Вы тут

У беларускай глыбінцы праводзяць бясплатныя заняткі па фітнесе і ёзе


У беларускай глыбінцы прыхільнікі здаровага ладу жыцця не проста агітуюць землякоў браць
з іх прыклад. Яны арганізуюць бясплатны пракат веласіпедаў, праводзяць заняткі па фітнесе, ёзе, скандынаўскай хадзьбе. У рэалізацыі ідэй энтузіястам дапамагае Чырвоны Крыж. Карэспандэнт «Звязды» вывучыў адпаведны вопыт.


Удзель­ні­кі іні­цы­я­тыў­най гру­пы ў Сян­но дэ­ман­стру­юць май­стар-клас па спар­тыў­ных тан­цах.

Самы правільны горад

Горад Горкі Магілёўскай вобласці першым у краіне далучыўся да Еўрапейскай сеткі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Вясной ён атрымаў сертыфікат «Здаровы горад».

— Гэта, безумоўна, нагода для гонару. У нас актывісты бясплатна вучаць скандынаўскай хадзьбе. Ёсць экалагічная сцежка «Прыгажосць Горацкага краю». На імправізаваным пункце здароўя арганізуецца трэнінг для тых, хто хоча пазбавіцца ад шкодных звычак, навучыцца правільна харчавацца. Да паслуг гараджан — спартыўная і дзіцячая пляцоўкі на тэрыторыі коннаспартыўнай школы, — расказвае рэгіянальны каардынатар адпаведнага праекта Чырвонага Крыжа Таццяна Баравікова.

Ніякіх фінансавых бонусаў статус «Здаровы горад» не дае. Але само здароўе даражэйшае за любыя грошы. Асаблівасць Горак у тым, што прыкладна трэць гараджан — студэнты. І іх каля 10 тысяч. Энтузіясты плённа займаюцца з моладдзю.

— Хлопцы, дзяўчаты ведаюць, што не курыць і не злоўжываць спіртным недастаткова. Трэба кантраляваць вагу, ведаць як правільна харчавацца. А калі ўжо ў паход — дык табу на тытунь і спіртное, — дадае кіраўнік групы «Пачнём з сябе» Дзмітрый Фіялка, выкладчык кафедры фізкультуры і спорту Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (знаходзіцца ў Горках).

Старшыня гарвыканкама асабіста падтрымлівае ўсё, што спрыяе здароўю землякоў. І гэта — трэнд у дзейнасці мясцовай улады.

Грошы не патрэбныя

У Сенненскім раёне дзясяткі дарослых, дзякуючы валанцёрам, навучыліся катацца на веласіпедзе. У гарадскім пасёлку Багушэўск (цэнтр сельсавета паміж Віцебскам і Оршай) бясплатна напракат бяруць «колы». Усяго веласіпедаў каля 20. У тым ліку і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Неабходнасць у такой паслузе высветлілася падчас апытання мясцовых жыхароў. Маўляў, купіць экалагічны транспартны сродак пакуль не па кішэні, а ездзіць на ім хочацца. Да інструктара, які вучыць яздзе, літаральна выстройваецца чарга. Па веласіпеды прыходзяць і жыхары суседніх населеных пунктаў.

У Ходцах з медыцынскай амбулаторыі часта накіроўваюць пацыентаў у трэнажорную залу. Там займаюцца і супрацоўнікі сельвыканкама, як і жыхары суседніх вёсак. За аздараўленне і тут плаціць не трэба. Акрамя таго, падчас заняткаў можна паглядзець відэафільм пра гімнастычныя практыкаванні для людзей усіх узростаў.

У райцэнтры Сянно нядаўна прайшлі абласныя «Дажынкі». Сярод іншых аб'ектаў сацыяльнага прызначэння адкрылі і фізкультурна-аздараўленчы комплекс. У хуткім часе да паслуг людзей будзе і бясплатная трэнажорная зала — таксама ў цэнтры горада. Прыхільнікі здаровага ладу жыцця бясплатна прапануюць займацца і ёгай.

— Пасля года заняткаў людзі адзначылі, што адчулі сябе не толькі больш здаровымі — ім стала лягчэй працаваць, прайшлі лёгкія дэпрэсіі, жыццё заззяла новымі гранямі, — расказвае кіраўнік ініцыятыўнай групы «Вясёлка», галоўны ўрач Сенненскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сняжана Мяцеліца.

Сярод «вучняў» у школе здаровага ладу жыцця — людзі розных узростаў, але большасць — пенсіянеры.

Го­рац­кая ра­ён­ная ар­га­ні­за­цыя Чыр­во­ны Крыж пра­во­дзіць трэ­нінг для ва­лан­цё­раў па пра­фі­лак­ты­цы не­ін­фек­цый­ных за­хвор­ван­няў.

«Здаровая Зялёнка»

У аграрным гарадку з прыгожай назвай Зялёнка (Полацкі раён) мясцовай славутасцю стала «пляцоўка здароўя». На вуліцы штодня качаюць прэс і іншыя групы мышцаў, як кажуць, і стары, і малы. Вопытныя фізкультурнікі вучаць пачаткоўцаў займацца больш эфектыўна.

— Не сакрэт, што ў бюджэце сельскіх выканаўчых камітэтаў лішніх грошай няма. І добра, што Чырвоны Крыж зрабіў нам такі цудоўны падарунак. У нас вельмі актыўна працуе валанцёрская група «Здаровая Зялёнка», рэалізуецца міні-праект «Актыўны адпачынак усёй сям'ёй», — расказвае Ала Лапановіч, старшыня Зялёнкаўскага сельвыканкама.

А ў турыстычнай сядзібе ў вёсцы Булаўкі прапануюць паправіць здароўе пчаліным біяполем. Там жа распавядуць пра пчол і мёд, як мовяць, «ад «а» да «я». Такім чынам, атрымаўся ўнікальны кластар для аматараў нетрадыцыйных метадаў лячэння.

Вопыт для іншых рэгіёнаў

Аказваецца, ініцыятыву з глыбінкі наконт уважлівых адносін да ўласнага арганізма могуць падтрымаць і на міжнародным узроўні. Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа сумесна са Швейцарскім Чырвоным Крыжам з 2014 года рэалізуе праект «Уцягванне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця». Партнёрамі сталі Міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскі Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (і іх структуры і ўстановы). Далучыліся таксама іншыя дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі.

— Праект мае на ўвазе актыўны ўдзел супольнасцяў. Ён накіраваны на мабілізацыю людзей, каб папулярызаваць здаровыя адносіны да саміх сябе. І гэта зроблена шляхам стварэння ініцыятыўных валанцёрскіх груп, — тлумачыць PR-спецыяліст праекта Наталля Ганціеўская.

У цяперашні час створаны і актыўна працуюць 14 ініцыятыўных груп: каля 200 чалавек у 12 населеных пунктах у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

— Праз раённыя аддзяленні Чырвонага Крыжа распаўсюджана інфармацыя пра праект. І ўсе, напрыклад, сельскія выканкамы, маглі далучыцца да яго. Практыка паказвае, што ініцыятыва падтрымліваецца. І самае галоўнае, што жыхары глыбінкі ў выніку атрымліваюць магчымасць бясплатна аздараўляцца, — каментуе старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жэланава.

Так на Беларусі становіцца модным адмова ад тытуню і алкаголю, своечасовае і правільнае харчаванне, фізічная актыўнасць. Мы можам самі зрабіць сваё жыццё доўгім і шчаслівым.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Веласіпеды і ёга — бясплатна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».