Вы тут

Ці карыстаецца папулярнасцю перасовачнае паштовае абслугоўванне?


Вёска Зарэсце Магілёўскага раёна амаль тры гады як перайшла на перасовачнае паштовае абслугоўванне. У вёсцы жыве ўсяго 214 чалавек, а гэтага недастаткова, каб стацыянарнае аддзяленне сувязі магло працаваць рэнтабельна. Затое поштамабіль паспявае абслугоўваць не толькі гэту вёску, але і яшчэ 8 населеных пунктаў, размешчаных па маршруце. А гэта больш чым 700 жыхароў.


Воль­га Мар­чан­ка да­па­ма­гае вы­браць паш­тоў­ку да Но­ва­га го­да.

Вось і зараз каля паштовага фургона ўтварылася невялічкая чарга. Хто грошы здымае, хто прыцэньваецца да навагодніх сувеніраў, хто цікавіцца перыёдыкай. Мясцовы жыхар Валерый Раінчыкаў паслугамі поштамабіля карыстаецца ўсяго некалькі разоў у месяц. Прыходзіць, каб за камуналку заплаціць, грошы зняць або рахунак на тэлефоне папоўніць. Абслугоўваннем паштавікоў задаволены.

— Тавар купіць можна і ў краме, іх у нас дзве, а нам цікава з Вольгачкай пагутарыць, — усміхаецца мужчына з чаргі. Астатнія яго падтрымліваюць. Так ласкава яны звяртаюцца да начальніка перасовачнага аддзялення сувязі №2 Вольгі Марчанкі, якая для насельніцтва і прадавец, і касір, і проста душэўны чалавек. Яна і апошнімі навінамі падзеліцца, і абслужыць па першым разрадзе.

Блакітны фургончык з белай палоскай на баку прыязджае строга па графіку. Кіроўца транспартнага цэха лагістычнага цэнтра магілёўскага філіяла «Белпошта» Аляксей Жэлябідка на гэтым маршруце працуе каля паўгода і да справы ставіцца з поўнай адказнасцю.

— У 7.10 раніцы выязджаю пад загрузку, у 7.35 грузімся — і на маршрут, — расказвае ён пра асаблівасці работы. — Не паспеем прыехаць, як людзі ўжо ідуць. Працую з задавальненнем. Прырода, вёскі. Ужо, напэўна, кожнага жыхара ведаеш у твар.

На вуліцы марозна, але вяскоўцы не вельмі спяшаюцца дадому. Прыемна пастаяць побач, паразмаўляць.

— Вядома, стацыянарная пошта лепш, але ж мы разумеем, што дзяржаве цяжка. Людзей у вёсцы з кожным годам усё менш і менш. Прыходзіцца прыстасоўвацца, — разважае мясцовая жыхарка Алена Малахава. — Да абслугоўвання ніякіх пытанняў, дзяўчаты малайцы. Мы тут пасылкі адпраўляем, унукам размалёўкі і цацкі купляем, сабе — крышкі для закручвання, нават каструлі. Калі трэба, і мяшок цукру прывязуць, і пральны парашок вагой 5 кілаграмаў. Бяры, што душа пажадае. Толькі б грошы былі. Вольга Васілеўна нам латарэйныя білеты прапаноўвае, нагадвае, каб на газеты падпісваліся. Ведае, каму што трэба.

Да чаргі далучаецца Алена Шчарбакова, якая працуе загадчыцай ФАПа і прыйшла, каб здаць выручку — пры ФАПе функцыянуе аптэка, дзе людзі набываюць лекі. Яна таксама задаволена работай перасовачнай пошты.

Аўтарытэт пошты ў глыбінцы шмат у чым залежыць ад паштальёна. Кацярына Ганчарова — прадстаўнік гэтай службы на месцы. Абслугоўвае вёскі Зарэсце і бліжэйшыя Васілевічы. Чалавек яна вопытны, ужо 6 гадоў як на гэтай пасадзе:

— Прыязджае машына, я атрымліваю газеты, лісты, часопісы, пераводы, пенсіі — і панесла па хатах. У Зарэсці, напрыклад, на 76 двароў — 68 падпісчыкаў. Практычна ў кожны двор прыходзяць газеты. У пенсіянераў прымаю камунальныя плацяжы, рэалізую тавары штодзённага попыту — людзям зручна. Тут некаторыя прадукты нават танней, чым у краме. Напрыклад, макароны, алей сланечнікавы, цукар.

Як любая паважаючая сябе фірма, пошта забяспечвае сваіх падначаленых усёй неабходнай амуніцыяй. Кацярына Міхайлаўна дэманструе зручную шэрую куртку з святлоадбівальнымі ўстаўкамі, паштовую сумку.

— А яшчэ нам выдаюць скураныя і гумавыя боты, — кажа яна. — І веласіпед. Летам я на ім дабіраюся да Васілевіч, а вось зімой прыходзіцца пешшу. Але дарога добрая, праблем ніякіх.

— Наша работа пастаўлена так, каб максімум паслуг аказваць на даму, — адзначае намеснік начальніка аб'яднанага цэха паштовай сувязі Магілёўскага філіяла Белпошты Алена Аўсяйкова. — Але ёсць паслугі, якія магчыма атрымаць выключна цераз перасовачнае аддзяленне сувязі. Папоўніць крэдыт, правесці іншыя аперацыі з пластыкавымі карткамі кліентаў і гэтак далей у паштальёна няма магчымасці. Наогул увесь Магілёўскі раён абслугоўвае 29 стацыянарных аддзяленняў паштовай сувязі плюс два перасовачныя. На тым жа маршруце №2 з дзевяці населеных пунктаў працяглыя па часе стаянкі прадугледжаны толькі ў Зарэсці і Брылях, дзе насельніцтва болей як 200 чалавек. У астатнія вёскі машына заязджае ў залежнасці ад дзён выплаты пенсій, наяўнасці карэспандэнцыі і перыёдыкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Поштамабіль як сродак хуткіх зносін

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.