведчыць аб тым, што пакаленне гаджэтаў і планшэтаў не вельмі добра арыентуецца ў сучасных магчымасцях пошты.

Пра кірункі развіцця паштовай сувязі школьнікам таксама расказвалі і на прыкладзе посткросінгу. Ён, як вядома, дае магчымасці абменьвацца тэматычнымі паштоўкамі з карыстальнікамі ўсяго свету. За правільныя адказы ўдзельнікі віктарыны атрымлівалі ў падарунак дзіцячыя часопісы. А самым юным кліентам расказвалі, як можна аформіць падпіску, каб цікавыя і маляўнічыя выданні прыходзілі ў дом рэгулярна.

Кацярына Аляксееўна лічыць, што свята ўдалося, вучні атрымалі задавальненне і патрэбную інфармацыю. А дарослыя прыйшлі да высновы аб неабходнасці пастаяннай работы з юнай аўдыторыяй. Для дзяцей карысна вучыцца пісаць на паштоўках, выказваць свае думкі і пачуцці з дапамогай літар і слоў. Важна данесці да іх, як прыемна атрымліваць такое пасланне: цяпло душы, перададзенае паперы падчас пісання, не заменіць ніякая электроніка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: У гасцях у Печкіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?