Вы тут

Эканамічныя спецыяльнасці здаюць пазіцыі сярод абітурыентаў?


«Міністэрства адукацыі зацікаўлена ў тым, каб як мага хутчэй былі зацверджаны новыя Правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы — гэта дазволіць пазбегнуць сацыяльнага напружання, звязанага з падрыхтоўкай да ўступнай кампаніі 2017 года», — падкрэсліў у сваім выступленні на калегіі міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.


Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ дадаў, што Міністэрствам адукацыі быў падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб змяненнях і дапаўненнях у Правілы прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі першай ступені. Работа над дакументам вялася на падставе даручэнняў кіраўніка дзяржавы і прапаноў дзяржаўнай камісіі, ён быў разгледжаны Саветамі дырэктараў ССНУ і рэктараў ВНУ, абмеркаваны і ўзгоднены з усімі заснавальнікамі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі. Палажэнні праекта ўказа двойчы атрымалі вуснае адабрэнне кіраўніка дзяржавы на сустрэчах з міністрам адукацыі. Але працэдура яго ўзгаднення і зацвярджэння зацягваецца... Між іншым, патэнцыяльныя абітурыенты ўжо распачалі сваю падрыхтоўку да паступлення. Навучэнцы выпускных профільных педагагічных класаў таксама чакаюць абяцаных ім прывілеяў. Таму адкладваць далей вырашэнне гэтага пытання немагчыма.

Удасканаленне ЦТ

Вадзім Богуш спыніўся на самых важных момантах прыёмнай кампаніі 2016 года і зробленых з яе высновах.

З 1 чэрвеня па 19 жніўня ў Міністэрстве адукацыі працавала «гарачая лінія» для абітурыентаў, на якую паступіла каля 1200 званкоў. Найбольш часта грамадзян цікавілі пытанні атрымання адукацыі ў завочнай форме непрацуючымі асобамі, умовы атрымання другой вышэйшай адукацыі, працэдура падачы дакументаў у прыёмныя камісіі даверанымі асобамі абітурыентаў і некаторыя іншыя.

— Лічу, што прыёмным камісіям устаноў адукацыі трэба больш якасна праводзіць сярод абітурыентаў і іх бацькоў тлумачальную работу аб правілах прыёму, максімальна дакладна і поўна даваць адказы на ўсе пытанні, — лічыць Вадзім Богуш. — Акрамя таго, звяртаем увагу кіраўнікоў устаноў адукацыі на актуальнасць пастаяннай работы з членамі прыёмных камісій у плане іх інфармавання і навучання — як па пытаннях валодання нарматыўнай базай, так і па пытаннях камунікатыўнай этыкі.

У цэнтралізаваным тэсціраванні ўдзельнічалі сёлета больш як 98 тысяч абітурыентаў. Па 15 вучэбных прадметах было здадзена каля 260 тысяч тэстаў. Абсалютны вынік (100 балаў) удзельнікі тэсціравання паказалі ў 330 выпадках. Пятнаццаць абітурыентаў атрымалі 100 балаў па двух вучэбных прадметах (у 2015 годзе — адзінаццаць). І тры абітурыенты прадэманстравалі максімальны вынік па трох вучэбных прадметах (у 2015 годзе такіх бліскучых вынікаў не было).

Цэнтралізаванае тэсціраванне, як лічыць Вадзім Богуш, зарэкамендавала сябе як аб'ектыўны інструмент правядзення ўступных выпрабаванняў, але і ён падвяргаецца штогадоваму ўдасканаленню. Спецыялістамі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў была павялічана ўдзельная вага задач практыка-арыентаванай накіраванасці, мадэрнізавана канструкцыя заданняў.

У цяперашні час Міністэрствам адукацыі разглядаюцца розныя варыянты ўдасканалення як зместу тэстаў, так і метадычных падыходаў да іх фарміравання і апрацоўкі, у тым ліку з выкарыстаннем перадавога міжнароднага вопыту. «Адназначна такі аналіз будзе праводзіцца з прыцягненнем вучоных-экспертаў, — паабяцаў Вадзім Богуш. — Гэту работу плануецца завяршыць да 2021 года».

На наступны год дзеючая методыка разліку тэставага бала ўдзельнікаў ЦТ захаваецца, як захаваюцца і падыходы да вызначэння «парогавых» балаў па прадметах уступных выпрабаванняў у дадатковы набор.

Пакуты выбару

Як жа размяркоўваліся ў гэтым годзе патокі выпускнікоў? Базавую школу скончылі 89,9 тысячы чалавек, што практычна адпавядае выпуску 2015 года (89,7 тыс. чалавек). Па прагнозах, у 2017 годзе выпуск дзевяцікласнікаў паменшыцца больш чым на 3 тысячы чалавек, або на 3,4 працэнта. 18,7 працэнта выпускнікоў базавай школы абралі месцам далейшага навучання ўстановы прафтэхадукацыі. 14,3 працэнта дзевяцікласнікаў паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Астатнія ж навучэнцы (65 працэнтаў) працягнулі навучанне на старшай ступені школы.

11 класаў скончылі 56,1 тысячы чалавек (у 2015 годзе — 55,9 тысячы чалавек). Выпуск адзінаццацікласнікаў у 2017 годзе складзе, па прагнозах, 57,5 тысячы чалавек, што на 2,3 працэнта больш, чым у 2016 годзе.

16 працэнтаў адзінаццацікласнікаў залічана на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 20 працэнтаў — на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 56,3 працэнта — на ўзровень вышэйшай адукацыі.

Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі ў абітурыентаў, якія паступалі на дзённую бюджэтную форму ў ВНУ, сталі «Міжнародныя адносіны» (прахадны бал склаў 382), «Міжнароднае права» (382), «Сучасныя замежныя мовы (пераклад): кітайская і другая замежная мова» (377), «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (374), «Судовая экспертыза» (372), «Стаматалогія» (368 балаў). А найменш зацікавілі моладзь «Заатэхнія» (прахадны бал 85), «Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці» (116), «Тэхналогія машынабудавання» (118), «Тэхналагічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў» (119) і «Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка» (125 балаў).

— Варта адзначыць, што высокія прахадныя балы часта звязаныя з мінімальнай колькасцю выдзеленых бюджэтных месцаў па спецыяльнасці, што пацвярджае нізкі заказ на згаданыя кадры. Але масавае імкненне за «брэндавымі» назвамі спецыяльнасцяў перашкаджае абітурыенту старанна вывучыць асаблівасці будучай прафесіі, убачыць вузкую скіраванасць кваліфікацыі, разгледзець аналагічныя напрамкі падрыхтоўкі, якія маюць больш шырокі спектр прафесійных кампетэнцый, — адзначае Вадзім Богуш. — Часам самі ўстановы адукацыі спрабуюць адкрыць падрыхтоўку па спецыяльнасцях з прывабнымі назвамі замест таго, каб павысіць якасць прафарыентацыйнай і тлумачальнай работы, актывізаваць дзейнасць па ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў.

Запасны шанц

На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў ВНУ было прынята 2193 чалавекі, што складае 87,6 працэнта ад плана. Цалкам выканалі паказчыкі прыёму на мэтавыя месцы ВНУ міністэрстваў аховы здароўя, культуры і МНС.

Вадзім Богуш канстатуе, што праблема прыцягнення абітурыентаў на мэтавыя месцы па-ранейшаму застаецца вострай:

— Перавагі мэтавай падрыхтоўкі відавочныя (студэнтам-мэтавікам гарантуецца праходжанне практыкі, арганізацыя вытворчага навучання, працаўладкаванне, замацаванне на першым працоўным месцы), але абітурыенты не імкнуцца да заключэння дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы, а арганізацыі-заказчыкі кадраў не прадугледжваюць для іх дадатковыя прэферэнцыі. Заключэнне дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы ажыццяўляецца штогод, як правіла, да 1 мая. Патрабаванняў да ўзроўню ведаў абітурыента ні Правіламі прыёму, ні дагаворамі не прадугледжана. У гэты час яшчэ немагчыма вызначыць — «слабы» ці добра падрыхтаваны абітурыент будзе ўдзельнічаць у конкурсе на мэтавае месца.

Вопыт сведчыць, што частка абітурыентаў, якія заключылі дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, не прыходзяць потым у прыёмныя камісіі. Прадбачачы такую сітуацыю, арганізацыі-заказчыкі кадраў павінны заключаць дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы на адно і тое ж мэтавае месца з некалькімі абітурыентамі, ствараючы перадумовы для конкурсу і разлічваючы на паступленне больш падрыхтаванага абітурыента.

Вадзім Богуш звярнуў увагу, што па выніках уступнай кампаніі 2016 года дзяржаўная камісія прапанавала ўвесці норму, згодна з якой пры конкурсе адзін чалавек на мэтавае месца — гэтыя месцы перадаюцца на агульны конкурс. Прапанова будзе ў найбліжэйшы час вынесена для абмеркавання з усімі зацікаўленымі.

У чаканні чацвёртага тэста

На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі сёлета засталіся незапоўненымі 670 месцаў, сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 145 і вышэйшай адукацыі — 18. Ужо традыцыйна (не першы год) застаюцца незапоўненымі месцы на спецыяльнасцях лёгкай прамысловасці. Прычым па ўсіх узроўнях адукацыі...

— Відавочна, што намаганняў адных толькі ўстаноў адукацыі і заснавальнікаў у гэтым кірунку недастаткова. Трэба радыкальна памяняць ролю працадаўцаў, галіновых органаў кіравання, аб'яднанняў наймальнікаў у гэтым пытанні, — упэўнены Вадзім Богуш. — Недаборы могуць быць выключаны пры ўзважаным падыходзе да фарміравання кантрольных лічбаў прыёму, высокаэфектыўнай прафарыентацыйнай рабоце і пастаянным кантролі з боку кіраўніцтва ўстановы адукацыі за арганізацыяй уступнай кампаніі. У пэўнай ступені рызыка ўзнікнення недабору ў ВНУ будзе зніжана за кошт чацвёртага тэста (такая магчымасць прадугледжваецца ў праекце новай рэдакцыі Правілаў) — гэта дасць магчымасць абітурыентам павысіць варыятыўнасць выбару пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці.

Што тычыцца вакантных месцаў на платнай аснове, то тут сітуацыя ў значнай ступені залежыць ад сацыяльнага запыту на тую ці іншую спецыяльнасць, які вельмі цяжка спрагназаваць. Так, у 2016 годзе вакантныя платныя месцы засталіся на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі на спецыяльнасцях «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль», «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці», «Камерцыйная дзейнасць», «Страхавая справа», «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», якія яшчэ пару гадоў таму былі папулярныя сярод абітурыентаў.

А на ўзроўні вышэйшай адукацыі зніжэнне прахадных балаў па эканамічных і будаўнічых спецыяльнасцях прасочваецца ўжо і на бюджэце. Так, у 2016 годзе прахадны бал па спецыяльнасці «Эканоміка» ў БДЭУ быў 261, а ў 2015 годзе — 341. Па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» ў БНТУ прахадны бал быў сёлета 194, а ў 2015 годзе — 261.

Усяго на ўзровень вышэйшай адукацыі на платнай аснове ў дзяржаўныя і прыватныя ўстановы адукацыі было прынята 29,1 тысячы чалавек. Незапоўненымі ў дзяржаўных ВНУ на платнай аснове засталіся 444 месцы на дзённай форме навучання, 992 месцы — на завочнай форме і 26 месцаў — на вячэрняй.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: У пагоні за «брэндамі»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.