Вы тут

Эксперты разважаюць пра недапушчальнасць фальсіфікацыі гісторыі


Днямі на пасяджэнні калегій Міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі была дасягнута дамоўленасць па супрацьдзеянні спробам фальсіфікацыі гісторыі і перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны. А на мінулым тыдні наша дзяржава ў якасці старшыні Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы выступіла з сумеснай заявай ад імя дзяржаў — членаў АДКБ пры прыняцці рашэння па рэзалюцыі «Барацьба з гераізацыяй нацызму, неанацызмам і іншымі відамі практыкі, якія спрыяюць эскалацыі сучасных формаў расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці», прадстаўленай у трэцім камітэце 71-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Карэспандэнты «Звязды» пацікавіліся ў экспертаў, чаму так важна змагацца з перапісваннем гісторыі і якім чынам супрацьстаяць яе фальсіфікацыі.


Вольга ПАПКО, дэпутат Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах:

— Апошнім часам мы назіраем вынікі вольнага стаўлення да гісторыі Другой сусветнай вайны. Яшчэ не так шмат часу прайшло пасля яе заканчэння, ёсць магчымасць пагаварыць з жывымі сведкамі, а нацызм знаходзіць сабе новых прыхільнікаў сярод моладзі. Асабліва гэты працэс актыўна назіраецца ў тых краінах, дзе асэнсаванне вынікаў вайны перастала быць часткай сістэмы адукацыі і выхавання. З гэтай нагоды мне ўспамінаецца сустрэча з адным пажылым жыхаром Гамбурга, якая адбылася ў Брэсцкай крэпасці каля дзесяці гадоў таму. Вайну ён перажыў падлеткам. Пад уражаннем ад Брэсцкай крэпасці ён мне прызнаўся: не ведаў, што гэта было так жудасна. Адзначыў, што падобныя музеі павінны існаваць, каб людзі ніколі болей не захацелі ваяваць...

Зразумела, што ў кожнай краіны, нават у кожнага чалавека, будзе свая пазіцыя наконт нейкіх аспектаў Другой сусветнай вайны. Але нельга скажаць факты, кажу гэта вам як гісторык. Супрацьстаяць фальсіфікацыі можна толькі маючы актыўную грамадзянскую пазіцыю. Мне вельмі імпануе той пасыл, які наша краіна абараняе перад светам: мы супраць любой праявы вайны, таму што перажылі адну з самых жудасных войнаў за ўсю гісторыю чалавецтва. Расказваем аб гэтым сваім дзецям, гатовы расказаць пра гэта кожнаму іншаземцу, які прыязджае ў Беларусь. Лічу, што ў гэтым кірунку вельмі актыўна працуюць нашы музеі, асабліва мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Зусім нядаўна ў рамках кінафестывалю «Лістапад» я наведала паказ старога савецкага фільма «Усходні калідор», які быў зняты роўна 50 гадоў таму. Гледзячы на вялікім экране гэтую стужку, поўную трагізму і бессэнсоўных смерцяў ні ў чым не павінных людзей, я думала, як важна звяртацца да тэмы вайны ў любым узросце — каб не забываліся асабістыя трагедыі нашых дзядоў і прадзедаў, якія жылі ў той час.

Лічу, што зварот да тэмы фальсіфікацыі гісторыі вайны вельмі слушны і своечасовы менавіта зараз. Сучасныя сродкі масавай інфармацыі дазваляюць хутка распаўсюджваць розныя пранацысцкія ідэі і вучэнні, таму павінна быць такое самае супрацьдзеянне.
І роля Беларусі ў гэтым працэсе вельмі важная: мы маем цяжкі вопыт за сваімі плячыма і павінны імкнуцца зрабіць усё, каб больш такога не здарылася.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт:

— На жаль, у сучасным нестабільным свеце шматлікія спробы перагляду і скажэння гістарычнага мінулага не спыняюцца. На Захадзе фактычна створана сістэма па прасоўванні перакручанага погляду на падзеі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Існуе нават палітычны заказ на прапаганду такіх поглядаў праз грамадскія арганізацыі і сістэму адукацыі.

Наш святы абавязак перад продкамі і нашчадкамі — актыўна супрацьстаяць фальсіфікацыі айчыннай гісторыі.
І рабіць гэта разам з Расіяй, з якой у нас вялізная агульная гісторыя, несумненна будзе прасцей.

Вучоныя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўжо шмат гадоў вядуць у гэтым напрамку сістэмную работу, у рамках якой мы плённа ўзаемадзейнічаем з Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук, гістарычным факультэтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй «Нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Масквы», расійскім фондам «Гістарычная памяць», прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Але гэта зусім не азначае, што мы можам самазаспакойвацца. Для таго каб сістэма гістарычнай памяці і патрыятычнага выхавання маладога пакалення паспяхова функцыянавала ў рамках усёй Саюзнай дзяржавы, неабходны штодзённая карпатлівая работа і ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, навуковай супольнасці і сістэмы адукацыі. Толькі так мы зможам умацаваць аб'ектыўную гістарычную памяць, выпрацаваць у нашым грамадстве імунітэт да спроб фальсіфікацыі гісторыі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevіch@zvіazda.by

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: За аб'ектыўную гістарычную памяць

Каментары

А між іншым, у суседзяў-расіян замах на гістарычную памяць караецца па законе. Адмаўленне фактаў, усталяваных прысудам Міжнароднага ваеннага трыбунала, ухваленне злачынстваў, распаўсюджванне ілжывых звестак аб Другой сусветнай вайне, а таксама абраза сімвалаў воінскай славы пагражае крымінальнай адказнасцю. Перамога Савецкага Саюза над фашызмам – беспрэцэдэнтная і вялікая падзея. Вынікі Другой сусветнай вайны фактычна прадвызначылі цэнтры сілы ў свеце. Перагледзець іх – азначае аддаць лідарства іншым краінам. Савецкі народ заплаціў вельмі высокую цану, каб сёння расіяне і беларусы, нашчадкі салдат Перамогі, адмовіліся ад сваёй гісторыі. Такога ніколі не будзе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».