Вы тут

Цяжкадаступныя пахаванні Першай сусветнай пад Паставамі


Стагоддзе таму на беларускай зямлі разгарнулася адна з самых кровапралітных бітваў Першай сусветнай вайны. За 12 дзён Нарачанскай аперацыі загінула і было паранена 78 тысяч афіцэраў і ніжніх чыноў Рускай імператарскай арміі. Прычым большасць — каля 50 тысяч воінаў — палегла ўсяго за чатыры дні. Было гэта пад Паставамі ў халодныя сакавіцкія дні...


Нямецкія гісторыкі і дагэтуль хаваюць дакладную колькасць сваіх землякоў, забітых і параненых пад Нараччу. Тое, што іх было не проста шмат, сведчаць вайсковыя пахаванні (прычым абодвух ваюючых бакоў), якімі ўсыпана пастаўская зямля.

Каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў каля Нарачы вясной 1916-га, мясцовыя жыхары, святары і краязнаўцы з іншых рэгіёнаў Беларусі сёлета зноў выправіліся ў дарогу. Каля пахаванняў, многія з якіх знаходзяцца ў былой франтавой зоне, гадоў 80, а можа, і больш, не было столькі людзей. Магчыма, і не будзе — тут, на месцы самага пекла Нарачанскай аперацыі, праходзіць мяжа з Літвой. Некаторыя магілы размяшчаюцца якраз на лініі, што падзяляе тэрыторыю на дзве самастойныя сёння дзяржавы.

Пункт № 1. Перавознікі

Паклонны крыж на брацкай магіле салдат Рускай арміі на сельскіх могілках у Перавозніках з'явіўся нядаўна.

На сельскіх могілках у вёсцы Перавознікі адно пахаванне прыкметна адрозніваецца ад іншых. Замест мармуровых або бетонных надмагілляў — вялікі крыж, пад якім вечным сном спіць некалькі дзясяткаў чалавек. Старажылы, пакуль маглі, даглядалі пахаванне. Потым яго напаткала забыццё. І калі б не дырэктар Юнькаўскага ясляў-сада — базавай школы Аляксандр Кузняцоў, так і не даведаліся б новыя пакаленні аб тым, што тут спачываюць салдаты Рускай арміі.

— Да мяне звярнуўся мясцовы жыхар, які расказаў, што на сельскіх могілках у вёсцы Перавознікі пахаваны салдаты Першай сусветнай вайны, — прыгадвае Аляксандр Кузняцоў. — Была тут і магіла афіцэраў, але, на жаль, не захавалася.

Падчас Нарачанскай аперацыі ў вёсцы знаходзіўся штаб 2-й Сібірскай стралковай дывізіі, якая ў першыя дні баёў панесла вельмі вялікія страты: толькі за адны суткі загінула і было паранена 55 афіцэраў і 5200 стралкоў. Кіруючыся гэтымі фактамі і лічбамі, Аляксандр Кузняцоў зрабіў выснову, што тут пахаваны менавіта воіны гэтай дывізіі.

— Мясцовым жыхарам запомнілася, што калі ў вёску прывезлі загінулых стралкоў, яны мелі вельмі жудасны выгляд, — працягвае дырэктар школы. — Меркавалі, што тыя палеглі падчас газавай атакі. Але вядома, што ў перыяд Нарачанскай аперацыі шмат воінаў засталося каля нямецкіх пазіцый. Таму калі атрымалася забраць целы загінулых, выгляд якіх па аб'ектыўных прычынах быў жудасным, іх пахаванне адбылося там, дзе размяшчаліся органы кіравання гэтай дывізіі. Верагодна, у вёсцы знаходзіўся шпіталь, і на сельскіх могілках хавалі тых, хто памёр ад ран.

Пункт № 2. Драбышы — Малая Олься

Пахаванні нямецкіх вайскоўцаў на сельскіх могілках паміж вёскамі Драбышы і Малой Ольсяй.

Так выглядаюць могілкі ў фотаальбоме нямецкага 17-га пяхотнага палка "Граф Барфус".

Калі едзеш з вёскі Драбышы ў Малую Ольсю, цяжка не заўважыць сельскія могілкі, якія размясціліся якраз каля дарогі. І, напэўна, былі б яны звычайнымі, калі б сярод грамадзянскіх пахаванняў не ўзвышаліся арыгінальныя помнікі Першай сусветнай вайны і бетонныя крыжы — надпісы на іх сведчаць, што тут спачываюць нямецкія салдаты. Мяркуецца, што хавалі на могілках і воінаў Рускай арміі.

Бетонныя крыжы на нямецкіх магілах усталёўваліся ў канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў на грошы міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Дзякуючы гэтаму захаваліся многія імёны. На надмагіллях таксама ўказаны нумары нямецкіх вайсковых часцей, даты смерці воінаў, якіх хавалі тут з восені 1915 па 1917 год.

— Існуе такое выказванне: калі не шануеш мінулае, будучыня выстраліць у цябе з гарматы, — гаворыць заснавальнік дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» Барыс Цітовіч. — Яно поўнасцю адносіцца да Першай сусветнай вайны, паколькі яе героі былі апляванымі, а сама вайна ўвогуле стала напаўзабытай. Калі б памяць аб ёй жыла і былі зроблены адпаведныя высновы, Другая сусветная вайна магла б не адбыцца, а можа, прайшла б у іншым фармаце.

Пункт № 3. Норкавічы

Яшчэ нядаўна да могілак нямецкага 52-га рэзервовага пяхотнага палка, якія знаходзяцца ў Норкавічах, дабрацца было амаль немагчыма...

Здымак з фотаальбома салдата нямецкага 52-га рэзервовага пяхотнага палка.

Яшчэ нядаўна да могілак нямецкага 52-га рэзервовага пяхотнага палка, якія знаходзяцца на пагорку вёскі Норкавічы, дабрацца было праблематычна. Адасобленыя ад мясцовых жыхароў, яны паціху зарасталі бур'яном і дрэвамі, у выніку чаго ператварыліся ў гушчар. Каб адшукаць хоць якія сведчанні Вялікай вайны, мясцовым энтузіястам, членам валанцёрскага руху «Заходні рубеж» давялося папрацаваць тут не адзін дзень.

— Два разы абышоўшы аб'ект, мы ледзь трапілі ў зараснікі, — расказвае лідар валанцёрскага руху Андрэй Мацур. — Ачысціўшы тэрыторыю, акрамя цэнтральнага помніка, знайшлі некалькі плоскіх пліт, але разабраць, што на іх напісана, немагчыма. Верагодна, на гэтым месцы пахаваны і рускія салдаты.

Знойдзены помнік, а менавіта вялікі камень, паведамляе, што тут спачываюць 4 афіцэры і 44 салдаты Брандэнбургскага 52-га рэзервовага пяхотнага палка, якія загінулі ў сакавіку 1916 года. На фотаздымку з калекцыі вядомага фатографа і журналіста, аўтара кнігі «Бітва каля Нарачы» Уладзіміра Багданава бачна, як выглядалі могілкі ў 1916—1917 гадах.  «Магчыма, пахаванне воінаў тут ажыццяўлялася і пазней, бо на фотаздымку відаць, што тут спачывае больш чым 50 чалавек», — перакананы Уладзімір Багданаў.

Пункт № 4. Ярэва

Пахаванне нямецкіх салдат у вёсцы Ярэва знаходзіцца літаральна каля хаты мясцовай жыхаркі.

Першапачаткова надмагільныя крыжы былі драўлянымі.

У адрозненне ад папярэдніх могілак пахаванне нямецкіх салдат, якое знаходзіцца літаральна каля хаты мясцовай жыхаркі ў вёсцы Ярэва, заўжды дагледжанае. Быццам грыбамі пасля дажджу, зямля ўсыпана надмагільнымі крыжамі. На ўсіх, а іх каля 30, — надпісы на нямецкай мове. Старажылы ўспамінаюць, што калісьці тут стаяў і помнік. Але што з ім адбылося, ніхто не ведае. Тое, што ён сапраўды быў, сведчыць і нямецкі фотаздымак 1917 года з калекцыі Уладзіміра Багданава. На помніку салдатам і унтэр-афіцэрам 2-й роты 17-га пяхотнага палка змяшчаецца спіс тых, хто загінуў у сакавіку 1916 года пад Паставамі. Адно з пералічаных прозвішчаў калекцыянер адшукаў на надмагільным крыжы.

— У палкавой гісторыі 17-га пяхотнага палка «Граф Барфус» гаворыцца, што амаль усе, хто ўказаны ў спісе на помніку, загінулі ў баях 19—21 сакавіка каля вёскі Мажэйкі, — удакладняе Уладзімір Багданаў.

Ад могілак нямецкіх салдат 17-га пяхотнага палка "Граф Барфус"нічога не засталося. Памятны крыж з'явіўся тут не так даўно.

Так выглядалі могілкі ў арыгінале.

У Ярэве ёсць яшчэ адзін напамін аб падзеях стогадовай даўнасці. Амаль у цэнтры вёскі стаіць памятны крыж, які нагадвае аб тым, што на гэтым месцы знаходзіліся вялікія могілкі нямецкіх салдат 17-га пяхотнага палка «Граф Барфус». Мяркуючы па арыгінальных фотаздымках, узніклі яны восенню 1915 года. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, яшчэ пасля Другой сусветнай вайны тут стаялі бетонныя крыжы. У 1970-х гадах могілкі былі зруйнаваны, на гэтым месцы пабудавалі мехдвор.

Пункт № 5. Свілэлі

З 43 знойдзеных валанцёрамі надмагільных крыжоў у Свілэлях 5 ушаноўваюць памяць воінаў Рускай арміі.

На пад'ездзе да вёскі Свілэлі толькі няўважлівы не ўбачыць прыгожы бярозавы гай. Але не відаць з дарогі салдацкіх пахаванняў, абазначаных бетоннымі крыжамі. Ад некаторых з іх засталіся толькі фрагменты. На большасці надмагілляў — нямецкія прозвішчы. Але спачываюць тут і расійскія воіны. З 43 знойдзеных крыжоў (па падліках экспертаў тут пахавана каля 100 вайскоўцаў) 5 ушаноўваюць памяць байцоў Рускай арміі. Хто канкрэтна ляжыць у гэтых магілах, невядома.

— З 38 нямецкіх крыжоў толькі 15 імянных, — гаворыць Уладзімір Багданаў. — Для нямецкай арміі гэта нонсэнс. Іншага такога месца я не ведаю. Гэта гаворыць пра тое, што целы былі настолькі знявечаны, што нельга было ўстанавіць імёны. Магчыма, тут пахаваны тыя, каго знайшлі пазней, — калі растаяў снег і расчысцілі засыпаныя зямлёй траншэі.

Пункт № 6. Мікулішкі

Поле каля ўжо неіснуючай вёскі Мікулішкі ў лістападзе 2016 года.

Сакавік 1916 года.

Вёскі ўжо даўно не існуе. Няма і могілак, якія размяшчаліся побач з Мікулішкамі. Пра тое, што тут пахаваны салдаты Першай сусветнай вайны, нагадвае некалькі бетонных крыжоў, а таксама слупкоў — верагодна, ад былой агароджы. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, гэта толькі невялікая частка надмагілляў. У другой палове мінулага стагоддзя тэрыторыя могілак у ходзе сельскагаспадарчых работ паступова скарачалася. Пахаванні былі зраўнаваны з зямлёй, крыжы раскіданы па полі. Цяпер тут — невялікі неўзараны ўчастак, за сто метраў ад якога праходзіць мяжа з Літвой.

— Гэтае поле з'яўляецца эпіцэнтрам самых жорсткіх баёў, — расказвае Уладзімір Багданаў. — Поле, якое без перабольшання залітае крывёю. Адсюль мы бачым лес, так званы лес Гіндэнбурга, дзе было спынена рускае наступленне, аплачанае тысячамі жыццяў.

Вось як немцы апісваюць наступленне рускіх войск у адной з палкавых гісторый: «Насупраць нас стаялі рускія ў злучаных паміж сабой лясах. Закончыўшы падрыхтоўку, яны выступалі густымі масамі. Настолькі густымі, што артылерыя і кулямёты не паспявалі знішчаць атакуючых з-за невялікай дыстанцыі атакі. Напіралі ўсё новыя і новыя масы, у якіх наша артылерыя 42-й дывізіі сваім пагібельным агнём вырывала шырокія прабоіны. Трупы ляжалі, нібы горы. Па іх крочылі новыя атакуючыя, самі ахопленыя жахам. Рэдка дзе горы трупаў былі такія высокія, як тут». Аддавалі немцы належнае і мужнасці праціўніка: «Адважныя рускія камандзіры, якія не жадалі выпускаць перамогу, па адным і групамі спрабавалі скачкамі пераадолець ураган нямецкага загараджальнага агню. Але гэта былі скачкі насустрач смерці...»

Пункт № 7. Вілейты

У "лесе Гіндэнбурга", што каля Вілейтаў, пахаваны як мінімум 80 нямецкіх салдат з аднаго палка, якія загінулі ў адзін дзень.

Нямецкія салдаты каля магілы аднапалчаніна ў "лесе Гіндэнбурга", 1916 г.

У тым жа самым лесе Гіндэнбурга, што непадалёк ад вёскі Вілейты, знаходзяцца могілкі нямецкага 232-га рэзервовага пяхотнага палка. Аб напружанасці баёў, якія адбыліся тут ранняй вясной 1916 года, сведчыць той факт, што размяшчаюцца яны непасрэдна на баявых пазіцыях, якраз каля нямецкіх акопаў.

Большасць салдат, пахаваных тут, загінула ў адзін дзень — 21 сакавіка. Менавіта тады абодва бакі панеслі самыя вялікія страты. На могілках — каля 80 бетонных пліт, якія ўвекавечваюць імёны салдат 232-га нямецкага палка. 38 расійскіх вайскоўцаў, пахаваныя немцамі ў брацкай магіле, як і ў большасці выпадкаў, безыменныя.

— Аб гэтых могілках да мінулага года не ведаў ніхто, — узнаўляе гісторыю пошуку Уладзімір Багданаў. — Нават мясцовы жыхар, даволі сталы чалавек, сказаў, што чуе пра іх упершыню.

Плоскія надмагіллі проста засыпала лісцем, яны аказаліся пад пластом глебы. І каб не дрэва, якое ўпала і каранямі падняло адну з пліт, эксперт па пахаваннях Першай сусветнай вайны наўрад ці даведаўся б нешта новае аб гэтым месцы. Паколькі даводзілася бачыць падобныя пахаванні шмат разоў, Уладзімір Багданаў пачаў уважліва праглядаць мясцовасць: не можа адна стандартная пліта быць сярод лесу. Па колькасці захаваных пліт гэта самыя вялікія могілкі салдат Першай сусветнай вайны ў Пастаўскім раёне і адны з найбуйнейшых у Беларусі.

* * *

Насамрэч, гэта толькі частка пахаванняў, якія на тэрыторыі нашай краіны ў напамін аб сабе пакінула Вялікая вайна. Толькі ў Пастаўскім раёне пакуль выяўлена 40 могілак Першай сусветнай, а па ўсёй Беларусі іх больш за трыста. Пра існаванне гэтых маўклівых сведчанняў мінулых падзей сёння мала хто ведае. Да многіх з іх прырода праклала жывую загарадзь. Але асноўную агароджу сваім забыццём і абыякавасцю паставілі людзі.

На думку намесніка старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрыя Кісялёва, актуальны сёння ваенна-гістарычны турызм мог бы стаць часткай турыстычнай дзейнасці ў пастаўскім рэгіёне. «Нам неабходна захаваць гістарычную памяць аб трагізме той вайны і гаварыць аб гэтым дзеля таго, каб сучаснае пакаленне разумела ўвесь жах мінулых падзей, памятала аб іх і ўсімі сіламі, сродкамі імкнулася не дапусціць развязвання чарговага ваеннага сутыкнення», — лічыць ён.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Пастаўскі раён

Фота Андрэя МАЦУРА і з калекцыі Уладзіміра БАГДАНАВА

Загаловак у газеце: Нямыя сведкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.