Вы тут

Дэшыфратар нясонечных настрояў


Кажуць, што ў эпоху кіберпанку пісаць «ад печы» (то бок у рэчышчы класічных традыцый) — бязглузда. Новых тэм няма ды і, па сутнасці, новых герояў таксама.


Менавіта ў кантэксце кіберпанку і посткіберпанку разглядаюць творчасць Андрэя Дзічэнкі, а сам ён характарызуе свае мастацкія пошукі як увасабленне «рэальнасці, даведзенай да абсурду». Аўтар некалькіх рускамоўных кніг, А. Дзічэнка прадставіў сваю першую кнігу на беларускай мове — зборнік апавяданняў «Сонечны чалавек», светлая назва якога прадказальна не адпавядае надзвычай змрочнаму зместу.

Творчасць Андрэя Дзічэнкі, якога называюць прадстаўніком новага пакалення беларускіх аўтараў, адлюстроўвае поўнае несупадзенне рэальнасці і асабістага ўспрыняцця навакольнай штодзённасці. У «Сонечным чалавеку» чытач сутыкаецца з татальным заняпадам чалавечай духоўнасці, але не на фоне дасягненняў у сферы камп’ютарных тэхналогій, а на фоне сацыяльнай рэальнасці сярэднестатыстычнай правінцыйнай мясцовасці. І ўсё гэта ва ўспрыманні свядомасці, нібыта вывернутай адваротным бокам.

Адразу варта заўважыць, што не кожны чалавек здольны ўспрыняць тэксты, прадстаўленыя ў новай кнізе Андрэя Дзічэнкі. Нават схільнаму да чытацкіх эксперыментаў аматару літаратуры, верагодна, спатрэбіцца нейкі час, каб пераадолець пэўны ўнутраны супраціў. Маю на ўвазе натуралізм у апісаннях фізічных працэсаў і адпаведны набор лексікі. Кроў, вывернутыя вантробы, скурныя захворванні, перарэзаныя і перакусаныя шыі, сексуальныя і псіхічныя адхіленні, трупы немаўлят, суіцыдальная безвыходнасць… Ва ўсім гэтым цяжка (а ў большасці выпадкаў і ўвогуле немагчыма). адшукаць хаця б які сэнс. І нават эпатажную знарочыстую адсутнасць сэнсу як мастацкі прыём таксама адшукаць можна далёка не ва ўсіх творах.

І ўсё ж праблематыка ў апавяданнях А. Дзічэнкі зусім не абстрактная, як можа падацца на першы погляд. Яна акурат мае пад сабой рэальную сацыяльную канкрэтыку. Так, месцам дзеяння называецца горад альбо школа, альбо проста хрушчоўка ў спальным раёне. Але калі гаворка ідзе пра тое, што герой «скончыў 11 класаў, паступіў у педагагічны інстытут вялікага абласнога горада, дзе заводаў і дамоў было больш, а помнікаў Леніну цэлых два», то любы сучаснік можа надаць гэтаму гораду аблічча — у залежнасці ад абставін асабістай біяграфіі. Так жа, як і любы сучаснік немінчанін (альбо мінчук у першым пакаленні) зразумее іронію выразу «з самых глыбіняў айчыны». Чалавеку, хаця б крыху знаёмаму з жыццём сучаснай правінцыі, сюжэты і тэмы многіх апавяданняў А.  Дзічэнкі не пададуцца надуманымі. Пагатоў, па волі прызнання самаго аўтара, найвялікшы ўплыў на фарміраванне яго светапогляду аказала жыццё ў беларускім правінцыйным мястэчку.

Сапраўды, у сваіх лепшых творах Андрэй Дзічэнка выцягвае, так бы мовіць, псіхалагічныя карані многіх сацыяльных праблем сучаснасці. Такіх, як «Капітал», у якім распавядаецца пра сяброўства маладога чалавека, які вярнуўся з войска з відавочна скалечанай псіхікай, і маленькага хлопчыка, які застаўся без бацькоў і выхоўваецца бабуляй-алкагалічкай. Альбо такіх, як «Меліціна», калі дзяўчынка ў выніку перажытай трагедыі (смерць бацькі і брата падчас вайны на тэрыторыі былой Югаславіі) пачынае ўспрымаць рэчаіснасць катэгорыямі брутальнай камп’ютарнай гульні і атрымлівае як вынік паталагічную прагу гвалту над сабой.

Аўтар закранае вялікую колькасць актуальных сацыяльных пытанняў жыцця сучаснай правінцыі, сямейных стасункаў, узаемаадносінаў у моладзевым асяродку, выварочваючы канфлікты і праблемы самым, так бы мовіць, брудным бокам. Магчыма, для таго, каб гэта не быў «крык у пустэчу», для таго, каб быць пачутым хаця б такім чынам, — прыцягненне ўвагі любымі сродкамі, нават калі першай рэакцыяй чытача будзе агіда. А. Дзічэнка піша пра тое, што ў сучасным грамадстве часта няма сям’і, але толькі яе вонкавая абалонка, захаваць якую становіцца больш важнай справай, чым разабрацца ў праблемах.

Пра тое, як калечыць людзей неабходнасць падпарадкавання існуючай сістэме размеркавання роляў у грамадстве, неабходнасць упісвацца ў нейкія загадзя створаныя рамкі і ўяўленні пра тваю асобу, якім ты насамрэч не адпавядаеш. Аўтар апісвае сітуацыю, калі для таго, каб быць свабодным, трэба «з іншага пераўтварыцца ў звычайнага», ці, калі дзяўчына вырашае, «што прыгожыя хлопцы з багатым унутраным светам — гэта занадта танная забаўка», — для ўвасаблення бязмежанага свету стэрэатыпаў, у якім чалавек губляе адчуванне тоеснасці. Іншая справа, што стыль, якім карыстаецца аўтар, наўрад ці дазволіць вялікай колькасці чытачоў дайсці да разумення сутнасці яго твораў. Цешыць, праўда, тое, што Андрэй Дзічэнка прызнае гэта і нават канкрэтна акрэслівае сваю патэнцыйную чытацкую аўдыторыю.

Найлепшымі ў кнізе «Сонечны чалавек» падаюцца апавяданні «Меліціна», «Капітал», «Польская фамілія», «Зідавудзін». Але ў вялікім зборніку гэта толькі некалькі твораў. Іншыя ж перанасычаныя знарочыстай выродлівасцю настолькі, што з’яўляецца адчуванне, нібыта аўтар проста спекулюе гэтай тэмай: пра непамысныя для чалавечага ўяўлення рэчы піша звычайнымі безэмацыйнымі словамі, а ўрэшце за ўспоратымі жыватамі вожыкаў, у якія апускае твар герой апавядання, мастацкую існасць адшукаць немагчыма.

У адным з інтэрв’ю Андрэй Дзічэнка разважаў пра тое, што разуменне сэнсу яго твораў залежыць ад «настройкі» чытацкага дэшыфратара. І гэта сапраўды так. Калі дэшыфратар не наладжаны на ўспрыманне посткіберпанку, то тэкст маладога аўтара папросту застанецца наборам непрыемных слоў і антыэстэтычных матываў. Зрэшты, любы тэкст можа знайсці сваю інтэпрэтацыю. Але не кожны твор можа знайсці свайго чытача!

Жанна КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».