Вы тут

Вiзiт Прэзiдэнта ў Маскву засведчыў духоўнае адзiнства нашых народаў


Аб сваім візіце ў Маскву і маючай адбыцца сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паведаміў яшчэ на мінулым тыдні падчас прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ, адзначыўшы, што яму з расійскім калегам "трэба абмеркаваць некаторыя прынцыповыя пытанні".


Але была яшчэ адна прыемная нагода падчас рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў расійскую сталіцу. У храме Хрыста Збавіцеля Аляксандр Лукашэнка разам з Уладзімірам Пуціным удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі віншавання Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, які напярэдадні адзначыў 70-годдзе.

Віншуючы Патрыярха не толькі ад сябе, але і ад беларускага народа, у якасці падарунка Аляксандр Лукашэнка паднёс юбіляру Слуцкі пояс і карціну, на якой намаляваны Свята-Нікольскі гарнізонны сабор у Брэсце.

Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі віншавання Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, Прэзідэнт адзначыў уклад прадстаяцеля ва ўмацаванне духоўнага адзінства Беларусі і Расіі, заснаванага на такіх хрысціянскіх каштоўнасцях, як міралюбнасць, узаемадапамога, гуманізм і справядлівасць.

"Сёння ваша служэнне на пасадзе прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы накіравана на захаванне маральных пачаткаў жыцця грамадства, духоўных і культурных традыцый нашага праваслаўя, выхаванне падрастаючага пакалення, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Патрыяршаства — гэта найцяжэйшая штодзённая праца і каласальны цяжар адказнасці. Вера, мудрасць, стойкасць і сіла духу дапамагаюць вам у выкананні высакароднай місіі".

"Дзякуючы вашай актыўнай жыццёвай пазіцыі Царква іграе важную ролю ў падтрыманні згоды ў грамадстве, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі, захаванні міру і стабільнасці на планеце", — сказаў беларускі лідар.

Пасля ўрачыстай цырымоніі кіраўнікі дзяржаў накіраваліся ў Крэмль для правядзення двухбаковай сустрэчы.

Беларусь і Расія не ізаляваны ад сусветных крызісаў і вымушаныя сумесна аператыўна рэагаваць на іх, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што цяпер даволі бурныя часы, калі то з аднаго, то з другога боку накатваюць рознага роду крызісы. "Мы не ізаляваны ад гэтага. Ёсць аператыўныя пытанні, якія мы павінны хутка вырашаць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што разам з Уладзімірам Пуціным, як гэта бывала і раней, яны прымуць верныя рашэнні.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Уладзіміру Пуціну за ідэю разам павіншаваць Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з юбілеем. "Гэта добры штрых да адносін двух прэзідэнтаў, двух блізкіх, родных народаў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Уладзiмiр Пуцiн заявiў, што Беларусь застаецца найважнейшым гандлёва-эканамiчным партнёрам Расіi. Ён канстатаваў, што ў мiнулым годзе адбылося знiжэнне беларуска-расiйскага тавараабароту. "Але гэта ўсё часова", -- перакананы Прэзiдэнт Расii. Пераадольваць цяжкасцi, на яго думку, дапамагаюць створаныя памiж Беларуссю i Расiяй механiзмы гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва.

Прэзiдэнт Расii адзначыў, што памiж дзвюма краiнамi назiраецца рост узаемных iнвестыцый, пашыраюцца кааперацыйныя сувязi. На яго думку, усё гэта перадумовы для таго, каб рухацца далей.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: На агульнай мове

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.