Вы тут

Замуж за... грошы


Знаёмая закахалася. Вочы ажно свецяцца ад шчасця. «Мы з Алесем учора пасля танцаў (яны ходзяць разам на беларускія народныя танцы) прагаварылі тры гадзіны. Ён такі ўважлівы, чулы, разумны... І так мяне разумее...» На наступны дзень сустрэла яе, ужо заклапочаную. «Вырашыла падзяліцца сваім шчасцем з маці, — уздыхае Таня. — Не, каб парадавацца за мяне, дык яна адразу накінулася з пытаннямі: «Кім працуюць яго бацькі? Ці мае кватэру ў Мінску?..»


Іншая прыяцелька, таксама прыгажунька, паслухалася маці і выйшла замуж «за кватэру». Цяпер амаль пры кожнай сустрэчы скардзіцца: «Ледзь якая сварка, муж заўсёды не праміне нагадаць, з якой «галечы» ён мяне выцягнуў. І ўсё, што ў мяне ёсць сёння, — гэта дзякуючы яму». Яна, бачна, пакутуе ў сваёй «залатой клетцы» і рэгулярна ходзіць да псіхолага ратавацца ад дэпрэсіі.

Нядаўна калега напісала пра тое, як разводзілася са сваім першым мужам. «Ён прыйшоў а палове на сёмую раніцы і спытаў: «А вось гэтыя хрустальныя келіхі хто дарыў? З твайго боку ці з майго?» Я аддала яму і гэтыя келіхі, і чайныя лыжкі, і нават нажніцы для разбірання курыцы (іх чамусьці было асабліва шкада аддаваць, але справа прынцыпу), астатняе — халадзільнік з прадуктамі, тэлевізар і кухонны стол — ён панёс сам, калі я залізвала раны, з'ехаўшы да яшчэ халоднага і вельмі Чорнага мора. Менавіта тады я зразумела, што тваё — толькі тое, што ты зарабіла сама. І з таго часу зарабляю. Каб ніколі не апынуцца ў сітуацыі, на якой робяць рэйтынгі шматлікія ток-шоу: яна — жонка мільянера, якая яшчэ ўчора купалася ў раскошы, а сёння ён пакінуў яе без усяго».

Прасцей, сапраўды, прыйсці на ўсё гатовенькае, але, як мне падаецца, лепш (ды і цікавей) дасягаць усяго разам. На момант, калі я выходзіла замуж, мой жаніх быў беспрацоўным. Хадзіў на курсы па складанні бізнес-плана, каб атрымаць субсідыю і адкрыць сваю справу. У гэты нялёгкі перыяд і яго, і мае бацькі перажывалі: маўляў, «звольніўся з працы, за што ж ты будзеш жыць, а раптам не атрымаецца?» Але я, нягледзячы на гэты псіхалагічны ціск, шчыра верыла і падтрымлівала. Нядаўна муж сказаў: «Я так рады, што ты выйшла замуж за мяне, а не за мае грошы». Усведамляць гэта, напэўна, — шчасце для любога мужчыны. Недарэмна ж прынц апранаўся ў бедняка, калі шукаў сваю прынцэсу. І прынцэса, часам, таксама...

...Адзін кароль абвясціў, што мужам прынцэсы стане той, хто будзе яе кахаць усё жыццё. У прызначаны дзень сотні жаніхоў сабраліся ў палацы. Дзяўчына паглядзела на прыбраных юнакоў і задумалася. Потым паклікала свайго мудрага настаўніка і доўга гутарыла з ім. «Я не буду сёння размаўляць з жаніхамі, — абвясціла прынцэса. — Падзяліце іх на групы. Хай першая група прыедзе заўтра ўвечары». Сама ж тым часам пераапранулася ў лахманы і стала з кошыкам кветак пры дарозе. Калі міма праехаў першы жаніх, шляхетны рыцар на кані, «жабрачка» папрасіла: «Купіце букецік». — «Прэч з дарогі, жабрачка», — крыкнуў рыцар і паскакаў. Так зрабілі ўсе юнакі, якія спяшаліся ў гэты дзень у палац. Увечары прынцэса адмовіла ўсім жаніхам. Тое ж паўтарылася і на другі дзень, і на трэці. —«Дачушка, чаму ты ўсіх прагнала?» — устрывожана запыталася каралева. — «Яны не здольныя бачыць прыгажосць, мама».

Прайшоў месяц. Жаніхі апошняй групы сабраліся ў палацы. Не было толькі аднаго з іх ды самой прынцэсы. Яны з'явіліся разам. І прынцэса абвясціла, што знайшла свайго нарачонага. Потым яна распавяла каралеве: «Мой настаўнік сказаў мне: «Каханне таго пражыве да канца жыцця, хто пакахае цябе ў лахманах». Кожны дзень я пераапраналася ў старую вопратку і чакала жаніхоў каля дарогі. Толькі гэты юнак спыніўся і купіў у мяне букет. Ён сказаў, што я прыгожая».

Калісьці даўным-даўно на нашай планеце была выспа, на якой жылі ўсе каштоўнасці. Але аднойчы іх дом пачаў сыходзіць пад ваду. Каштоўнасці селі на свае караблі і сплылі. На выспе засталося толькі Каханне. Яно чакала да апошняга, але, калі знаходзіцца на выспе стала небяспечна, таксама захацела сплысці. Каханне паклікала Багацце і папрасілася да яго на карабель. «На маім караблі шмат золата, для цябе тут няма месца», — пачула ў адказ. Тады Каханне папрасіла аб дапамозе Журбу. «Выбачай, я настолькі сумная, што мне трэба заўсёды заставацца ў адзіноце». Побач праплывала Радасць, але тая была так занятая весялосцю, што нават не пачула просьбу. Калі Каханне зусім страціла надзею, аднекуль ззаду данёсся голас: «Хадзем, Каханне, я вазьму цябе з сабой». Каханне азірнулася і ўбачыла старога. Ён давёз яго да сушы і знік за гарызонтам. Толькі тады Каханне спахапілася: «Я ж забылася спытаць імя свайго выратавальніка!» Тады яно звярнулася да Пазнання: «Скажы, Пазнанне, хто быў гэты стары?» — «Час». — «Але чаму ён выратаваў мяне?» — «Таму што толькі Час ведае, наколькі важнае ў жыцці Каханне...»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».