Вы тут

Лік небяспечных месцаў на колішніх людскіх паселішчах ідзе на тысячы?


Памятаеце нядаўнюю гісторыю, як паляўнічы, праваліўшыся ў закінуты калодзеж у Камянецкім раёне, праседзеў у ледзяной вадзе ледзь не цэлую ноч? У тыя вялікія лістападаўскія выхадныя надвор'е зусім «не шаптала», але ж паляўнічыя — народ упарты і заўзяты, таму не дзіва, што герой хронікі здарэнняў апынуўся там, дзе апынуўся. Цудам застаўся непакалечаным, паляцеўшы знянацку ўніз на некалькі метраў, цудам не адубеў за дзесяць гадзін...


Гісторыя гэта так і падавалася ў навінах — як гісторыя шанцавання (добра, што быў цёпла адзеты, добра, што з вады тырчэла паляняка, на якую можна было абаперціся, добра, што аб гэту паляняку не ўдарыўся, калі падаў), выратавання (добра, што паведаміў родным, у які бок паедзе, добра, што жонка і дзядзька своечасова паднялі трывогу, добра, што аператыўна спрацавалі адпаведныя службы) і вернасці (калі памятаеце, там яшчэ быў сабака, які спачатку бегаў вакол, а пасля і сам скокнуў у калодзеж). Пра тое, што гэта быў няшчасны выпадак, што ён быў (выбачайце за таўталогію) зусім не выпадковым, у паведамленнях або не гаварылася зусім, або гаварылася вельмі лаканічна. Маўляў, калодзеж той, які небарака не заўважыў у высокай траве, урос у зямлю на месцы колішняга хутара. І такое пакінутае паселішча, як кажуць месцічы, у тым жа Камянецкім раёне не адзінае...

Чаму я раптам гэту гісторыю, якую праз два з лішнім тыдні згадваюць, пэўна, хіба што яе непасрэдныя дзейныя асобы, успомніла? Трапіў нядаўна на вочы нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь». Выданне надзвычай карыснае і патрэбнае, бо на сённяшні дзень гэта бадай што адзіная агульнадаступная і найбольш поўная крыніца назваў нашых паселішчаў. Прычым назвы гэтыя дадзены з націскамі, з правільным напісаннем на абедзвюх дзяржаўных мовах, з транслітарацыяй на лацінцы, з мясцовымі варыянтамі вымаўлення. І што асабліва цікава — у шасці тамах гэтага даведніка пазначаны назвы страчаныя, якія ўжо не існуюць. Карацей, калі маеш такое жаданне, можаш знайсці фактычна поўны спіс вёсак, хутароў і нават фальваркаў, якія колісь былі і якіх ужо няма на гэтай зямлі.

Спісы гэтыя — быццам словы сумнай песні: столькі адметных прыгожых назваў у небыццё сышло! (Нават не спрабую думаць пра тое, у колькіх людзей на гэтай зямлі фізічна, літаральна не стала малой радзімы, бацькаўшчыны — тэма асобная, шчымлівая, балючая...) Але сёння не пра гэта. Тут я проста занялася матэматыкай і страчаныя назвы ў адной толькі Брэсцкай вобласці (не самай большай па плошчы і колькасці адміністрацыйных адзінак) падлічыла. Ведаеце, колькі атрымалася? 835. Прыблізна 135 аднімем: у тым спісе — і назвы, якія трапілі пад хвалю перайменавання: паселішчы ёсць, але завуцца па-іншаму. Няхай сабе зніклых вёсак і хутароў будзе 700. І ў кожным няхай па адным калодзежы. А дадайце яшчэ скляпы, многія з якіх ужо гадоў шэсцьдзясят назад былі дыхтоўнымі зацэментаванымі ямамі, куды трапіць можна было толькі спусціўшыся па лесвіцы...

Вы зразумелі, пра што я? Атрымліваецца, па ўсёй краіне лік небяспечных месцаў на колішніх людскіх паселішчах ідзе на тысячы. (Нават калі гаварыць пра тыя вёсачкі, якія памерлі ціхай натуральнай смерцю, злажыўшы стрэхі апусцелых хат і іншых пабудоў, бы старая бабуля — напрацаваныя рукі.) Зраўняныя з зямлёй, зарослыя высокай травой улетку, замеценыя снегам узімку і апалым лісцем позняй восенню і ранняй вясной, тыя закінутыя студні і скляпы нябачныя, не пазначаныя ні на адной, нават самай падрабязнай схеме або карце. Дрэмлюць у зямлі мо і дзесяцігоддзямі, чакаюць сваіх ахвяр, якіх занясе на месца колішняга хутара вытворчая неабходнасць (у нашых мясцінах у такі закінуты калодзеж гадоў дваццаць назад напалову праваліўся трактар, што араў поле), паляўнічы імпэт, звычайная чалавечая цікаўнасць ці падлеткавая цяга да прыгод. Раней ці пазней якоесь з гэтых месцаў абавязкова дачакаецца. І скончыцца ўсё можа не так шчасліва, як для Дзмітрыя з Камянца. Зноў спішам усё на няшчасны выпадак?

Зразумела, шукаць і засыпаць забытыя студні і сутарэнні ў чыстым полі ці на ўзлеску — справа складаная, патрабуе і грашовых выдаткаў, і прыцягнення людскіх рэсурсаў. Але мне падаецца, што гэта перш за ўсё работа для сельсаветаў і мясцовых школ, якія часам вымушаныя літаральна выдумляць «мерапрыемствы па краязнаўстве». Чаму б не зладзіць экспедыцыю па наваколлі, каб дакладна вызначыць, дзе была калісьці асобная вёска ці хутар. Для школьнікаў — цікавая і карысная прыгода, спісы лёгка знойдуцца ў тым жа сельсавеце, старыя месцічы раскажуць падрабязнасці... А гнаць пасля бульдозер на знойдзенае месца і нават шукаць патэнцыяльную небяспеку зусім неабавязкова. Проста неяк абазначыць яго: у той жа школьнай майстэрні зрабіць прыгожую шыльду, напісаць: «На гэтым месцы калісьці была вёска... (Белае Возера, напрыклад, як у Лунінецкім раёне, ці хутар Межыгор, як у Маларыцкім)». Асобна можна дадаць штосьці накшталт: «Будзьце асцярожныя, тут маглі застацца рэшткі гаспадарчых пабудоў...» І прымацаваць гэту шыльду да дрэва, да вялікага каменя, да адмыслова ўбітага слупка. Глядзіш, выпадковы мінак спыніцца, прачытае, памаўчыць, падумае. Пра тое, што трэба быць асцярожным. Ці пра тое, што трэба як мінімум з павагай ставіцца да месца, дзе калісьці нараджаліся і паміралі, весяліліся і гаравалі, спявалі і працавалі гэткія самыя людзі...

Захаваць чалавечае здароўе, жыццё і Памяць — ці ёсць справа больш высакародная?

Алена ЛЯЎКОВIЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: У спісах пазначаныя...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?