Вы тут

Крэатыўныя ідэі для сямейнай фотасесіі


Сфатаграфавацца ўсёй сям'ёй? «Што можа быць прасцей», — скажаце вы. Але гэта толькі на першы погляд. Калі ж даходзіць да справы, высвятляецца, што на большае, чым фота на канапе фантазіі не хапае. «Сямейная газета» гатова падзяліцца з вамі трыма цудоўнымі ідэямі, як цікава і незвычайна сфатаграфавацца з роднымі і блізкімі.


Ідэя №1. Фотка з фоткай

— Ідэя ўзнікла летам 2013 года, — расказвае Юлія Васілюк з Мінска. — Мы з Іванам тады былі жанатыя і ўжо дакладна ведалі, што на гадавіну будзем замаўляць фотасесію ў свайго вясельнага фатографа. Лазілі тады ў інтэрнэце, каб падгледзець ідэі для Love Story і натрапілі на незвычайныя здымкі пары з Амерыкі. У выніку хуценька раздрукавалі сваё вясельнае фота (рамачку з газеты для яго я рабіла сама) і ажыццявілі сваю задуму. Спачатку планавалі, што кожны год будзем фатаграфавацца менавіта 14 ліпеня, але ўжо налета ўсё праваронілі. Я толькі напрыканцы снежня звярнула ўвагу на тое, што фота мы не абнавілі. Таму тэрмінова ўзялі маю сяброўку і пабеглі фатаграфавацца каля ёлачкі ў гандлёвы цэнтр «Сталіца». У выніку фота раздрукавалі і павесілі на сцяну за некалькі гадзін да надыходу Новага года. У 2015-м мы бралі здымак з сабой у падарожжа. Плылі на пароме па маршруце Талін—Хельсінкі—Стакгольм і сфатаграфаваліся на палубе. Здымаў нас выпадковы спадарожнік — цудоўны дзядзечка фін. Сёлета мы хацелі, каб у кадр трапіла што-небудзь сімвалічнае. Таму ўзялі сяброўку і паехалі фатаграфавацца на фоне графіці на вуліцу Кастрычніцкую.

Усе мінулыя здымкі беражліва захоўваем. Спадзяюся, што, калі ў нас будуць унукі, мы зладзім выставу аднаго фотаздымка, дзе развесім усе-ўсе «фоткі з фоткамі».


Ідэя №2. Прывітанне з мінулага

Паглядзіце на гэтыя душэўныя здымкі. Хто ведае, можа, яны натхняць вас прагартаць свой сямейны альбом і надаць другое жыццё пажоўклым картачкам. Для ўвасаблення гэтай ідэі неабходна выбраць некалькі фотаздымкаў, напрыклад, на якіх вы яшчэ зусім дзіця, а вашы бацькі маладыя, і зрабіць свежыя, паўтарыўшы ўсё дакладна, як на старой картачцы: вопратку, асяроддзе, паставы і выраз твараў.


Ідэя №3. Радавое дрэва

Знаёмая расказала, што яны ніяк не маглі сфатаграфавацца вялікай сям'ёй, каб зрабіць падарунак бабулі на юбілей. Таму вырашылі намаляваць на вялікім ватмане дрэва і наклеіць туды фотаздымкі ўсіх членаў сям'і, сфатаграфаваных паасобку. Аформілі ўсё гэта ў прыгожую рамку. Бабуля дагэтуль не нарадуецца такому падарунку.

Сямейнае дрэва можа стаць не толькі незвычайным падарункам, але і цудоўным інтэр'ерным рашэннем. Яго можна намаляваць на сцяне акрылавымі фарбамі або стварыць з астаткаў шпалераў, каляровай паперы. Самы ж просты варыянт: набыць вінілавую налепку ў выглядзе дрэва. Застаецца толькі выбраць месца на ім, дзе будзе вісець кожная фатаграфія блізкіх людзей у рамачцы, і ўбіць туды невялікія цвікі. Вядома, можна зрабіць сам працэс больш творчым, замяніўшы вінілавую налепку дрэва на сухую галінку. Толькі не забудзьцеся апрацаваць яе спецыяльным лакам. Цвікі ў гэтым выпадку можна замяніць на нітачкі, якія трэба прывязаць да фотаздымка.


Падрыхтавала Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота: voyage-voyage, iqinterior.ru

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.