Вы тут

Бабулі будуць прадаваць вязаныя шкарпэткі праз інтэрнэт


Мінчанка запусціла сайт, які дазволіць вязальшчыцам прадаваць свае вырабы праз інтэрнэт, а не мерзнуць на вуліцы.

Бывае — бяжыш некуды, у галаве процьма спраў, адна важнейшая за другую, а ў пераходзе метро раптам бачыш адзінокую маленькую, крыху згорбленую бабулю. Яна беражліва трымае ў руках пару яркіх вязаных шкарпэтак у чорна-жоўтую палоску. І неяк так здараецца, што ўсе твае турботы і клопаты здаюцца маленькімі і нязначнымі і адыходзяць на другі план, бо на яе месцы магла б быць твая бабуля. «Колькі?» — пытаешся ты. «Колькі дасце», — адказвае яна. І вось ты ўжо крочыш дадому, каб аб'явіць вайну восеньскай хандры разам з гэтымі самымі «пчалінымі» шкарпэткамі.

Пра некаторыя з такіх гісторый час ад часу пішуць у СМІ. Памятаеце дзядулю, які прадаваў шпакоўні ў пераходзе станцыі метро «Плошча Якуба Коласа», альбо бабулю, што стаяла з вязанымі шкарпэткамі і рукавіцамі на Нямізе? Але колькі застаецца тых, пра каго ніхто ніколі не напіша...


Аў­тар пра­ек­та «Шкар­пэт­кі ад ба­бу­лі» — Дзі­я­на Сі­віц­кая.

На стварэнне праекта «Шкарпэткі ад бабулі» Дзіяну Сівіцкую натхніла адна з такіх гісторый: каля ГУМа пажылая жанчына прадавала звязаныя ўручную сурвэткі. Але, як прызнаецца Дзіяна, гэтая ідэя далёка не новая: такія праекты ёсць у многіх краінах свету, у тым ліку ў Расіі і Украіне.

— Упэўнена: стварыць нешта падобнае ў Беларусі хацелі і да мяне. Проста так атрымалася, што агучыла ідэю менавіта я. Усё пачынаецца з таго, што ты не можаш прайсці міма, не разумееш, як гэта наогул магчыма. Спрабуеш нешта прыдумаць, вырашыць. Я пачала шукаць у інтэрнэце і знайшла расійскі сайт. Яны працуюць па вельмі сацыяльнай мадэлі: бабуля вяжа дзве пары шкарпэтак, адна з якіх ідзе ў якасці падарунка ў дом састарэлых, — расказвае дзяўчына.

Цяпер Дзіяна шукае пажылых жанчын, якія б маглі вязаць шкарпэткі на заказ, — менавіта ў гэтым і ёсць асноўная ідэя праекта.

— Шчыра кажучы, я не думала, што гэта будзе так складана — знайсці таленавітых вязальшчыц, якія б адносіліся да гэтага занятку адказна і разумелі, што вязаць для сваіх родных, напрыклад, унукаў — гэта адно, а рабіць рэч пад заказ — зусім іншае. Тут памылак быць не павінна (калі прапусцілі пятлю, трэба будзе ўсё ж такі вярнуцца да яе), і неабходна памятаць, што шкарпэткі вяжуцца менавіта тыя, якія хоча бачыць заказчык. Вельмі важна, каб для самой вязальшчыцы ўсё гэта было ў радасць. Тым, хто мне тэлефанаваў, я давала тэставае заданне. Папрасіла жанчын, якія хацелі далучыцца да праекта, звязаць пару шкарпэтак на свой густ, па сваёй ідэі. Здавалася б, што можа быць прасцей, бо ніякіх абмежаванняў няма? Я прасіла паназіраць за сабой у працэсе вязання: за колькі атрымліваецца звязаць пару шкарпэтак, ці камфортна рабіць гэта для чужога чалавека? Як ні дзіўна, менавіта на гэтым этапе большасць ахвотных сыходзіла.

Дзі­я­на ма­рыць, каб пра­ект быў утуль­ным і «хат­нім».

Зусім нядаўна да праекта далучыліся пяць жанчын, самай малодшай з якіх — 59 гадоў. Адна з іх расказала, што да гэтага спрабавала прадаваць свае вырабы на рынку «Ждановічы». Шкарпэткі хвалілі, казалі, што вельмі прыгожыя, але чамусьці не куплялі.

Па словах Дзіяны Сівіцкай, каб праект захаваў сваё хатняе цяпло, у «Шкарпэтках» павінна быць максімум 10—12 бабуль.

— Задача не ў тым, каб апрануць у вязаныя шкарпэткі ўсю краіну, а каб праект быў невялікім і, менавіта таму, утульным, «хатнім».

Спачатку ў Дзіяны была ідэя прадаваць з дапамогай праекта розныя рэчы, але ў выніку сайт мог ператварыцца ў безасабовы каталог, дзе за вялікай колькасцю вырабаў не відаць людзей — майстрых праекта. Гэтага хацелася пазбегнуць.

— Даволі часта людзі пытаюцца: чаму менавіта шкарпэткі? Бо звязаць можна мноства прыгожых рэчаў, і мне ўжо прапаноўвалі дабавіць у праект рукавіцы і шапкі.

Я выбрала менавіта шкарпэткі, бо яны асацыююцца з клопатам. Гэта ідзе з дзяцінства, калі хтосьці блізкі і родны клапаціўся пра тое, каб твае ножкі былі заўсёды ў цяпле.

Акрамя гэтага, як гаворыць Дзіяна, калі ў праекце раптам будуць не толькі бабулі, а яшчэ і дзядулі, гэта будзе вельмі цікава. Дарэчы, з ёю ўжо звязалася адна жанчына, чый тата пасля выхаду на пенсію пачаў вязаць.

— Ва ўсіх ёсць нейкая асацыяцыя вязання менавіта з бабуляй. Цікава, што б мог звязаць дзядуля? Мабыць, гэта былі б шкарпэткі з танкамі — добры падарунак для кагосьці з мужчын да 23 лютага.

Ужо зараз праект «Шкарпэткі ад бабулі» атрымаў водгук: хтосьці проста хваліць ідэю і радуецца таму, што такое можа быць рэалізавана ў нашай краіне, а хтосьці прапаноўвае ў вязальшчыцы кандыдатуры сваіх бабуль.

— Да нас далучыліся валанцёры, мы запусцілі сайт skarpetkі.by. Плануецца, што ён будзе даступны ў англійскай і польскай версіях. Спадзяюся, што запуск «Шкарпэтак ад бабулі» дасць магчымасць рэалізоўваць і далей вось такія пачынанні — сумленныя і шчырыя. Хочацца даць магчымасць таленавітым людзям, якія знаходзяцца на пенсіі, атрымаць такую вось занятасць. Паказаць ім, што яны патрэбныя. Іх таленты — патрэбныя.

Ганна БАГІНО

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Шкарпэткі ад бабулі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».