Вы тут

У лістападзе ў сцюдзёнай вадзе загінулі чатыры чалавекі


Мінулая нядзеля сабрала крывавы ўраджай на беларускіх вадаёмах. Першая трагедыя адбылася на возеры Тарасава, што ў Бабруйскім раёне. А палове восьмай раніцы палавіць рыбу адправіліся бацька і сын. Абодва дарослыя людзі: 1958 і 1982 гадоў нараджэння. Лёд на возеры быў зусім тонкі — прыкладна тры сантыметры ў таўшчыню. А ў 15.05 на пульт дзяжурнага Бабруйскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіў званок аб бядзе. Пасля непрацяглых пошукаў ратаўнікі знайшлі ў палонцы целы двух рыбакоў. Да берага было каля трыццаці метраў...


А ўвечары ў нядзелю паведамленне пра патанулага пенсіянера прыйшло да ратаўнікоў у Чавусах. 65-гадовы мужчына пайшоў на рыбалку. Прыкладна а дзясятай гадзіне вечара цела небаракі знайшлі ў палонцы за сем метраў ад берага. Адметна, што таўшчыня лёду і на гэтым вадаёме не перавышала тры сантыметры.

«На вадаёмах хутчэй не лёд, а шуга»

Рыбакоў на неакрэплы лёд цягне меркаванне, што ў гэты час там будзе найлепшы клёў, — заўважае вядучы спецыяліст рэспубліканскага савета Таварыства ратавання на водах Алег Баразна. — Тое, што вадаём замёрз літаральна дзень-два таму, іх ніколькі не хвалюе. Думаюць: «Лёд жа нарос, значыць, вытрымае мяне». Хаця мінімальная таўшчыня лёду, здольная вытрымаць чалавека з невялікім грузам, складае 7 сантыметраў. Зазначу: аднаго чалавека. Калі ж у вандроўку па вадаёме выправіцца група людзей, якія знаходзяцца дастаткова блізка адно ад аднаго (на адлегласці прыкладна 5-6 метраў), то нагрузка на ледзяное покрыва аўтаматычна павялічваецца з-за невялікай плошчы паверхні. Таму тут лёд не павінен быць танчэйшы ўжо за 12 сантыметраў.

Маразы, якімі пачаўся лістапад, крыху скавалі вадаёмы. Але нават і лёдам назваць гэта не атрымліваецца. Хутчэй гэта шуга — дробная рыхлая маса, якая з'яўляецца ў самым пачатку ледаставу. У ёй вельмі шмат прамоін, ёсць і такія ўчасткі, дзе ўвогуле засталася адкрытая вада.

Для таго каб на паверхні рэк і азёраў сфарміраваўся сапраўдны лёд, ртутны слупок тэрмометра мусіць не падымацца вышэй за мінус 1-2 градусы на працягу сама меней тыдня. І яшчэ не факт, што таўшчыня лёду дойдзе за гэты час да бяспечнай. А цяпер згадайце, якое надвор'е стаяла ў лістападзе: уначы мароз крыху прыхопіць, а ўдзень тэмпература падымаецца да нулявой адзнакі. Дзе ж тут нарасці лёду? Утрымаць хаця б тое, што ўжо ёсць.

Да таго ж такі малады лёд будзе вельмі неаднародны па кансістэнцыі. Ніз, які кантактуе з халоднай вадой, будзе яшчэ сяк-так трымацца. Зверху ж, пад уплывам сонечнага выпраменьвання і плюсавых тэмператур, снег пачне пакрысе адыходзіць. А ноччу «прыхопіць» мароз. Так у лёдзе ўтвараюцца поласці. Што, зразумела, не ўплывае станоўча на яго моцнасць.

Як даведацца аб таўшчыні лёду? Рыбакам прасцей — у іх ёсць спецыяльны бур. А вось тым, хто адпраўляецца на вадаём для прагулкі на лыжах ці проста для таго, каб скараціць шлях, трэба абавязкова ўзброіцца палкай. Моцнымі ўдарамі па лёдзе трэба паспрабаваць прабіць дзірку перад сабой. Калі гэта ўдалося і вада плёскаецца падазрона блізка ад паверхні, трэба вельмі асцярожна даваць задні ход да берага.

— Трэба мець на ўвазе, што вада замярзае ў напрамку ад берага да цэнтра вадаёма, — працягвае Алег Баразна. — На рэках, дзе ёсць плынь і могуць быць водавароты, а таксама непадалёк ад прамысловых прадпрыемстваў таўшчыня лёду будзе меншай. Адпаведна, на стаячых вадаёмах ён утворыцца хутчэй.

Лёд і сам можа «падказаць», трывалы ён ці не. Добрае, моцнае покрыва мае звычайна яркі белы колер, які іскрыцца на сонцы. Калі ж яно пачынае разбурацца ці мае схаваныя поласці, то колер зменіцца на брудна-шэры.

Сакрэты правільных паводзін

Калі чалавек праваліўся пад лёд, то ўсё, на што ён можа разлічваць, — гэта пяць хвілін для выратавання. Менавіта столькі часу праходзіць да поўнага акачанення мышцаў. Гэты паказчык можа нязначна вар'ірвацца ў залежнасці ад канстытуцыі чалавека і вопраткі. Зімовая куртка дасць дадаткова некалькі секунд на тое, каб зберагчы цяпло цела, але разам з тым і скуе рухі ў вадзе.

Даводзілася сутыкацца з думкай, што шанцы на тое, што лёд вытрымае чалавека на лыжах, вышэйшыя ў параўнанні з тым, хто па лёдзе ідзе пешшу.

— Гэтае меркаванне памылковае, — тлумачыць Алег Баразна. — Так, лыжы створаць крыху большую плошчу апоры. Але істотным гэты паказчык назваць нельга. Размеркаванне вагі будзе такое ж нязначнае. І таму, калі лёд нармальна не сфармаваўся, то не дапамогуць і лыжы.

Ёсць свае сакрэты і ў тым, як правільна трэба зімовым рыбаловам бурыць лункі на лёдзе. Адлегласць паміж імі павінна быць не меншая за метр. Калі ж дзіркі насвідраваць шчыльна адну каля адной, то структурная цэласнасць ледзянога покрыва ў гэтым месцы будзе незваротна парушана. Пад дадатковым цяжарам масы цела рыбака можа ўтварыцца трэшчына, якая пашыраецца лавінападобна. І чалавек, які захацеў дабрацца дадому з большым уловам, рызыкуе з гэтай рыбалкі не вярнуцца.

— Мы настойліва рэкамендуем адпраўляцца на лёд з індывідуальным сродкам самавыратавання, — кажа Алег Баразна. — Гэта можа быць дубец, шэст, жардзіна. Галоўнае, каб на яго можна было абаперціся і пакрысе выбрацца. Ёсць і спецыяльныя прыёмы, якія дапамогуць вылезці з палонкі. Напрыклад, пры нязручнасці скінуць верхнюю вопратку, перавярнуцца на спіну, уперціся нагамі ў дальнюю кромку, раскінуць рукі ў розныя бакі і, адпіхваючыся нагамі, перакатамі выбрацца на лёд. Калі вылезці самому на лёд не атрымліваецца, не варта саромецца клікаць на дапамогу. Для ратавальніка вельмі важна не ўступаць у непасрэдны кантакт з чалавекам, які церпіць бедства. Падаць можна шалік, куртку, дубец — адным словам, усё, што знойдзецца, каб толькі выцягнуць чалавека з вады. І тут жа неадкладна выклікаць хуткую дапамогу, бо знаходжанне ў вадзе зімой гарантуе пераахаладжэнне арганізма.

Штрафаў за выхад на неакрэплы лёд няма. Пакуль што

Два гады таму беларускі сегмент сеціва «ўзарвала» інфармацыя аб тым, што ў краіне могуць увесці грашовае пакаранне для тых людзей, каго злавілі на тонкім лёдзе на вадаёмах. Як жа ідуць з гэтым справы цяпер?

— На заканадаўчым узроўні гэтая норма пакуль што не замацавана, — гаворыць Алег Баразна. — Выканаўчыя і распарадчыя органы, якім падначалены водныя аб'екты, могуць забараняць выхад на іх падчас ледаставу ці актыўнага разбурэння. Гэта рашэнне лакальнае, носіць прафілактычны характар, але не цягне за сабой накладанне штрафу.

Некаторыя людзі лічаць, што выцягнуць 2-3 рыбкі з-пад лёду на вадаёме — гэта вялікае задавальненне. Але няўжо яно даражэйшае за жыццё?

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Па тонкім лёдзе

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.