Вы тут

На добры толк


Калі б хто ведаў, колькі прамоў-выступленняў і творчых сустрэч, друкаваных і радыё-інтэрвью, урокаў у школах і майстар-класаў дзе-небудзь на вуліцы ладзіцца з мэтай, якую іначай як прапагандай літаратуры не назавеш. Калі гэта ўсё расповеды пад лозунгам “Чытайце беларускае!”, то слова “прапаганда” мае добры толк. І можна рыхтавацца да новай сустрэчы з нататнічкам у руках.

Пра што можна не гаварыць

Пра тое, што часопіс “Бярозка” існуе ажно з 1924 года. Не таму, што гэта складана ўявіць, а таму, што ў ідэале нельга гэтага не ведаць. Легендарныя выданні кшталту нашых літаратурна-мастацкіх “зубраў” — часопісаў “Нёман” і “Полымя”, “Маладосць” і “Бярозка”, гумарыстычна-сатырычнага “Вожыка”, без якога, увогуле, не існавалі шапікі, — культурны і ў прамым сэнсе залаты фонд нацыі. Так, прынамсі, павінна быць. Немагчыма, ведаючы Быкава і Караткевіча, не ведаць пра часопіс “Маладосць”, які на сваіх старонках першым падаў чытачу “Жураўліны крык”, “Альпіўскую баладу”, “Трэцюю ракету”, дзякуючы якому аўтар “Дзікага палявання…” і “Чорнага замка…” знайшоў сабе жонку… А “Бярозка”, між іншым, адкрыла Беларусі Янку Маўра, заўважыўшы талент пісьменніка ў настаўніку Іване Фёдараве і надрукаваўшы яго аповесць “Чалавек ідзе”. “Бярозка” стала першым часопісам для кожнага вядомага беларускага паэта або празаіка. Гартаючы сённяшнія старонкі адзінага ў нашай краіне цалкам беларускамоўнага выдання для падлеткаў, можна канстатаваць у ім адзіны ў краіне падлеткавы інтэлектуальны глянец, які пры гэтым годна працягвае называцца літаратурным часопісам. Літаратура ў ім розная: ад “мэтраў” для дзяцей і ад дзяцей для “мэтраў” — каб ведалі, у чые рукі пераходзіць… — як бы гэта сказалі самі мэтры? — гмах прыгожага пісьменства!

 

Пра што сказаць абавязкова

Пра тое, што “Бярозка” незвычайная. У якім яшчэ часопісе ёсць рубрыка, якую вядзе прывід? Наш прывід Аркаша, свавольствам якога смела аддадзена 13-я старонка, расказвае чытачам стр-ра-ашныя гісторыі… Дзеці любяць, калі ім ненадоўга робіцца страшна. Пра школку “Я — мастак”, якая на шаснаццаці старонках распавядае цікавосткі пра шэдэўры сусветнага жывапісу, знаёміць з маладымі беларускімі мастакамі, выкладае азы перспектывы і вучыць пакрокава маляваць княза Вітаўта ці, скажам, Барбару Радзівіл. Пра аповесць-канструктар, якую трэба збіраць па старонках за месяцам месяц, а пасля апрануць у вокладку і атрымаць сапраўдную, сваімі рукамі створаную кнігу. Пра пячатку “Надрукавана ў “Бярозцы”, якая ставіцца пасля кожнага артыкула рубрыкі “Школа журналістыкі” і заклікае друкавацца старшакласнікаў, якія збіраюцца паступаць на журфак. Пра рубрыку “Level 80”, якая прапануе агляды для геймераў, і “Нетэкст”, якая “аглядае” кнігі. Пра “Праслушку”, якая друкуе падслуханае ў настаўніцкай, і “Сітуацыю плюс”, у якой на самыя складаныя сітуацыі з жыцця падлеткаў даюць свае парады шкодная вучылка і вопытны псіхолаг, першакласнік з яблычкам і бабуля з пруткамі, дзяўчына-сімпатулька і прасунуты старшакласнік…

І не забыць паўтарыць, што “Бярозка” — “глянец”. У найноўшым разуменні слова і найлепшым адчуванні свету вакол сябе.

                                                                                                                                               Святлана Воцінава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».